Опубликовано:
228

“Ой рана на Йвана”, ці Як святкавалі Купалле ў Валожыне (ФОТА)

Каля гарадскога возера валожынцы і госці горада сустракалі сярэдзіну лета, адзначаючы адно з самых старажытных народных свят, у якім цесна перапляліся язычніцкія і хрысціянскія традыцыі, – Купалле.

Як паведамляе 10 ліпеня сайт газеты "Працоўная слава", у арганізатараў мерапрыемства – аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, раённага цэнтра культуры і ўдзельнікаў народнага агітацыйна-харэаграфічнага ансамбля “Журавінка” Івянецкага ГПДК – напачатку ўзніклі сур’ёзныя сумненні ў тым, што свята адбудзецца: надта ўжо раптоўна і спора распачаўся моцны дождж. Аднак сонца – адзін з цэнтральных сімвалаў Купалля – хвілін за дваццаць да мяркуемага пачатку мерапрыемства ўрэшце зноў паказала сваю сілу і разагнала хмары. І дзея пачалася…

“Ой рана на Йвана” – так называлася тэатралізаваная пастаноўка, якую падарыў валожынцам кіраўнік “Журавінкі” Валерый Мазура і яго калегі-артысты. У ролі гаспадара свята Яна ён прывітаў усіх, хто сабраўся ў той дзень на пляцоўцы каля возера і пад гукі фанфар зачытаў чароўны загад, згодна з якім “афіцыйная” частка мерапрыемства аб’яўлялася адкрытай. Дзяўчаты-берагіні тым часам запрасілі выступіць уперад Іванаў, Іванавічаў, Іваноўскіх – адным словам, усіх, хто адзначаў на Купалле свае імяніны. Кожнаму з гэтых шчасліўчыкаў былі ўручаны сімвалічныя купальскія эмблемы. А няўрымслівы, вясёлы Ян тым часам ужо займаўся іншай справай – разводзіў вогнішча. Калі полымя гарэзліва заскакала па бярвенні, запрасіў прысутных весці карагод. Не трэба казаць, што асабліва радасна адгукнуліся на гэты заклік дзеці: не кожны раз даводзіцца ўдосталь нацешыцца каля агню.

Як і ў кожнай казцы, не абышлося без “нячысцікаў”, якія, задумаўшы збіць удзельнікаў Купалля з панталыку і не даць адшукаць ім легендарную чароўную папараць-кветку, пачалі плесці хітрыкі і паліваць натоўп вадой. Аднак агульнымі сіламі іх хутка “абясшкодзілі”, узяўшы непарушную клятву больш так не рабіць.

Адзін з цэнтральных момантаў мерапрыемства – пусканне па вадзе вянкоў. Шмат дзяўчат вырашылі ў Янаў дзень папытаць сваю долю, загадаць на суджанага ці проста выканаць старажытны абрад продкаў. Чарада старанна сплеценых з кветак галаўных убораў нетаропка паплыла па азёрнай роўнядзі…

А затым прыйшла пара песень, танцаў і забаў. Для ўдзельнікаў мерапрыемства выступалі самадзейныя артысты горада і раёна, дзеці ж у той час каталіся на цацачных конях і аўтамабілях, выстраіліся ў чэргі да маладой валожынскай мастачкі Вікторыі Краскоўскай, каб зрабіць сабе дасціпныя каляровыя малюнкі-татуажы на тварах. Завяршылася Купалле святочнай дыскатэкай, наладжанай дыджэямі раённага цэнтра культуры.

Изображение 1

Изображение 2

Изображение 3

Изображение 4

Изображение 5

Изображение 6

Паводле сайта газеты "Працоўная слава"

Если вы заметили ошибку в статье и хотите сообщить нам об этом, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
смотреть другие новости рубрики »

Добавить комментарий

Имя (обязательно) Email (обязательно) Год
Отправить
Правила размещения комментария