Несанкцыянаваны сметнік утварыўся ў завулку 1 Мая ў Докшыцах
Праблемным у плане добраўпарадкавання стаў апошнім часам завулак 1 Мая ў Докшыцах.
Нядаўна ў рэдакцыю раённай газеты патэлефанавалі жыхары гэтага завулка і паскардзіліся, што з той пары, як пачалося будаўніцтва водна-аздараўленчага комплексу ля Докшыцкай школы №1, жыхары бліжэйшых шматпавярховікаў пачалі прыносіць і выкідваць уздоўж будаўнічай агароджы і нават на абочыну дарогі бытавое смецце. Там утвараюцца вялізныя брудныя кучы. Да іх збягаюцца каты, сабакі, расцягваюць смецце. Летам тут стаіць невыносны пах, пішуць 29 студзеня “Родныя вытокі”.
Сітуацыю падцвердзіла начальнік па добраўпарадкаванні РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” Галіна Глымушка:
– Ужо некалькі разоў прыбіралі сметнік на завулку 1 Мая – і школа, і работнікі РУП ЖКГ. Прасілі жыхароў, заклікалі да сумленнасці – нічога не дзейнічае. Па вуліцы Школьнай збор і вываз смецця вядзецца згодна з графікам тры разы на тыдзень (кантэйнеры тут ставіць забаронена санстанцыяй). Якое трэба мець выхаванне, каб сабраць у сябе дома бытавыя адходы, аднесці і выкінуць іх іншым людзям пад вокны? Цяжка зразумець такія паводзіны. Аднак гэта адбываецца. Толькі прыбяром – нясуць зноў. Відавочна, што трэба прымаць больш дзейсныя і жорсткія меры.
Выехалі разам з Галінай Іосіфаўнай на месца несанкцыянаванага сметніка. У той жа дзень выявіўся адзін з віноўнікаў бруднага відовішча. Ім аказалася супрацоўніца РВПС, жыхарка пяціпавярховіка, што па вуліцы Школьнай. Пра яе дзеянні паставілі ў вядомасць кіраўніцтва арганізацыі. Жанчыну абавязалі тэрмінова прыбраць сметнік. Зараз там чыста. У далейшым за гэтай тэрыторыяй будзе весціся нагляд. Тыя, хто будуць выкідваць смецце на тэрыторыі агульнага карыстання, будуць прыцягвацца да адміністрацыйнай адказнасці. Штрафы немаленькія – ад 10 да 50 базавых велічынь.
Па матэрыялах “Родных вытокаў”