Дванаццаць дуэтаў – дванаццаць намінацый. “Калядныя дуэты” сабраў у Докшыцах лепшых выканаўцаў (ФОТА)
Праект “Калядныя дуэты” прайшоў у кінаканцэртнай зале “Іскра” і сабраў раённых выканаўцаў, як вядомых так і пачаткоўцаў.
Аб гэтым 29 лістапада паведамляе сайт “Родных вытокаў”.
Не абышлося мерапрыемства без Дзеда Мароза і Снягуркі – менавіта ў гэтых вобразах распачалі шоу-праграму ўдзельнікі з Бягомля – неаднаразовая пераможца раённых і абласных вакальных конкурсаў Лізавета Яцкевіч з настаўнікам Бягомльскай ДШМ Уладзіславам Фільковым. Яны атрымалі званне “Паспяховы дуэт”.
З хітом “Кабы не было зимы” з вядомага мультфільма “Каникулы в Простоквашино” выступіў “Яркі дуэт” у складзе салісткі народнай студыі “Калейдаскоп” Вольгі Стадольнік і сямікласніцы Ганны Козел.
“Адкрыццём года” назвалі выкладчыцу Докшыцкай ДШМ Вераніку Крывічаніну і яе вучаніцу Дар’ю Тытар.
“Танцуют все!” – паўтаралі гледачы словы вядомай песні з к/ф “Иван Васильевич меняет профессию” за “Таленавітым дуэтам” з Крулеўшчыны – Аляксандрам Плыгаўкам і Дзіянай Дзехцяронак.
На “біс” сустракалі і наступных удзельнікаў конкурснай праграмы – выхаванца Бягомльскай дапаможнай школы-інтэрната Дзмітрыя Сергіенкава і выкладчыцу Вікторыю Піменаву, якіх назвалі “Арыгінальным дуэтам”.
Цэлы спектакль развярнуўся на сцэне падчас выступлення настаўніцы Докшыцкай ДШМ Таццяны Лукуша і яе вучня Сяргея Красільнікава. “Крэатыўны дуэт” выканаў песню з к/ф “Кавказская пленница”, а дапамагалі ім знакамітыя Трус, Балбес і Бывалы.
У атмасферу снежнай зімы з пераднавагоднім настроем і чаканнем спаўнення жаданняў трапілі гледачы разам з “Абаяльным дуэтам” у складзе Таццяны Стадольнік і яе пляменніка Уладзіслава Стомы.
Прынялі ўдзел у шоу-праграме і добра вядомыя ўдзельнікі раённых канцэртаў маці і дачка Шылковы. Вольга і Марыя павіншавалі ўсіх з надыходзячым Новым годам і атрымалі ганаровае званне “Узорнага дуэта”.
Разносілася па зале песня пра доўгачаканы снег у выкананні таксама сямейнага “Бліскучага дуэта” з Бягомля Наталлі і Ганны Алісёнак.
Пра зімовы абутак – валёнкі – спявалі настаўніца Крулеўшчынскай ДШМ Марына Лернатовіч і яе вучаніца Аляксандра Зубрыцкая, якія сталі “Незабыўным дуэтам”.
Сваім выступленнем наблізіў пачатак Новага года “Зорны дуэт” у складзе мэтра сцэны Андрэя Чабана і юнай салісткі Настассі Лабынька.
Пад белую снежную завіруху спяваў на сцэне крулеўшчынскі “Супер-дуэт” у складзе знакамітай спявачкі Алесі Паляковай і яе вучаніцы Лізаветы Міхмель, які прадэманстраваў сапраўдны вакал.
Паводле сайта “Родных вытокаў”