Докшыцкі народны тэатр прыняў удзел у фестывалі класічнай драматургіі “Вішнёвы сад” у Латвіі
Фестываль праходзіў у горадзе-пабраціме Балві на працягу чатырох дзён. Свае работы паказвалі 11 народных тэатраў з розных гарадоў Латвіі.
Як паведамляе сайт газеты “Родныя вытокі”, у якасці членаў журы на фестывалі прысутнічалі рэжысёры мастацкіх тэатраў з Масквы, у тым ліку вядомы Валерый Славін.
Фестываль меў нацыянальны каларыт – у рэпертуары народных тэатраў і тэатральных студый, якія прымалі ўдзел у ім, пераважалі п’есы латышскіх аўтараў.
Сярод сусветна вядомых значыліся Антон Чэхаў (яго п’есу “Прапанова” паказаў тэатр-студыя з Рыгі) і “Пачуцці па Адэлі” Гарсія Лоркі ў пастаноўцы Докшыцкага народнага тэатра.
Горад Балві невыпадкова выбраны месцам правядзення фестывалю драматычнага мастацтва: яго тэатральным традыцыям ужо 107 год. Балвскі народны тэатр носіць гэта званне 26 год. Калі святкаваўся 100-гадовы юбілей тэатра, у горадзе быў пасаджаны вішнёвы сад. У ім 100 дрэў, і ў кожнага ёсць свой гаспадар. З таго часу ўся сімволіка фестывалю мае выяву вішні. Вішанька красуецца і на сцягу фестывалю. Яна ў якасці апазнавальнага знака ўпрыгожвала грудзі кожнага з яго ўдзельнікаў і з’яўлялася галоўным прызам.
Закрыццё мерапрыемства праходзіла вечарам на плошчы перад ГЦК. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел вядомыя артысты тэатра і кіно Латвіі: Сегіта Яглевскі, Айгорс Вілімс і Вольга Дрогеле. Яны ж уручалі і прызы ў выглядзе сферы вішні кожнаму з калектываў-удзельнікаў.
Месцаў на фестывалі не вызначалася, як і намінацый. Аб узроўні выступлення сведчыла чарговасць па нарастаючай, у адпаведнасці з якой уручалі прызы дзеячы мастацтва.
Так, заслужаная артыстка Латвіі Вольга Дрогеле ўручыла прызы тром калектывам, работы якіх палічылі лепшымі на фестывалі. Другім сярод іх быў Докшыцкі народны тэатр з рэжысёрам Ганнай Яцкоўскай.
Фестываль у Балві праходзіць кожныя два гады. Запрашэнне на чарговы ад яго арганізатараў Докшыцкі народны тэатр ужо атрымаў.
Па матэрыялах сайта газеты “Родныя вытокі”