Опубликовано:
358

Блогер з Маладзечна Уладзімір Садоўскі напісаў зомбі-хорар «1813»

Уладзімір Садоўскі больш вядомы на прасторах Інтэрнэту як аўтар блогу yozas-gubka. З-пад яго пяра выйшаў першы зомбі-хорар (кніга-жахліўчык) на беларускай мове, які называецца «1813».

Ён паспявае пісаць для kraj.by, tut.by, ruh.by, а таксама займаецца краязнаўствам, адзначае сайт газеты «Наша ніва».

Изображение 1

Пра што кніга?

«Штуршком да напісання навелы стала кніга «Аўраам Лінкальн: паляўнічы на вампіраў», – расказвае Уладзімір. – Пасля прачытання гэтага рамана я падумаў, што магу і сам напісаць трэшачок нічым не горшы і пры гэтым не браць герояў з далёкай і невядомай Амерыкі, а выкарыстаць сваіх, мясцовых. Балазе, гісторыя у нас багатая і ў ёй шмат адметных асоб і постацяў, якія б маглі змагацца з нечалавечай навалай не горш чым Лінкальн. Напрыклад, той жа Міхал Клеафас Агінскі.

Месцам дзеяння навэлы «1813» я вырашыў абраць мястэчка Маладэчна (так гістарычна вымаўлялася назва нашага горада Маладзечна) і замак у яго ваколіцах, які калісьці належаў роду Агінскіх. Цяпер ад таго замку засталося толькі замчышча, але на пачатку ХІХ стагоддзя ён яшчэ стаяў.

Падставай для з’яўлення зомбі я вырашыў узяць падзеі вайны 1812 года, якая пракацілася праз нашы землі вогненнай хваляй.

Дарэчы, якраз пад Маладзечнам у канцы 1812 года адбылася адна з апошніх бітваў той вайны. Мястэчка было разбурана, а ў наваколлі засталося шмат непахаваных жаўнераў.

Па сюжэце Міхал Клеафас Агінскі прыязджае ў замак да свайго дзядзькі ўвесну 1813 года. Падчас адной з адліг забітыя жаўнеры «Вялікай арміі» Напалеона паўстаюць з адталай зямлі і пачынаюць тэрарызаваць акругу.

Агінскі апынаецца ў атачэнні мерцвякоў і вымушаны змагацца з нечаканай навалай, што апанавала родны край.

Калі я задумваў «1813», мне хацелася напісаць тое, што я сам бы з задавальненнем пачытаў, калі б не быў аўтарам.

Мне вельмі падабаецца фантастыка, жахі пра зомбі і рэальная гісторыя. Усё гэта я вырашыў перамяшаць у сваім тэксце і цяпер хачу падзяліцца напісаным з шырокім колам чытачоў».

Апроч навелы «1813», у кнігу будуць уключаны некалькі фантастычных апавяданняў Уладзіміра Садоўскага, якія раней выходзілі ў літаратурных часопісах і зборніках.

Каб выдаць кнігу ў электронным фармаце, Уладзімір, сумесна з праектам Кнігарня.by запускае кампанію на краўндфандынгавай пляцоўцы ulej.by.

Чаму электроннай, а не папяровай?

Сёння амаль кожны чалавек мае лічбавую прыладу: мабільны тэлефон, планшэт ці рыдар. Электронныя кнігі больш зручныя для распаўсюду, іх можна купіць па ўсім свеце літаральна за хвіліну. Электронная кніга не патрабуе вялікіх выдаткаў, асобнік выходзіць нашмат больш танным чым папяровы, да таго ж іх колькасць неабмежаваная.

Аднак працэс падрыхтоўкі да выдання электроннай кнігі нічым не адрозніваецца ад папяровай: рэдактура, карэктура, вёрстка, прысваенне ISBN. Усё гэта каштуе грошай. Грошы на гэтыя патрэбы збіраюцца з дапамогай краўдфандынга, бо сам тэкст кнігі «1813» напісаны і чакае свайго чытача.

Падрыхтоўкай электроннай кнігі, а таксама яе далейшым распаўсюджваннем у Інтэрнэце будзе займацца партал Кнігарня.by.

Каб даць кнізе жыццё, дастаткова перайсці па спасылцы і замовіць кнігу ўжо цяпер.

Віртуальная экскурсія па Маладзечне часоў, калі ён быў абласным цэнтрам, – ТУТ.

Па матэрыялах сайта газеты «Наша ніва» і сайта ulej.by

Если вы заметили ошибку в статье и хотите сообщить нам об этом, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
смотреть другие новости рубрики »

Добавить комментарий

Имя (обязательно) Email (обязательно) Год
Отправить
Правила размещения комментария