Опубликовано: 21 июня 2013, 22:06
87

19 чэрвеня споўнілася 70 год з дня Івянецкага паўстання (ФОТА)

Святая Імша ў гонар жаўнераў і памяць ахвяр нацысцкай аперацыі "Герман" была адслужана 19 чэрвеня ў івянецкім Белым касцёле. Аб часе Івянецкага паўстання ў 1943 годзе аб'явіў сваім боем звон "Маршалак".

Даведка Kraj.by. Як расказаў парталу гісторык Алесь Белы, Івянецкае паўстанне доўжылася паўтары дні, з 19 па 20 чэрвеня, і фармальна было пераможным. Яго ўзняла Стаўбцоўска-Налібоцкае згрупаванне польскай Арміі Краёвай, якое сабралася менавіта як баявая адзінка ў чэрвені 1943 года. Да гэтага асобныя групкі людзей былі расцярушаныя па лясах. АК хацела пачаць паўстанне 22 чэрвеня, але да немцаў дайшла інфармацыя пра яго падрыхтоўку, яны пачалі сцягваць пад Івянец узброеныя сілы, на 19 чэрвеня прызначылі мабілізацыю юнакоў з мясцовага насельніцтва. Каб прадухіліць мабілізацыю, паўстанне пачалі ў гэты ж дзень.

Бойка з немцамі пачалася ў 12 гадзін раніцы і доўжылася 18 гадзін, да шасці раніцы наступнага дня. Скончылася перамогай акоўцаў. Немцаў, якія выжылі, па словах Алеся Белага, паўстанцы адпусцілі з мірам, чаго не зрабілі нямецкія ўлады пасля ў адказ на паўстанне. Фармальна, як мы ўжо сказалі, паўстанне было паспяховым. Акоўцы дабіліся тых мэтаў, якія перад сабой ставілі. Яны загадзя ведалі, што не ўтрымаюць улады назаўсёды, хацелі паказаць супраціў захопнікам родных зямель (згрупаванне АК складалася з мясцовых жыхароў, тых, якія ўжо служылі ў польскай арміі, і яшчэ зусім маладых, якія ўпершыню ўзялі ў рукі зброю). Таксама хацелі сарваць мабілізацыю, чаго і дасягнулі. Увечары 20 чэрвеня, як кажа гісторык, акоўцы проста сышлі з Івянца, ведаючы, што прыйдуць яшчэ большыя нямецкія сілы.

Але яны не ведалі, якім жорсткім будзе адказ Германіі. Івянецкае паўстанне стала непасрэднай прычынай да вялікай карнай акцыі немцаў, якіх да гэтага ўвесь час непакоілі напады савецкіх, яўрэйскіх партызанаў, асабліва з Налібоцкай пушчы, каля якой знаходзіцца Івянец. У ліпені 1943 года яны пачалі акцыю "Герман" на тэрыторыі паміж Лідай, Маладзечнам, Заслаўем, Дзяржынскам, Стоўбцамі і Баранавічамі. Да гэтага, як распавядае Алесь, немцы стваралі пра сябе меркаванне міралюбівых адносінаў да жыхароў Беларусі, падкрэсліваючы, што ім недаспадобы толькі яўрэі і савецкія актывісты. Гінулі таксама польскія патрыёты, якія паводзілі сябе выклікальна, або выпадковыя людзі. Агульная ж палітыка выстройвалася так, каб паказаць, што яны настроеныя на будаванне разам новай Еўропы.

Калі пачалася жорсткая сістэматычная карная акцыя, гэта, па словах Алеся Белага, было зусім нечаканым для жыхароў гэтых мясцін. Да гэтага менш крывавая акцыя супраць партызанаў была ў 1942 годзе. Але масавыя знішчэнні, падпалы Івянеччына, як і ўся Беларусь, спазнала толькі ў 1943 годзе. Пад час карнай акцыі “Герман”, якая доўжылася з ліпеня па жнівень 1943 года, толькі па савецкіх дадзеных, загінула некалькі тысяч людзей, на прымусовую працу ў Беларусі, Польшчы, Германіі была вывезена 21 тысяча чалавек.

