Двойчы расстраляны, альбо Як Сямён Ставер з Докшыччыны, дзядзька вядомых беларускіх паэтаў, пазбег смерці падчас вайны
У вёсцы Маргавіца Докшыцкага раёна спраўляе стагадовы юбілей ветэран Вялікай Айчыннай вайны Сямён Ставер. Вядомыя беларускія паэты, Алесь Ставер і Юрась Свірка, – яго пляменнікі, якіх ён вучыў у школе.
Вёску пад такой лірычнай назвай адшукаў адразу за Бягомлем. Хата ветэрана, звычайная, шаляваная, знаходзілася ў пачатку аднаго з завулкаў, піша 16 сакавіка сайт «Сельскай газеты».
У двары высока ў неба раскінулі галлё бяроза і два магутныя клёны. А сам двор акружалі акуратныя, але даўнія пабудовы, у якіх раней, відаць, трымалі шмат рознай жыўнасці. Збоку ад прыступак дашчанага ганка, пад маленькім застрэшкам віднеўся складзік дроў: з гнілаватых дошак, не дужа тоўстай вольхі. Падумалася міжволі: «Маглі б такому ветэрану прывезці і больш прыстойнае!»
Сустрэў мяне ветліва паўнаваты, але даволі рухавы мужчына: сын ветэрана – Павел. Прыехаў ён з Бешанковічаў даглядаць бацьку.
Сам ветэран, «узброіўшыся» акулярамі, сядзеў на канапе з газетай у руках. Павел патлумачыў, што бацька ад вокладкі да вокладкі прачытвае некаторыя газеты, а яшчэ – раманы. Побач ляжала тоўстая кніга Васіля Смірнова «Адкрыццё свету».
Піла-двуручка на аднаго
Сустрэў Сямён Паўлавіч ветліва, запрасіў на каву. Спакваля ўсё больш ажыўляўся, разгаварыўся. Як выявілася, вядомыя беларускія паэты, Алесь Ставер і Юрась Свірка, – яго пляменнікі, якіх ён вучыў у школе. Расказваў пра жыццё проста, не пахваляючыся, нават з гумарком: пра першыя «магазінныя» штаны, пра тое, як у вайну яго двойчы ледзь не расстралялі, спачатку свае, а потым немцы, пра партызанскі парад у калошах і іншае. Узнагароджаны за баявыя дзеянні ордэнамі Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны.
На жаль, узнагарод гэтых няма. Аднойчы заявіліся ў хату капітан з жанчынай, папрасілі ўзнагароды быцам бы ў музей. Аказаліся махлярамі.
– Так прыстойна выглядалі, ніколі не падумаў, што жулікі, – перажывае ветэран.
Пры напамінку аб сакрэце даўгалецця паведаў, што ніколі не піў гарэлкі і не курыў. А яшчэ ўвесь час знаходзіць нейкую фізічную работу. Маўляў, тады лепшае адчуванне. Сын Павел падказаў, што пабудовы ля хаты – справа рук бацькі:
– Ён і ў 99 гадоў браў пілу-двуручку і патрабаваў, каб яму прыносіў дошкі ці пяток бярвенняў. Стараўся падаць танчэйшых, гнілаватых, каб лягчэй рэзаць было. Ён тады крыўдаваў. Пілаваў адзін. Я ў свае гады двуручкай не магу гэта зрабіць, бо піла выгінаецца, вібрыруе.
Вось адкуль у складзіку ля ганка ўзяліся не надта добрыя, падгнілыя дровы.
З юбілеем ветэрана павіншавалі родныя, сельсавецкая і раённая ўлада. І калі хтосьці з начальства звярнуўся: «Сямён Паўлавіч, што вам зрабіць яшчэ, у чым маеце патрэбу?», чакалі ўсяго, толькі не такога адказу ветэрана:
– Ведаеце, у нашым бягомльскім саўгасе было шмат кіраўнікоў. Справы ішлі ў іх не надта. А вось з’явіўся Анатоль Бальшуноў, і ўсё памянялася: і гаспадарка стала адной з лепшых у раёне, і людзі задаволеныя. Дырэктар сумленны, справядлівы і гаспадарлівы. Падтрымайце яго!
