Последние комментарии

Велападарожжа па Нарвегіі


Опубликовано:

Размова з падарожнікамі, якія летам 2015 вандравалі на роварах па Нарвегіі.

Перад тым, як накіравацца ў вандроўку па краіне, заўсёды збіраеш інфармацыю пра яе. 

Таму ніжэйпрыведзеная размова дапаможа даведацца больш пра Каралеўства Нарвегія.

У чым галоўная асаблівасць падарожнікаў, пра якіх пойдзе размова? У тым, што, калі нехта думае, прымяраецца, вырашае, як бы куды-небудзь выехаць, то яны ўжо у Дарозе – толькі і паспявай адсочваць у стужках сацыяльных сетак іх абнаўленні.

Пазнаёміцца з такімі бадзёрымі турыстамі як Ганна Бань і Аляксандр Тумчонак мне выпала магчымасць у школе турыстычнай падрыхтоўкі, якую ладзіў "Рэспубліканскі турысцка-спартыўны саюз" мінулай вясной.

Пагаворым з падарожнікамі пра іх роварную вандроўку – не дзе-небудзь, а ажно па… Каралеўстве Нарвегія!

Існуе меркаванне, што вандраваць далёка з роварам вельмі нязручна: транспартыроўка небяспечна для саміх жа ровараў. Але нашы падарожнікі лічаць зусім інакш. Перавозіць ровар не так і складана, калі для гэтага набыць адмысловы чахол (Гэта падасца дробяззю, калі ты ты трапляеш у адну з самых дарагіх краін свету, дзе кошты ў 2-3 разы большыя за нашыя – перавозка ровару каштавала 60 еўра з чалавека.). Да таго ж ты ні ад кога не залежыш, толькі ад сваёй фізічнай падрыхтоўкі.

чахол

(Адмысловы чахол на ровар).
Наогул схема "ровар+запас ежы з дому" дае амаль 100-працэнтную верагоднасць нядрэнна пражыць некаторы час у любой дарагой краіне! Ганна з Аляксандрам сваім прыкладам пацвярджваюць гэта: з грошай, адведзеных на ежу, яны патраціліся толькі на 1,5 кілаграма марожанага.

- Чаму ж менавіта гэту дарагую краіну яны абралі, а не іншую? – пытаюся я.

Вось, што на гэта адказвае Ганна: “Тысячы зацішных бухт і маляўнічых фіёрдаў, якія ўпрыгожваюць ўзбярэжжа краіны, невысокія горы, пакрытыя лясамі і сенажацямі, ствараюць той непаўторны каларыт, за якім я непасрэдна і паехала ў гэту краіну”.

7

(Ганна на "Языку троля").
Аляксандр: “Галоўная славутасць Нарвегіі – гэта прырода!!! Мясцовыя фіёрды лічацца аднымі з самых маляўнічых месцаў на планеце. Маўклівыя водныя роўнядзі, скалы, вышыня і форма якіх захопліваюць дух, вадаспады, маякі... адны прыродныя цуды змяняюцца іншымі. Тут, акрамя таго, часта можна назіраць надзвычайную па прыгажосці з'яву: паўночнае ззянне. Ну і, вядома, мініяцюрныя нарвежскія вёсачкі, што размяшчаюцца па ўсёй краіне, з чырвонымі, быццам лялечнымі, хаткамі".

11

Паход падарожнікаў доўжыўся больш за тыдзень: 4.09.2015 – 13.09.2015.

Дакладны маршрут такі: в. Гудагай – аэрапорт Вільня – аэрапорт Берган – г. Берган – г. Індрэ Арна – г. Тысендаль – г. Нархеймсунд – паромная пераправа Цёёрвікбогд-Ёандаль – г. Ода – «Язык троля» – вадасп. Латафос – г. Этнэ - г. Алэн – г. Аксдаль – паромная пераправа Арсвегэн-Мантарвіка – г. Ставангер – аэрапорт Ставангер – аэрапорт Вільня – в. Гудагай.

Падарожнікі ад пачатку да канца былі верныя свайму ровару, нават прамежак Гудай-Вільня (Гудагай – апошні пункт на беларускай чыгунцы ў кірунку Вільні), яны праязджалі без дапамогі чыгункі. Вось вытрымкі з іх летапісу наконт гэтага: “Идет сильный проливной дождь. Надев дождевики и шлепанцы, подготавливаем велосипеды и направляемся в сторону границы с Литвой (ПТО Каменный Лог). …За деревней асфальтированное покрытие заканчивается и начинается сильно разбитая гравийка. В некоторых местах приходилось даже спешиваться. Рельеф холмистый. … Останавливаемся на АЗС «Беларуснефть», приводим себя в порядок, моем велосипеды, делаем перекус. Моросит мелкий дождь”.

Мокрыя і шчаслівыя – а як інакш?

− І колькі каштавала ваша бюджэтнае падарожжа?

Аляксандр: «Мне ўвесь паход абышоўся ў 220 еўра. Авіяпералёт каштаваў 110 еўра (туды-назад). За перавозку ровара заплаціў 60 еўра. Ляцелі лоўкостам "Wizz Air“. У гэтай авіякампаніі ёсць выдатная акцыя – "дысконт клаб". Яна дае права на зніжку ў 5 еўра з білета, чый кошт перавышае 20 еўра. Мы гэтай прапановай паспяхова і скарысталіся».