Былі спалены некалькіх дзясяткаў вёсак з іх жыхарамі. На Івянеччыне так былі спаленыя Янушкавічы. У Дорах людзей спалілі ў праваслаўнай царкве. Гнеў немцаў быў скіраваны ў асноўным на каталікоў і ксяндзоў як сімвал польскага непадпарадкавання, бо каталікі лічыліся традыцыйна палякамі, хаця большасць з іх размаўляла па-беларуску, і іх нашчадкі зараз жывуць у Беларусі і з’яўляюцца беларусамі, - але дасталася ўсім жыхарам рэгіёну незалежна ад веравызнання. Дарэчы, каталікоў на гэтых тэрыторыях проста была большасць. Каля пяці тысяч яўрэяў на Валожыншчыне знішчылі масава яшчэ ў 1942 годзе. У адзін дзень толькі ў Івянцы загінула тысяча людзей.

Планамерна пад час аперацыі “Герман” немцы і венгры, мясцовыя паліцаі, уласаўцы, якія ім дапамагалі, забівалі таксама каталіцкіх святароў і касцёльных парафіяльных актывістаў як людзей, якіх падазравалі ў падбухторванні людзей, узначальванні паўстання на месцах. 19 ліпеня ў Баравікоўшчыне былі жорстка забітыя пяршайскія святары Ахілес Пухала і Герман Стэмпень (яны дабравольна пайшлі на смерць, хаця маглі выжыць, і немцы, забіўшы іх, даравалі жыццё пяршайцам, выправіўшы іх на прымусовую працу; у 1999 годзе Каталіцкі Касцёл абвясціў гэтых святароў блаславёнымі). У вёсцы Камень 24 ліпеня расстралялі ксяндзоў Леапольда Аўліха і Казіміра Рыбалтоўскага, у жніўні ў Налібоках забілі Юзафа Барадына і Юзафа Байко, у Рэндвідаве закатаваны Павел Доўжык. Час быў вельмі неадназначны, існавала вельмі шмат плыняў і рухаў, нацыянальных, палітычных, рэлігійных. Некаторыя з закатаваных ксяндзоў удзельнічалі у беларускіх адраджэнскіх рухах у Касцёле, а былі забітыя як увасабленне Польшчы. Пра некаторых з гэтых святароў і абставінах іх смерці Kraj.by яшчэ напіша.

Да гэтага і пасля гэтага загінула яшчэ шмат каталіцкіх святароў, але Алесь Белы лічыць беспрэцэдэнтным забойства такой колькасці ксяндзоў за такі кароткі час на такой малой тэрыторыі. Каласальным ён таксама лічыць само Івянецкае паўстанне. Нягледзячы на такія жорсткія наступствы, якія былі таксама беспрэцэдэнтныя для гэтай тэрыторыі (столькі людзей не загінула за такі кароткі перыяд пад час ніводнай вайны дагэтуль) і якія ніхто не мог прадугледзець, жыхары не лічылі паўстанне непатрэбным. Гэта была спроба барацьбы за незалежнасць ад акупантаў, падобнай якой больш не было ў Беларусі. Вольга Рудніцкая, Kraj.by, са слоў Алеся Белага.

Як напісаў 21 чэрвеня 2013 года ў сваім блогу гісторык і краязнаўца Дзяніс Салаш, які прысутнічаў на ўспаміне 70-годдзя паўстання ў Івянцы, званы Белага касцёла гэтаксама абвясцілі пачатак паўстання, як і ў 1943 годзе, а 12.00, калі каталікі звычайна чытаюць малітву "Анёл Панскі". Тады пачалася аперацыя "Перазвон" польскай Арміі Краёвай. Камандаванне АК хацела прымеркаваць пачатак паўстання да 22 чэрвеня - даты нападу нацыстаў на Савецкі Саюз, але да немцаў дайшла інфармацыя пра дыслакацыю польскіх сіл ў наваколлі мястэчка, і яны імкліва узмацнялі гарнізон, які налічваў на той момант ужо больш за 300 салдат, жандармаў і паліцаяў.

На фота будынак, які ў 1943 годзе быў жандармерыяй. Ён быў атакаваны польскімі легіёнамі першым.