Удалося запісаць на дыктафон расказ Сямёна Паўлавіча, які падаецца ў скарочаным выглядзе. Уражвае, што ветэран не толькі цудоўна ўсё памятае, але і называе дакладна прозвішчы і імёны людзей.
Партызаны паставілі да сцяны
– Сто гадоў... Не верыцца, што працягнуў столькі. Шчыра кажучы, я на гэтым свеце не тое што сто, а і года мог не затрымацца. Калі нарадзіўся, у сям’і было ўжо шасцёра дзяцей. Бацьку ўзялі на Першую сусветную вайну, і ён трапіў у палон да немцаў. Бедная маці, як ні білася, як ні старалася, не магла пракарміць столькі ратоў, і я аказаўся непатрэбным дзіцём. Пасадзяць мяне на печы, падвяжуць бульбінку на нітцы да столі, дадуць скарыначку хлеба, каб не плакаў. І вось, на дзіва, так ужо лёсам наканавана, – выкарабкаўся, хаця двое старэйшых дзяцей з галадухі той і хвароб не выжылі.
Пасля бацька ўцёк з нямецкага палону, і жыць стала лягчэй. Ён быў добрым майстрам: умеў печкі класці, цяслярыць. І ўсё ж асаблівага дастатку не было. Памятаю, з шостага класа накіравалі мяне на курсы настаўнікаў. І толькі тады мне ўпершыню, у пятнаццаць год, купілі крамныя штаны. Да гэтага хадзіў у зрэбных, з саматканага палатна.
Курсы гэтыя працягваліся ўсяго паўгода, і ў няпоўныя шаснаццаць я стаў настаўнікам спачатку вясковай школы ў Юхнаўскім сельсавеце, а потым – у Бягомльскім. У апошнім якраз адпрацаваў шэсць гадоў, да самай вайны.
У армію мяне не ўзялі. З прызыўнога пункта адправілі дахаты, а неўзабаве прыйшлі немцы.
Школу не закрылі, і мы працягвалі вучыць дзяцей па савецкіх падручніках.
І вось аднойчы ноччу заявіліся да мяне ў дом партызаны. Прывёў іх аднавясковец, які жыў праз пяць хат. Прыхапілі новы кажушок з вешалкі, а мяне самога вывелі на вуліцу і паставілі да сцяны:
– Ты – нямецкі паслугач! Смерць здрадніку!
Шчоўкнулі затворы вінтовак. Я настолькі быў ашаломлены, што і слова не змог вымавіць у сваю абарону. Тут замітусіўся, замахаў рукамі збялелы аднавясковец. Ён ніяк не мог здаўмець, што ўсё гэтым скончыцца:
– Не страляйце! – забалабоніў. – У яго ж сястра Анастасія ў партызанах, а роднага брата Аляксандра, які быў галоўным інжынерам Харкаўскага трактарнага завода, замучылі фашысты, дапытваючыся, дзе закапаў станкі.
Мяне адпусцілі, але яшчэ доўга не змог сысці з месца, бо амярцвелі ногі.
І ўсё ж школу давялося неўзабаве пакінуць. Дырэктарам у нас быў член партыі Іван Паўлавіч Янкоўскі, і мы вялі палітыку супраць акупантаў. Хтосьці данёс. Прыбягае прыцемкам наша дзяўчына, якая ў камендатуры рабіла, і кажа: «Схавайцеся дзе-небудзь! У немцаў загад падпісаны раніцай расстраляць вас траіх». Ну, значыць, дырэктара, настаўніка Радкевіча і мяне. Мы тут жа сабраліся і падаліся балотамі ў Соўскі Бор, да партызан. Я быў правадніком, бо ведаў выдатна гэтыя мясціны. Спачатку камандаваў аддзяленнем кулямётчыкаў, а потым, хоць і быў беспартыйны, прызначылі палітруком. Брыгада называлася «За Радзіму».
