Хроніка жыцця Краю. Клюшчаны, 1920-1921 гады


Опубликовано:

Сёння вёска Клюшчаны Астравецкага раёна ці не апошняя вёска з беларускага боку ў кірунку да мяжы з Літвой. Сюды рэдка ходзяць аўтобусы, не шмат засталося і жыхароў. А яшчэ 80 гадоў таму тут віравала жыццё: Клюшчаны мелі вялікую парафію, адбываліся фэсты, мелася чыгунка (зараз не існуе), менавіта тут упершыню адыгралі “Паўлінку” Купалы і пад кіраўніцтвам Казіміра Сваяка ўзнік “Хаўрус Сваякоў”… Колькі “Допісаў у рэдакцыю”, што захаваліся на старонках беларускай газеты “Крыніца”, даюць нам магчымасць пабачыць тагачаснае жыццё мястэчка вачыма мясцовых карэспандэнтаў.

Клюшчаны, Сьвянцянскі павет

Не вясёла ў нас цяперака. Дыхаем мы апошкамі сумнай прошласьці. Там, то гэта напаткаешся яшчэ на пахаваную бытцам славу мінуўшчыны. Розныя перавароты разагналі плодных працаўнікоў на ўсе староны, а астаўшыяся ня ў сілах пакіраваць справы на належныя торы. Дзе дзеўся той хор, таварыства моладзі “CHS”, драматычны кружок, цэлая сетка пачатковых школак і г.д.? Усё адыйшло, адыйшло… Але мы глыбака верымо, што ўсё добрае вернецца, дзеля сярмяжнаго люду.

А.К., Крыніца, №16/1920 г.

 

Клюшчаны, Сьвянцянскі павет

У нашым мястэчку ёсьць польскі прытулак для бедных дзетак, і я хацеў бы сказаць аб ім пару слоў, каб іх пачулі тыя людзі, каторым варта аб гэтым чуць. Бедныя дзеці церпяць голад і холад, не ўсе дзеці маюць ежы і адзежы, а іх кормяць толькі аднэй вадой, крышку прыболтанай мукой. Праўда, Амэрыка высылае дужа многа помачы, а дзе гэта дзяецца, трудна ведаць. Амэрыка высылае пудамі, а мы атрымліваем грамамі. Ёсьць у нас выбраны ўрад над польскім прытулкам; наш урад выдае да кухні прадукты фунтамі для загадчыцы кухні, а яна сыпе ў кацёл грамамі. Загадчыца гэта робіць дужа часта балі з салдатамі. А калі хто з нашых жыхароў загляне на такі баль, то яна кажу, гэта мужык, ён непатрапе з намі.

На канец убачыла камісія рэвізійная, што наша апякунка зачала і ў Вялікім посце запрашаць гасцей на цёплыя булкі. Тады сабраліся ўсе людзі і скінулі гэту паненку з апякунства, а выбралі справядлівага чалавека быўшага закрыстыяна, дык думалі, што цяпер дзеці з голаду крычаць ня будуць. Ажно глядзём за нейкую нядзелю з гэтаго добраго, дык зрабіўся самы горшы. Знача, цяпер, людзі сталіся дужа благія і нам усім трэба папраўляцца.

Сусед, Крыніца, № 9/1921 г.

 

Беларускае казанне ў Клюшчанах

Грамадзянін Рэдактар!

Клюшчанскія беларусы Свянцянскаго павету яшчэ ў прошлым годзе рабілі стараньне ў біскупа, каб у касццеле нашым гаварыліся казаньня – прынамсі на фэстах – і па-беларуску. “У часе гэтым”, -- так пісалі яны да біскупа, – “калі Бог народ наш збудзіў з нядолі і процьмы, паказуючы чысьцейшы шлях да ажыўлення рэлігійнай культуры ў сэрцах нашых, і калі расейшчых ужо справядлівасьць ягоная скасавала, пара нам адважна і з сумленьнем спакойным заявіць свету аб сваім прыродным праве да роднай мовы ў справах святой веры нашай. І вось дзеля гэтага мы – беларусы парафіі клюшчанскай – асьмелімся прасіць Вашу Эксцэленцыю дапусьціць нашу родную мову ў Клюшчанскі касьцёл хаця ў тыя фэсты, калі гаворыцца навука і па-літоўску”… Цэлае паўгода на просьбу гэту ня было з Вільні ніякага водгуку. Аж надышоў адказ, у каторым біскуп у сэнсе прыхільным здаець гэту справу да разгляду пробашчу. Вось дзякуе Богу і добрым людцам мы 3 чэрвеня, на фэсце Сэрца Езуса, мелі шчасьце пачуць роднае слова з амбоны ў нешпары і сёння з радасьцей дзелімся гэтай навіной з рэдакцыей “Крыніцы”. Перасылаем пры гэтым нашу шчырую падзяку ўсім тым, хто памагаў нам здабываць гэтае наша права, не зважаючы ані на інтрыгі наніятых правакатараў, ані на звягу падраблянай шляхты. Слава ваякам, што вызваляюць душу беларуса з ланцугоў няволі!

