Дзяўчына з Докшыччыны робіць заколкі і абручы па прыкладу японскага канзашы (ФОТА)
Каця Курцэвіч амаль год захапляецца новым, цікавым і прыгожым відам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – канзашы.
Аб гэтым пішуць “Родныя вытокі”.
Каця Курцэвіч
– Гэта вырабы з атласных стужак, – раскрывае незнаёмую назву Каця. – З’явіўся гэты від мастацтва ў Японіі. Ён нечым падобны на арыгамі – у канзашы з кавалачкаў атласных стужак складаюцца кветкі, якімі ўпрыгожваюць жаночыя прычоскі. Аж да сярэдзіны 20-га стагоддзя канзашы былі не проста модным аксесуарам, а паказчыкам сацыяльнага статусу японкі, па якім можна было меркаваць пра яе прыналежнасць да пэўнага пласту грамадства, пра замужжа і нават колькасць дзяцей. Цікава яшчэ тое, што для кожнага сезона вырабляліся свае кветкі патрэбнага колеру.
Заколкі і абручы для валасоў, якіх Каця перарабіла за гэты час вельмі шмат, здзіўляюць не толькі прыгажосцю, але і майстэрствам выканання. Кожны пялёстак і лісцік атрымліваюцца як жывыя.
Любімыя кветкі ў дзяўчыны – ружы, але штучны сад, зроблены яе рукамі, змяшчае ў сабе розныя кветкі.
Родныя, звярнуўшы ўвагу на вырабы Каці, пачалі заказваць для сябе фларыстычныя ўпрыгожанні. Праз некаторы час з кветкамі ў валасах пачалі хадзіць сяброўкі, суседзі, знаёмыя.
Дзяўчына паказала сваё майстэрства на выставе ў Цэнтры дзяцей і моладзі, пасля чаго многія гараджане зацікавіліся новым відам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Нарадзілася Каця ў Докшыцах, але бацькі набылі дом у Крыкунах. Там, у царстве прыроды, чэрпае натхненне таленавітая дзяўчына.
Паводле “Родных вытокаў”
Фота дзяўчыны з сайта “Родных вытокаў”
Выявы выкарыстаны ў якасці ілюстрацыі