Забытая постаць Кастуся Юхневіча


Опубликовано:

Імя Кастуся Юхневіча (Канстанціна Аляксандравіча Юхневіча) – беларускага культурнага дзеяча, патрыёта, палітыка, пасла польскага сейма і публіцыста – сёння мала вядомае жыхарам Браслаўшчыны. За савецкім часам яго імя стараліся не згадваць, бо чалавек гэты вызнаваў сябе беларускім патрыётам, быў рэпрэсаваны. Віной Юхневіча было толькі тое, што ён усё сваё свядомае жыццё прысвяціў служэнню роднай зямлі, свайму краю.

Нарадзіўся Кастусь у вёсцы Пушкарышкі Новааляксандраўскага павета Ковенскай губерні (цяпер Браслаўскі раён Віцебскай вобласці) 15 снежня 1896 года.

Далей мне хочацца прыкласці надрукаваны ў віленскай “Беларускай крыніцы” ў 1928 годзе прадвыбарны тэкст з яго біяграфіяй, напісаны ўласна са слоў Юхневіча:

Кастусь Юхневіч, фота Сяргея Лескеця

Кастусь Юхневіч

“Канстанты Юхневіч радзіўся ў 1896 годзе ў небагатай беларускай сялянскай сям’і ў вёсцы Пушкарышкі, Браслаўскай гміны і павету. Па сканчэнні мясцовай школы ў 1913 годзе, уступае ў сялянска-гаспадарскую школу ў Шаўлях (Літва). З прычыны (першайС.Л.) сусветнай вайны ўлады школу зліквідавалі. Вясною 1915 году як экстэрн атрымоўвае адукацыю 4-х класаў Вышэйшай Пачаткавай Школы ў Дзьвінску. У 1918 і 1919 гадах па звальненні з арміі працуе на гаспадарцы. У 1920 годзе пераязджае на жыццё ў Браслаў, дзе перш атрымоўвае становішча ўрадоўца адміністрацыйнага. У 1925 годзе прыймае ўчасьце ў арганізацыі Супалкавай Касы ў Браслаўі, уваходзе ў склад сяброў управы, абыймаючы адначасна функцыю бугальтара (стварыў сялянскі кааператыў узаемадапамогі - С.Л.). У 1926 годзе пакідае службу і адкрывае ўласнае бюро заяваў і праўных парадаў, а таксама-ж арганізуе гурток Беларускага Інстытуту Гаспадаркі і Культуры ў Браслаўі, у склад каторага ўваходзіць як старшыня ўраду. Будучы яшчэ ўрадоўцам прыймае ўчасце ў беларускім руху і супольна са сваімі аднадумцамі распаўсюджвае пасярод сялянства беларускую літаратуру. У 1926 годзе ўступае ў беларускую сялянскую палітычную партыю “Беларускі Сялянскі Саюз” і з 1927 года займае становішча віцэ-старшыні Цэнтральнага Камітэту Беларускага Сялянскага Саюзу. На днях гр. Юхневіч арыштаваны на тэрыторыі свайго павету.” (Мова арыгіналу захаваная.)

Жонка Стэфанія, фота Сяргея Лескеця

Жонка Кастуся Юхневіча Стэфанія

Блізу двух месяцаў Кастусь Юхневіч быў арыштаваны польскімі ўладамі і знаходзіўся ў віленскай турме на Лукішках. Пасля перамогі на выбарах і атрымання дэпутацкай недатыкальнасці быў вызвалены. Друкаваўся на старонках "Сялянскай нівы", "Новага шляху", "Głos Wileński", "Kurier Wileński", "Беларускай крыніцы". З пачатку стварэння Партыі Беларускіх Народных Сацыялістаў з'яўляўся яе актыўным удзельнікам, у 1937-1939 гадах – сакратар арганізацыі.

У 1939 годзе за актыўную нацыянальную дзейнасць быў рэпрэсаваны савецкімі ўладамі і сасланы ў лагер. Пасля вяртання жыў у Браславе. Загінуў у аўтамабільнай катастрофе 14 жніўня 1971 года. Пахаваны на старых браслаўскіх могілках побач з жонкай і дачкой.

Помнікі сям'і Юхневічаў

Помнікі Юхневічам на старых браслаўскіх могілках

Да цяперашняга часу бытуе памылковае меркаванне, што Юхневіч памёр у лагеры ў Рэспубліцы Комі альбо што па вяртанні жыў у Слоніме. Верагодна, гэтае меркаванне прыйшло з польскіх крыніц. Помнік Юхневічу на старых могілках у Браславе – добрае таму абвяржэнне. Як стала вядома, сям'я Юхневічаў мела нашчадкаў, але слядоў іх знайсці не ўдалося. Будзем спадзявацца, што гэтая невялікая згадка дапаможа вярнуць пачэснае імя беларускага патрыёта.

Постоянный адрес статьи:
Если вы заметили ошибку в статье и хотите сообщить нам об этом, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Все статьи Сяргея Лескеця
  • Я не зарегистрирован
  • Я зарегистрирован
  • Имя (не заполнять) Email (не заполнять) Год (не заполнять)

    Добавить комментарий

    Отправить
    Правила размещения комментария
  • Добавить комментарий

    Войти и отправить
    Правила размещения комментария