Асколак пад самае сэрца
Прыгадваюцца розныя эпізоды той барацьбы з ворагам. Памятаю, у 1943 годзе брыгада атрымала заданне перайсці ў Рудзенскі раён, каб там сумесна з мясцовымі партызанамі біць фашыстаў. Размясціліся ў лясной вёсцы ля ракі Пціч. На другім яе беразе знаходзіліся немцы, якім мы не давалі жыцця дзёрзкімі налётамі. І вось аднойчы здарылася непапраўнае. Калі партызаны наладзілі ў вёсцы танцы з мясцовымі дзяўчатамі, то запрасілі і вартавых, якія ахоўвалі мост праз раку. Якімсьці чынам пра гэта даведаліся немцы і – рванулі праз мост, накрылі нас мінамётным агнём. Пасля таго бою мы пахавалі 22 партызаны, а мяне цяжка параніла асколкамі: у нагу і пад самае сэрца.
Доктара не было, лячыла студэнтка другога курса медінстытута Аня Косарава. Яна ўсё здзіўлялася: «Сямён, чаго ў цябе раны не зажываюць?».
А як яны маглі зажыць, калі асколкі там сядзелі і доўга яшчэ пасля вайны па аднаму з нагі выходзілі, а пад сэрцам так і застаўся па сённяшні дзень.
Аню Косараву прыгадваю вось яшчэ ў сувязі з чым. Было ў яе два брацікі. Аднаму так год дванаццаць, але што за разумнік быў. Адправіцца ў разведку, апранецца пастушком, усюды пройдзе, куды нам, дарослым, доступу не было, усё падлічыць: і зброю, і салдат варожых. Загінуў потым. Мы вельмі перажывалі.
І гэта была далёка не апошняя смерць юных мсціўцаў. Паслалі раз групу падрыўнікоў на чыгунку. Хадзілі-хадзілі, усё незнаёмае там было. Вось мясцовы хлопец, яму год шаснаццаць-сямнаццаць было, напрасіўся: «Давайце я міну падкладу пад рэйкі!» І што там здарылася, відаць, занерваваўся ён, і міна тая ўзарвалася ў яго ў руках. І партызаны нават не змаглі забраць яго цела, такая страляніна пачалася.
Цягнік потым усё ж узарвалі ў іншым месцы, думалі што са зброяй, а як высвятлілася – вёз ён на фронт семечкі сланечніка. І толькі праз месяц удалося пусціць пад адхон эшалон з варожай сілай і тэхнікай.
Усялякае было на вайне. Але адзін жудасны малюнак ніяк не магу забыць. Заглянулі мы ў адну вёску, а там – усе жыхары перабітыя ляжаць, і іх скуматаюць, ядуць свінні, якія павылазілі з загародак. Цэлы тыдзень пасля гэтага я не мог глядзець на страву. Наладзілі мы тады пагоню за фашыстамі, але дагнаць так і не ўдалося.
Раздаваць мог, а вось адымаць апошняе – не…
А была яшчэ блакада, гэта пад канец вайны. Адступалі ў балоты, дзе не маглі дастаць карнікі. З намі – і мірнае насельніцтва. У адной жанчыны было двое малых дзяцей. Адзін хлопчык ішоў сам, а другога, яшчэ да годзіка, несла на руках. І так бедная выбілася з сіл, што пасадзіла, каб не мучыўся, маленькага на купінцы ля берага рэчкі, думала што ўтопіцца. Самой утапіць сэрца, відаць, не дазволіла, і з большым хлопчыкам пайшла далей. Я гляджу – дзіцё плача маленькае, і так шкада мне стала яго. Перадаў хлопцам ПТР, супрацьтанкавае ружжо, а сам узяў хлопчыка на рукі. Бухаліся па балоце. Выберамся на востраў які, адпачнём. Карміў тым, што было: драбочак цукру знайшоўся, бульбінка, хлеб размочваў. Так і адхадзілі мы з ім трое сутак. Потым жанчыну тую, маці хлопчыка напаткалі: бедная, расплакалася ад радасці.
