Мастакі шукалі Атлантыду ў Параф’янаве Докшыцкага раёна (ФОТА)
Дзявяты мастацкі пленэр “У пошуках Атлантыды” прайшоў з 16 па 23 чэрвеня ў Параф’янаве Докшыцкага раёна.
Каля двух дзясяткаў мастакоў з Полацка, Віцебска, Мінска, Гомеля малявалі тутэйшыя краявіды, помнікі культуры, знаёміліся з гісторыяй гэтага кутка Беларусі, паведамляе westki.info.
Пленэры “У пошуках Атлантыды” з 2005-га штогод праходзяць у гістарычных мястэчках Паазер’я. Мастакі знаёмяцца з культурнымі каштоўнасцямі рэгіёна, асэнсоўваюць і перадаюць іх у сваіх творах. Раней пленэры адбываліся ў Дзісне, Лявонпалі (Міёрскі раён), Друі, Опсе (Браслаўскі раён), Асвеі (Верхнядзвінскі раён), Смалянах (Аршанскі раён).
Касцёл Імя Марыі ў Параф'янаве быў адлюстраваны на большасці карцін
Арганізоўваюць пленэры Кацярына Мяснікова і Лера Сом з Полацку.
Параф’янаўскі пробашч ксёндз Раман Мурзіч прыняў мастакоў у парафіяльным доме. Вялікая зала гэтага дома служыла майстэрняй, на другім паверсе жылі мастакі, а абедалі яны ў сталоўцы Заборцаўскай школы.
Ганна Сілівончык працуе ў мастакоўскай майстэрні, пад якую ў часе пленэру выкарыстоўвалася зала парафіяльнага дома
Мастачка Вольга Наскова за працай на падворку парафіяльнага дома
“Уражанні вельмі прыемныя. Людзі сардэчныя, лёгка ідуць на размову. Краявіды: палі з жывёлай, прыгожыя мясціны, велічны касцёл. Можна назіраць, глядзець, захапляцца. Прыехаць у мясціны, дзе не быў, паглядзець, памаляваць – гэта цудоўна”, - кажа мастачка Інга Карашкевіч.
Інга Карашкевіч за працай
“Вёска жывая. Мы нагледзеліся шмат пустых вёсак, а тут ёсць адчуванне, што жыццё доўжыцца. Я люблю маленькія мястэчкі. Заходзіш у краму – з табой вітаюцца, па вуліцы ідзеш – людзі вітаюцца. Сядзіш ля плоту бабулі, малюеш – выйдзе, паглядзіць, і морсіку прапануе, і ягад. Гэта прыемна”, - дзеліцца ўражаннямі Кацярына Мяснікова.
Была ў творах і эратычная тэматыка
23 чэрвеня, у нядзелю, мастакі зладзілі выніковую выставу. Дзясяткі працаў, напісаных у час пленэру, былі размешчаны ўздоўж агароджы параф’янаўскага касцёла, развешаныя на касцёльнай браме. Найбольш карцін прадстаўляюць мясцовыя краявіды: касцёл, стары свіран, вясковыя будынкі, сітцаўскую браму. І шмат-шмат кветак: нацюрморты з палявых красак, стракатыя колеры лугоў, півоні ў панадворках вяскоўцаў.
Мясцовыя краявіды былі тэмай большасці твораў
У Ганны Сілівончык - вельмі адметны стыль
Карціны прыцягвалі ўвагу вернікаў, якія ішлі на набажэнства ці вярталіся з яго. Хтосьці хуценька слізгаў позіркам па карцінах, а найбольш цікаўныя ўважліва разглядалі працы, размаўлялі з мастакамі, дзякавалі ім за працу.
Мастакі і іх творы
Паводле westki.info