70-годдзе Івянецкага паўстання

19 чэрвеня 2013 года пасля ўрачыстай святой Імшы ў Белым касцёле школьніцы-парафіянкі зачыталі на памяць  20-хвілінны рэферат, у якім распавялі пра міжваенную службу польскага Корпуса аховы памежжа, культурны аспект жыцця жаўнераў-памежнікаў і пра само паўстанне.

70-годдзе Івянецкага паўстання

70-годдзе Івянецкага паўстання

Пасля жалобнага набажэнства парафіяне, у каторых у час карнай аперацыі нацыстаў "Герман" палеглі сваякі ці сярод сваякоў былі легіянеры, пайшлі пешшу на могілкі. Фота зроблена каля помніка-крыжа "Страж польскіх магіл", пастаўленага непадалёк ад касцёла. Ён быў усталяваны ў гонар жаўнераў Арміі Краёвай, а таксама на памяць палеглых мірных жыхароў мястэчка, што былі забітыя ў 1939-1945 гг.

Далей людзі прайшлі да магілы, у якой разам пахаваны Казімір і Люцыя Дзяржынскія, якія сталі ахвярамі нацысцкай помсты. У доме Казіміра Дзяржынскага, роднага брата крывавага Фелікса, быў штаб паўстання. Ужо ў савецкія часы, гледзячы на тое, якой вялікай пашанай карысталіся Дзяржынскія сярод месцічаў, Саветы былі вымушаны ўсталяваць  шыльду на іх помнік. "Расстреляны немецкими фашистами за связь с партизанами". З якімі партызанамі, тэкст шыльды не ўдакладняе.

70-годдзе Івянецкага паўстання

70-годдзе Івянецкага паўстання

70-годдзе Івянецкага паўстання

Наступныя два месяцы мемарыяльныя мерапрыемствы будуць працягвацца. Яны арганізаваныя рознымі людзьмі ў розных частках Беларусі, але аб'яднаныя адной вялікай падзеяй, пра якую не так шмат людзей, акрамя мясцовых жыхароў, ведае.

1. Лявон Калясінскі з Мінска адлівае медаль "Памяці 70-х угодкаў Івянецкага паўстання".

2. Сам Дзяніс Салаш напісаў песню ў гонар паўстання.

3. 5-7 ліпеня Мінскае роварнае таварыства плануе зрабіць роварны прабег памяці герояў і ахвяраў па трасе Багданаў - Радашковічы, па паўночнай ускраіне Налібоцкай Пушчы.

4. У нядзелю, бліжэйшую да 19 ліпеня, у Баравікоўшчыне, на месцы гібелі бл. аа. Ахілеса Пухалы і Германа Стэмпеня, адбудзецца штогадовая Імша, на якую звычайна збіраюцца сотні людзей, прыходзяць, прыязджаюць пілігрымы.

5. 26-30 ліпеня адбудзецца пешая пілігрымка Мінск-Івянец-Камень-Налібокі-Навагрудак у 70-я ўгодкі гібелі блаславёных сёстраў-назаратанак з Навагрудка (адзінаццаць манахінь загінула таксама у час аперацыі "Герман", пайшоўшы на смерць замест іншых людзей).

6. Увосень плануецца выхад фотаальбома “Налібоцкая Пушча” ў выдавецтве "Рыфтур".

7. На верасень-кастрычнік запланаваная мастацкая выстава ў Доме польскім ў Івянцы.
 
Вольга РУДНІЦКАЯ па матэрыяле Дзяніса САЛАША, salasz.livejournal.com
Фота са старонкі salasz.livejournal.com


Читайте также

Дача горела ночью в Молодечненском районе – люди не пострадали
Сегодня ночью, 28 марта, в садоводческом товариществе недалеко от деревни Гай Молодечненского района загорелся дачный дом. Обошлось без жертв и пострадавших.
Вступительная кампания 2024: нарушители инструкции о проведении ЦЭ смогут продолжить образование
Выпускная кампания в учреждениях общего среднего образования в 2024 году выстроена так, что даже нарушители инструкции о проведении централизованного экзамена получат возможность продолжить учебу.
Права на 20 лет и техосмотр на 3 года. Какие изменения вносит новый указ?
Проведение более 200 административных процедур корректируется в Беларуси. Соответствующий указ №55 подписан 16 февраля.