Запомніўся парад Перамогі ў Мінску пасля яго вызвалення ад акупантаў. Нас, партызан брыгады, да яго пачатку, размясцілі ў нейкай вялізнай пуні на сене.
Рыхтаваліся, чысціліся. А ў мяне, як на грэх, парваліся чаравікі. Як ні мудрагеліў, ні ладзіў – рады не даў. Давялося абувацца ў калошы і падвязваць іх вяроўкай. Так і прайшоў. Многія, відаць, бачылі гэты парад у кінахроніцы. Там яшчэ козачка бегла ў страі. Затое пасля парада, калі атрымаў грошы, купіў новыя боты сабе і сястры Анастасіі.
Хоць вайна яшчэ працягвалася, гналі фашыстаў у іх логава, на фронт я больш не трапіў. Прызначылі мяне памочнікам старшыні Пінскага аблвыканкама і даручылі займацца харчразвёрсткай: збіраць у насельніцтва па вёсках зерне, бульбу, мяса, масла. А была ж бедната страшэнная: разбурана, папалена. Прыйдзеш у хату, дзеці галодныя плачуць, а ты – адымай апошняе ад іх. Я не змог. Нават аддаваў, здаралася, тое, што назбіраў. Тады мяне наогул перасталі пасылаць. Я папрасіў старшыню:
– Дрэнны я вам памочнік. Не ляжыць у мяне душа да гэтай работы. Адпраўце мяне ў Бягомль, у школу. Мяне дзеці любяць, я – іх.
«Настаўнік, а за хвост каровы трымаецца»
Так я апынуўся зноў у родных мясцінах. Закончыў завочна Лепельскае педвучылішча, а затым і педінстытут у Мінску. Ажаніўся на настаўніцы. Галіна Рыгораўна, царства ёй нябеснае, няма ўжо, вельмі была такая простая, працалюбівая. Заслужанага настаўніка рэспублікі ёй прысвоілі. Калі двойню нарадзіла, я гаварыў: «Давай хоць трошкі пагляджу?» А яна ноччу падхопліваецца па некалькі разоў, а потым не выспаўшыся ў школу ішла. І планы паспявала напісаць, і ўсё астатняе. Карову яшчэ трымалі. І з гэтай каровай колькі нацярпеліся ўсяго. Гэта ж тады быў такі дурны загад: настаўнікам катэгарычна забаранялі трымаць карову. На сходах пастаянна крытыкавалі мяне:
– Які ты настаўнік? Трымаешся за хвост каровы!
«А куды мне было падзецца, калі сем чалавек у сям’і: я з жонкай, цешча і чацвёра дзяцей. Пакосаў не давалі. Выкошвалі траву па берагах Бярэзіны і вывозілі на лодцы. Адным летам арганізаваў брыгаду касцоў з пенсіянераў, каб дапамагчы саўгасу. Набралася да трох дзясяткаў чалавек, і сыны мае, Павел і Саша, таксама са мной, дзявяты клас якраз закончылі. Два месяцы мы нарыхтоўвалі сена, заробкі былі вельмі слабыя. Бывала, харчоў купіш на дзень на 3 рублі, а за работу атрымаеш 80 капеек. Праўда, у канцы кампаніі, як прэмію, далі воз сена для каровы.
Як пайшоў на пенсію са школы, працаваў яшчэ малаказборшчыкам, вартаўніком на спіртзаводзе. Увогуле, на жыццё не скарджуся. Маю чацвёра дзяцей, 8 унукаў і 10 праўнукаў. Дзеці разляцеліся па свеце: дачка Таццяна ў Севастопалі, сыны Пётр – у Мінску, Аляксандр – ажно на Камчатцы. І толькі вось Павел са мной. Нічога, нам не сумна. Да вясны дажылі, а там – бачна будзе.
Паводле сайта «Сельскай газеты»