Опубликовано: 05 января 2021, 14:32
134

87-гадовая жыхарка Вілейшчыны: «Раней Новы год так не адзначалі, а вось Каляды святкавалі ўсе»

87-гадовая жыхарка вёскі Путрычы Крывасельскага сельсавета Галіна Грышкевіч расказала, як святкавалі зімовыя святы ў далёкія гады яе дзяцінства.

З гэтага пытання і пачалася размова, піша «Шлях перамогі».

– Адразу скажу, што Новы год, які зараз так шумна і ярка сустракаюць у ноч з 31 снежня на 1 студзеня, у гады майго дзяцінства ў нашай вёсцы не адзначалі. А вось Каляды, якім папярэднічаў пост, святкавалі ўсе. І пачыналі з поснай куцці, 6 снежня ўвечары. У нашай сям’і гэта было так. Усе абавязкова збіраліся разам – каб увесь год сям’я не разлучалася. Бацька запальваў свечку і маліўся, і мы ўсе былі ўдзельнікамі гэтага малебена. Ужо быў падрыхтаваны стол, засланы белым абрусам, пад якім абавязкова клалі сена. Некаторыя іншы раз пытаюцца: для чаго сена? А маленькі Хрыстос, памятаеце, ляжаў у яслях з сенам… Пасля малітвы на стол ставілася куцця – гэта такая каша з ячменных круп. Спачатку ўсе елі яе, а ўжо пасля прыносілі на стол іншую посную страву: грыбы, квашаную капусту, селядцы, мочаныя яблыкі… У канцы ў нашай сям’і абавязкова пілі адвар з садавіны. У нас ля хаты расла груша, плады якой заўсёды і выкарыстоўвалі для такіх напіткаў.

– А як святкавалі ў вёсцы Каляды?

– Было весела і цікава. Канешне ж, старанна рыхтавалі святочны стол, які заўсёды быў багаты. Абавязкова варылі галоўную калядную страву – верашчаку з мяса, каўбас, свіных скабак… Елі яе з блінамі, без якіх таксама не абыходзіліся ў свята. Памятаеце, нават песня ёсць пра «калядачкі, бліны-ладачкі»? Карацей, на гэтае свята было многа мясных страў у розных выглядах. А вось малочных не было, бо зімою звычайна кароўкі не дояцца, яшчэ не ацяліліся, дык адкуль жа браць тыя сыры ды масла?

– А чым займаліся ў святочныя дні?

– Святкавалі. Моладзь ла­дзіла вечарынкі, розныя гульні, старэйшыя людзі таксама збіраліся разам, што называецца, «на сяло». Жартавалі, прыгадвалі мінулае, нешта планавалі…

– Напэўна ж, і калядоўшчыкі хадзілі з віншаваннямі па вёсцы?

– Калі я была зусім малая, дык было такое. Вяскоўцы пераапраналіся ў розных персанажаў і хадзілі з зоркай па хатах, віншавалі людзей, жадалі ўсяго найлепшага. Іх частавалі, дзякавалі за віншаванні. А ўжо пазней калядоўшчыкі не хадзілі, бо пачалася вайна, не да гэтага было. Ну а яшчэ пазней, самі ведаеце, – атэізм, дзяцей вучылі ў школах зусім іншаму… Таму вельмі радуюся, што цяпер традыцыі адраджаюцца, і нашы ўнукі ды праўнукі адзначаюць прыгожыя святы так, як і іх далёкія продкі.

– У дзяцей святкаванне навагодніх і калядных дзён звычайна асацыіруецца з падарункамі ды ласункамі. А якія ласункі былі ў гады вашага маленства?

– Ой, якія там ласункі… У той час вясковыя дзеці амаль і не бачылі ніякіх цукерак ды печыва. Праўда, без салодкага я не заставалася – тата быў пчаляром, таму мёду сваёй сям’і хапала, яшчэ і суседзяў частавалі. А яшчэ старэйшы брат заўсёды запасаўся арэхамі. Балазе, арэшнік амаль што ля самай вёскі. Назбірае, бывала, цэлы гарнец (гэта пасудзіна такая была), каб на Каляды хапіла і самім паласавацца, і пагуляць у гульню «цотка-лішка», аматарам якой брат быў. Такія вось у нас былі небагатыя ласункі…

– А што яшчэ цікавага было ў святочныя зімовыя дні?

– О, многа чаго. Вечерам перад старым Новым годам святкавалі багатую куццю. Зноў было многа самых розных мясных страў, а завяршалі застолле тлустым булёнам, у якім варыліся тыя прысмакі. І ў само свята – 14 студзеня – было прынята многа разоў садзіцца за стол, есці, лічылася, што ў такім разе багатым, негалодным будзе і ўвесь год. Стараліся, каб у сем’ях у гэты дзень было ціха і мірна – зноў жа дзеля таго, каб так пражыць цэлы год.

– Многае было па-іншаму, нават і надвор’е ў тыя святочныя дні, ці не так?

– Так-так, зімы тады былі зусім не такія, як цяпер. Бывала, снегу намяце вышэй плоту, мароз-траскун! Аконныя шыбы замярзалі поўнасцю, нічога не было відаць. Памятаю, неяк на Каляды так намяло, што мы доўга не маглі адчыніць дзверы на вуліцу. А трэба ж жывёлу карміць! Ледзь павылазілі з хат. Вось як было. А цяпер і не разбярэшся, ці то вясна на дварэ, ці то восень – усё памянялася…

– А ці ведалі вяскоўцы калядныя прыкметы, па якіх можна было вызначаць, якім будзе год?

– Ведалі. Памятаю, што казалі так: калі на Каляды цёпла, то вясна будзе халоднай, і наадварот. А яшчэ заўважалі, што снег на Каляды прадказвае цёплую вясну, а завіруха ў святочную ноч абяцала вясну раннюю. Так што будзем гля­дзець на сёлетняе свята, прыкмячаць, а пасля меркаваць, ці спраўдзіцца.



Читайте также

За незаконную добычу рыбы возбуждены уголовные дела в отношении жителей Минской области. В их числе и мядельчанин
С момента вступления запрета на ловлю рыбы в Минской области, с 1 апреля по 30 мая, следователями центрального региона уже возбуждено два уголовных дела за незаконную добычу рыбы.
Впереди длинные выходные. Как будем работать и отдыхать в мае
На май выпадает три праздничных дня Праздник труда (1 мая), День Победы (9 мая) и Радуница (14 мая). Эти даты в нашей стране признаны официальными выходными.
Защитили дамбу от атаки и ликвидировали диверсию в жилом доме — в Вилейке прошли учения теробороны
На сборах военнообязанных территориальных войск Вилейского района с 23 по 25 апреля проводятся командно-штабные учения.