Хроніка жыцця Краю. Радашковічы, 1918 год


Опубликовано:

Беларуская перыёдыка пачатку мінулага стагоддзя ўтрымлівае шмат цікавых і дагэтуль малавядомых матэрыялаў з жыцця нашага рэгіёна. Гэтыя тэксты не проста былыя навіны – яны запаўняюць белыя плямы нашай гісторыі, вяртаюць імёны, аднаўляюць падзеі.

М. Радашковічы. Тэатральная выстава 19 маю

(ад нашаго падпішчыка)

Што да беларускаго тэатру – Радашковічы маюць сваю гісторыю і пэўную заслугу. У 1894 року, калі ішчэ беларускі рух мала каму быў у галаве, гурток інтэлігентаў мястэчка Радашковічы і яго аколіц ладзіў платную маёўку, даход с каторай маніўся пайсьці на аснову шпіталю ў Радашковічах. Маёўка ладзілася на вялікую скалю: білеты разсылаліся ні ў адзін павет і губэрню, а нат у сталіцу. Вялізарнае памяшканне, дом на два паверхі, даў пад гэту маёўку п. Багдановіч у сваім дварэ – Бакштах (вёрст 5 ад Радашковіч).

Ось, на гэтай маёўцы-вечарынцы і меў угледзіць з’ехаўшыся з усіх старон народ першае прэдстаўленне на беларускай мове. Іграць маніліся камэдыю “Злодзей”, напісаную Ядвігіным Ш. ішчэ ў 1890 г., рэч гэта, ні зважаючы на старанне сэкрэтара маскоўскаго этнаграфічнаго імпэратарскаго таварыства – Янчука, цэнзуры ні прайшла, але арганізатары вечарыны спадзеваліся правесьці гэту справу ціханька, спадзеваліся на ўдачу тым больш, што нікаторыя ролі ігралі асобы, як мейсцовы судзебны следавацель і інш., с каторымі ў тыя часы ні толькі мейсцовая, але і паветовая паліцыя задзірацца баялася. Што будзе пасьля, як даведаецца губэрнатар, на рахубу ні бралося: неяк замажыцца і ўсё.

Ужо ролі выучыліся, ужо рэпэтыцыі ішлі добра, незаўчасна ўрэшці была на неколькі дзён перад маёўкай і генэральная рэпэтыцыя, калі ніўспадзеўкі нібыто на абед – у госьці да сьледавацеля прыехаў с павятовай Вілейкі пракурор. Пасьля абеду – пры кілішку віна – ён нізначна завёў гутарку аб будучай вечарынцы і тэатры і нібыто з вялікае прыязні даў дэлікатна зразумець. Што прэдстаўленне на беларускай мове, ды ішчэ ніцанзурнае, можа нарабіць шмат клопату: паліцыя, баючыся сама выступіць, напэўна ўжо дала куды трэба данос, на маёўку могуць зьявіцца жандары і нарабіць уселякіх непрыемнасьцяў, рэзультаты каторых трудна цяпер і згадаць.

Пасьля такой гутаркі ясна стала, што трэба было ісьці на рызыку, але на гэта ні ўсе маглі і хацелі адважыцца. Маёўка-вечарынка адбывалася шумна, весела, бо сапраўды народу наехало адусюль, але прадстаўлення на беларускай мові не было, і гэткім чыная першая проба ў гэтым напрамку ніўдалася.

Праз гадоў дзесяць пасьля гэтаго, але ўсё ж такі Радашковічам выпало на долю першым паставіць беларускае прадстаўленне. Арганізаваў яго А. Уласоў, са сваім братам. Прэдстаўленне было вельмі ўдалае і зрабіло тады вялікае ўражэнне.

Н.

Беларускі шлях №57, 1918 г.


М. Радашковічы. Тэатральная выстава 19 маю

(ад нашаго падпішчыка)

19 мая тутака зноў пасьля доўгаго перарыву адбыўся тэатр зладжаны мейсцовымі сіламі. Ігралі вучні і вучаніцы Вышэйшаго пачатковаго вучылішча. Першым ішоў “Міхалка”. Як Міхалку (К. Сайкоўскі), так і роль Карыты (П. Вольскі) правялі саўсім добра бяз лішняго шаржу, можа нават заспакойна. Заспакойна была і Адэля (Н. Зенкевіч): дзяўчына маючы 38 гадоў больш пушчае форсаў, каб спадабацца маладому хлопцу, а праз гэта павінна быць у ёй больш залётнасьці і жэманства. Натуральна правяла сваю ролю Юлька (М. Немцэвіч); на сваім мейсцы быў і Зьмітрук (К. Кіцінскі).