А што гэта за “запас з дому”, як харчаваліся?

Усю ежу закупілі ў Беларусі. На свой страх і рызыку перавезілі тушаніну і згушчанку праз беларуска-літоўскую мяжу. Так як ехалі ўдваіх, вырашылі гатаваць ежу на сухім спірце. Для гэтага, найперш, зрабілі падстаўку для кубка з пустой банкі з-пад дзіцячага паштэту. Гатавалі, у асноўным, супы маркі "Лідкон", аўсяныя шматкі, макарону "зорачкі”, рысавыя, пшанічныя шматкі з тушанінай або згушчанкай. Замест хлеба выкарыстоўвалі перапечкі (руск.-"хлебцы").

харчаванне на спірце

У Нарвегіі ўсе прадукты вельмі дарагія. Напрыклад, за 300-грамовы пачак печыва "Марыя" прыйдзецца заплаціць амаль 15 крон (прыкладна роўна 32 000 тыс. бел. рублей), пры тым што ў нас яго можна набыць у 3 разы танней.

Але ж ёсць некаторыя даволі бюджэтныя кошты. Напрыклад, нам пашчасціла купіць баначку нарвежскага тунца ўсяго за 3,9 нарвежскай кроны, пры курсе еўра да кроны 1:8,7.

город Берген
- З якімі цяжкасцямі вы сутыкнуліся падчас падарожжа?

Пры планаванні падарожжа мала ўвагі мы аддалі тунэлям, якіх у Нарвегіі шмат (афіцыйны праезд на ровары па тунэлі ў Нарвегіі забаронены).

тунэль 

І ўжо на месцы, калі сутыкнуліся з імі, паўстала вялікае пытанне – як  пераадолець тунэлі, бо не заўсёды была магчымасць трапіць на аб’язную дарогу.

- З намі адбыўся вось такі кур’ёзны выпадак, – успамінае Аляксандр, – У сувязі з паломкай ровара, мы вырашылі крыху скараціць маршрут і ехаць праз 2 доўгіх тунэлі. Аднак мы ўсё адно вырашылі рызыкнуць і паехалі праз іх. Адзін тунэль удалося праскочыць, а вось з другім не пашанцавала – па гарачых слядах нас злавілі супрацоўнікі нарвежскай ДАІ. Аднак замест таго, каб выпісаць нам штраф, яны з мігцелкамі суправадзілі нас да выезду з тунэлю ды яшчэ і памахалі рукой на развітанне”.

тунэль

(На здымку разам з Аляксандрам велападарожнік з Беларусі).

- Што парадавала ці здзівіла ў Нарвегіі?

Аляксандр: “Парадавала тое, што намёт можна было ставіць у любым месцы. Адзінае правіла, якое трэба было выконваць, – за 150 метраў ад жылых дамоў. Таму ў нас былі начоўкі ў самых маляўнічых месцах: на беразе фіёрдаў, у піхтавым лесе, недалёка ад падножжа вадаспаду і нават у лесапарку на ўскрайку Ставангера”.

Ганна: “У адной з крам (сетка "Rema 1000") мы знайшлі цікавы апарат для прыёму бутэлек: ты яму бутэльку (прычым аўтамат прымае бутэлькі розных памераў і з розных матэрыялаў), а ён табе чэк на 1 крону. У нас заставалася шмат скарыстаных бутэлек з-пад пітнай вады, мы скарысталіся гэтай магчымасцю і абмянялі іх на віртуальныя грошы. Пасля за гэтыя грошы набылі тунца.

- Парады для тых, хто хоча адправіцца вандраваць па Нарвегіі!

9
"Адна з галоўных парад – гэта сачыць за надвор'ем. Яно ў Нарвегіі вельмі непрадказальнае. Нам вельмі пашанцавала і за час паходу не было ніводнага дня з дажджом. Затое пры вылеце з Ставангера на краіну абрынуўся шторм з моцным ветрам і праліўнымі дажджамі.

Таксама варта ўлічваць, што ў Нарвегіі ўсё вельмі дарагое. Таму пры планаванні паездкі намагайцеся купіць ежу ў Беларусі. Што тычыцца авіякампаній, то я б параіў ляцець Wizz Air, паколькі ў гэтай авіякампаніі самыя танныя тарыфы на перавозку спартыўнага рыштунку (у параўнанні з тым жа Ryanair танней у 2 разы).

Ваду не трэба набываць у крамах, бо па дарозе сустракаецца шмат ручаёў, і нават з-пад крану цячэ чыстая пітная вада", – падказвае Аляксандр.

Ганна ж, у першую чаргу, радзіць паклапаціцца пра дадатковы набор запчастак да ровара. Дзяўчына дадае, што за тыдзень складана шмат убачыць, таму трэба разлічваць паход на больш працяглы час.


У наступны раз больш пільна прыгледзімся да родных прастораў, дакладней да Вілейскага раёна: аўтарскі турыстычны маршрут “У радыусе Любані”.

Постоянный адрес статьи:
Если вы заметили ошибку в статье и хотите сообщить нам об этом, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Все статьи Вольгі Трубач
  • Я не зарегистрирован
  • Я зарегистрирован
  • Имя (не заполнять) Email (не заполнять) Год (не заполнять)

    Добавить комментарий

    Отправить
    Правила размещения комментария
  • Добавить комментарий

    Войти и отправить
    Правила размещения комментария