Все города | Браслав | Вилейка | Воложин | Глубокое | Докшицы | Молодечно | Мядель | Островец | Ошмяны | Поставы | Сморгонь |
Расписание транспорта | Новости | Погода | Компании и услуги | Афиша | Блоги | О нас | Рекламодателям |
Нататкі пра паездку ў Грузію.
Нечакана Грузія зноўку пагрукала ў маё жыццё. Я з небывалай радасцю прыняла гэта запрашэннне.
У 2014 годзе мне ўжо выпала магчымасць вандраваць па гэтай тэмпераментнай краіне. Вандравала, як заўсёды, сваім улюблёным спосабам: аўтаспын, заплечнік, кашы, намёт і так далей у гэтым напрамку. Адным словам, гэта была вандроўка, прасякнутая невядомасцю.
Цяпер жа ўсё было інакш. Сустрэча ўяўляла з сябе азнакамляльны візіт пад назвай “Прынцыпы добрага кіравання ў сферы культуры і ўстойлівага развіцця: грузінскі вопыт”. Арганізатарамі выступілі: ПІУ “Цэнтр даследвання грамадскага кіравання “СІМПА”, МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, грамадска-культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі”.
У гэтым візіце прынялі ўдзел прадстаўнікі з розных гарадоў Беларусі, якія актыўна развіваюць культурнае жыццё і спрыяюць устойлівому развіццю свайго горада. Цікава было пачуць і падзяліцца сваім досведам з удзельнікамі.
Праграма візіта была распісана па хвілінах. У сярэднім 3 сустрэчы ў дзень. Сярод іх: Міністэрства рэгіянальнага развіцця і інфраструктуры, Міністэрства культуры і аховы помнікаў, Свабодны універсітэт Тбілісі, Нацыянальная адміністрацыя турызма, мэрыі Тбілісі, Руставі, Мцхеты. Нам давялося наведаць Тбіліскі гістарычны музей, зрабіць экскурсію па старым Тбілісі, трапіць у старажытную сталіцу Грузіі – Мцхету – і пашпацыраваць галоўным праспектам Тбілісі – Руставелі – падчас Дня незалежнасці. Грузія сёлета святкавала 26-я ўгодкі незалежнасці.
Сустрэчы мелі яскрава выражаны афіцыйны характар. Для мяне гэта было новым. Грузінскія прадстаўнікі ўлады, як дзяржаўных, так і недзяржаўных устаноў, шчыра прымалі нашую дэлегацыяю. Не было складанасцей у камунікацыі: любы мог задаць пытанне, якое яго цікавіла.
Наогул, параўноўваючы свой мінулы вопыт камунікацыі з грузінамі, якіх я сустракала ў дарозе, і цяперашнімі сустрэчамі з грузінскай уладай, адрозненняў не заўважыла: тая ж адкрытасць, пазітыўны погляд на свет.
Чырвонай стужкай праходзіла жаданне розных галін улады дэлегаваць частку сваіх паўнамоцтваў мясцоваму насельніцтву. То бок калі помнік знаходзіцца на тэрыторыі сяла, то ў першыю чаргу пра яго клапоцяцца менавіта мясцовыя жыхары.
Магчыма, на гэта ў тым ліку ўплывае невялікая колькасць насельніцтва ў краіне, дзе жыхары праз знаёмых ведаюць адзін аднаго.
Цікава, што грузінская ўлада робіць стаўку на сацыяльныя сеткі і актыўна іх выкарыстоўвае пры ўзаемадзеянні з насельніцтвам. Напрыклад, наведаўшы Міністэрства ўнутраных спраў, мы былі мякка кажучы здзіўленыя, калі ладная частка нашай дэлегацыі апынулася ў сябрах у facеbook у намесніка міністра.
Узгадваючы Дзень незалежнасці Грузіі, успамінаю вось што:
вялікая колькасць дзіцячых спеваў і танцаў, ад якіх упершую чаргу атрымоўваюць асалоду самі ж дзеці, “мора” букетаў кветак, тралей, які нацягнуты (увага!) праз цэнтральны праспект сталіцы, вялікая колькасць інтэрактыўна-развівальных пляцовак для самых маленькіх грузінаў.
У апошні дзень мы наведалі кляштар Джвары – самы першы помнік Сусветнай спадчыны Грузіі, які знаходзіцца на зліцці дзвюх рэчак: Куры і Арагві. Менавіта тут роўнаапостальная Ніна ўсталявала крыж, які азначаў прыняцце Грузіяй хрысціянства. Месца заварожвае сваёй прыгажосцю!
Аднак больш за ўсё мяне ўразіў Свабодны ўніверсітэт Тбілісі, створаны ў 2007 годзе шляхам зліцця Еўрапейскай школы менеджмента і Тбіліскага ўніверсітэта Азіі і Афрыкі. Заснавальнікам якога з’яўляецца былы міністар эканомікі Грузіі, бізнесмен, ініцыятар рэформ у Грузіі Каха Бендукідзэ. Каха лічыў, што галоўным рухам у развіцці краіны з’яўляецца асабістая ініцыятыва.
Менавіта гэты ўніверсітэт знаходзіцца на першых пазіцыях па рэйтынгу лепшых універсітэтаў краіны.
На афіцыйным сайце ўстановы ёсць яскравае відэа пра ўніверсітэт, хоць і на грузінскай мове:
Свабодны ўніверсітэт Тбілісі – гэта адзіная ўстанова ў Грузіі, у якой магчыма бескаштоўна навучацца, пры ўмове набору высокай колькасці балаў на дзяржаўным тэставанні.
Студэнты вольна адчуваюць сябе на падлозе калідораў, рыхтуючыся да заняткаў, ключы на вахце ў свабодным доступе, бібліятэка – гэта адзін вялікі вулей з шафамі кніг да самай столі.
Падчас экскурсіі па ўстанове нам паказалі кібер-лабараторыю, прыкладана з такім апісаннем да яе: “Прафесара вы тут не пабачыце, ён даў заданне, а студэнты самастойна працуюць над ім, бывае, што і ў нядзелі наведваюцца сюды!” Думаю, гэта красамоўны прыклад той атмасферы, якая пануе ва ўніверсітэце: шчырай цікавасці да таго, што адбываецца, і актыўны ўдзел у гэтым. Ды не толькі ва ўніверсітэце, але і ва ўсёй краіне!
#justBudzma
Последние комментарии