Наогул беручы “Міхалка” прайшоў куды лепш, чым можна было спадзевацца ад аматораў, ды ішчэ першы раз выступаючы на сцэні; больш было праўдзівасьці, чымся гэта бывае ў прафэсыяналаў.

Другім ішло – “Па рэвізыі”. Старшыні (І. Белановіч) і Пантурчысе (К. Куніцкі) у сваей доўгай сцэні трудна было прыкаваць увагу нісаўсім спакойнай “галёркі”. Гарасім (Л. Левіцкі) перасаліў п’янога сьведку, хоць на сцэні умее трымацца свабодна. І наогул апошняя сцэна п’янства с пісарам (Л. Аўдыцкі) выйшла крыху нінатуральна. Камічныя ролі, як і камічныя сцэны вельмі лёгка зліваюцца с шаржам і трэба моцнай рэжысэрскай рукі, каб утрымаць ад гэтаго асабліва пачаткуючых аматароў. Нішто справіліся са сваімі ролямі Параска (А. Товпека) і стораж (І. Шышко).

Трэба адзначыць ішчэ, што для падгатоўкі тэатру было вельмі мала часу і ўсяго было 2-3 рэпэтыцыі, якія сколькі мог памагаў прарэжысыраваць тутэйшы вучыцель Н.І. Шкода.

Пасьля выступілі дэкляматоры: Аўдыцкі, Белановіч, Левіцкі, Небашынскі, каторых публіка вельмі прыхільна спаткала. Была і музыка – трыо: мандаліна, балалайка і гітара, каторая пад загадам Чаеўскаго зыграла напраўна неколькі драбніц. У канцы выступіла сьпевацкая хоць нівялічкая дружына, але с паміж іх былі надта добрыя, чыстыя, мілыя галасы. Асабліва трэба адзначыць Браніцкую, каторая запевала “Чы ні ў полі” і “Камара”. Такі голас можа быць аздобай у найлепшым хоры. Добры голас мае і Немцэвіч, толькі, запеваючы “Чаму ж мне ні пець” на гэты паз узяла крыху за высокі для хору тон. Хор насьпех заарганізаваў так сама Чаеўскі і хоць толькі покуль што на два галасы, але і гэта вялікая яго заслуга.

Словам, увесь вечар са сваёй роднай праграмай зрабіў вельмі добрае і прыемнае уражэнне, і гаспадары яго – Більдзюкевіч і Баран хіба павінны быць здаволены с той сваей вялікай працы, якую яны ні паскупіліся ўлажыць.

Гурток радашкоўскай моладзі, маючы ў сваім складзі такія сілы, паказаў што ён мае ні толькі право, але і абавязак сталаго свайго істнавання. Ні меншы абавязак ляжыцьі на “Менскім Таварыстве Беларускай Культуры” з яе аддзелам “Дырэкцыі Народнаго Беларускаго тэатру” памагчы Радашкоўскаму гуртку ў сваёй арганізацыі: там ніхват кніжак, тэатральных твораў, німа нот на 4 галасы і інш. Добра заарганізованная Радашкоўская дружына магла б і без вялікаго накладу ажывіць ні толькі самі Радашковічы, але і суседнія мястэчкі, як Краснае, Ракаў, Гарадок, Іллю, Лагойск і Даўгінаво. Трэба аб гэтым ні толькі падумаць, але і зрабіць.

Н.

Беларускі шлях №60, 1918 г.

Мова арыгіналу захаваная

Постоянный адрес статьи:
Если вы заметили ошибку в статье и хотите сообщить нам об этом, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Все статьи Сяргея Лескеця
  • Я не зарегистрирован
  • Я зарегистрирован
  • Имя (не заполнять) Email (не заполнять) Год (не заполнять)

    Добавить комментарий

    Отправить
    Правила размещения комментария
  • Добавить комментарий

    Войти и отправить
    Правила размещения комментария