Клюшчанскія Беларусы, Крыніца, №18/1921 г.

 

Клюшчаны, Сьвянцянскі павет

“Было ў людзей і да нас прыйшло” – кажа беларус пры спатканні якогас цяшчасьця. Так вось сталася ўрэшце і з нашым паблізкімі суседзямі. Тры ваколічныя вёскі запоўняны воскам якое ўкінена сюды не рахуючыся часта з якімі-небудзь, хоць самымі элемэнтарнымі, вымогамі агульнай гігіены. Гэтак напрыклад у невялічкую, бо лічачую ўсяго 14 хат, вёску К. сагнана аж целая батарыя войска, лічучая ў сабе чалавека каля паўтараста, ды коняў штук больш 80. Ад гэткага зьбіцьця ў грамаду людзей і скаціны, ды гэткіх на сёлета ўпалаў і пачалася пошасьць, пакуль што на быдла (каровы, сьвінні), якое і пачало дохнуць, асірачаюся шмат найбяднейшых сямеяк. Які лёс чакае сяньня гэтыя сем’і – страшна падумаць, бо хто-ж ня ведае, якую сяньня вагу для сяляніна мае кароўка?

Пачатае шчапленьне скаціны проціў пашараўшаяся ўжо пошасьць, дае людзём шмат спадзей, хоць ня мала і страху: ці ўжо не запозна? Дык ведайце людзцы цяпер, што ўсё рабіць трэба ў пару. Хай гэта будзе ўсім людцам агульнай перасцярогай, а жыхарам вёскі К. – горкай навукай.

Ураджаі сялетнія ў нас, сказаць можна зусём добрыя з выняткам ярын па ўзгорках.

Беларуская свядомасьць ў нас, у звязку з сацыяльным гнётам з боку і клас пануючых, шыбка расце.

Яшчэ “навінка”! Разышліся чуткі, быццам, “добрыя людцы” абдараваць наша ціхае дагэтуль мястэчка такой “інстытуцыяй”, як рэстаран, або папросту кажучы, – шынок, карчма. Вото-ж думка! Гэтага яшчэ толькіне хапала. Цікава, што гэтых “добрых” ня чутно было, калі падымалася ў нас свайго часу пытанне па пастаноўцы беларускай школкі, хоць “яны” ганарыліся, што “rowniez bialorusini”. Ці не за тое гэта “часам”, што карчма “больш” карысная для паноў ініцыятараў, чымся школа? Віншуем, а разам прыпамінаем, што ўсёждыкі ня стройна неяк закладаць лайдацкую карчму і шукаць бязчэснага “заработку”, тым, хто і так усяго гэтага за апошні раз спорна “прыдбаў” і мае яго пропасьць. Ратуйце-ж урэшце, хоць рэшткі людскога ў нас пачуцця!

Periculosi, Крыніца, №26/1921

 

Клюшчаны, Сьвянцянскі павет

Чацвертага верасьня адбыўся ў нас вялікі фэст святога Яўхіма. Фэст гэты сёлета ня зусім ўдаўся, абразіў шмат каго сваім непарадкам і даў повад на брахню эндэцкім газэтам. Пагода выпала няўдалая. Народ пачуўшы звон на суму, сабраўся бітком у касьцёл і вялікае было яго зьдзіўленне, калі неякі ксёндз пачаў літоўскую навуку, каторая тымі гадамі пасьля сумы. Прызнацца, сьмешнае было палажэнне людзей, з каторых горстачка толькі разумела па-літоўску: былі папросту змушаны слухаць незразумелай мовы і то ледзь ня цэлыя гадзіны. Адны нерваваліся, другія злаваліся, трэція Богу маліліся… Такая там была і малітва! А Іншыя так з абурэннем выходзілі. Былі гэта так званыя “палякі”. Пасьля сумы была навука па-польску, на тым мейсцы, дзе падаўнаму звычаю была навука літоўская. Беларуская навука была аж вечарам, у пятай у нешпары, калі асталося няшмат народу. Замеціць трэба, што засцянковыя шляхцянкі (так званыя легіёнскія паненкі) прабавалі маніфеставаць нездавальненьне з беларускай мовы сваімі крыўляннямі і “мінкамі”. Так здаецца і гаварылі: “ja nie chcen egzystowac na prostym kazanni, patszcie na mnie ludzie”. Але неяк ніхто гэтым разам не звярнуў на іх увагі, бо тэмат казання быў занадта паважны. Так і змарнаваліся капрысы легіёнскіх паненак. Але на тое, што літоўская навука была не на сваім мейсцы, людцы жаляцца. Кажуць, што не пара нас у касьцеле вучыць па літоўску: ёсьць на гэта школа. Прыдам яшчэ на смех, што фэст сёлетні даў даход найбольшы гандляром водкай: куды большы, як летась, калі калі гасьцілі ў нас літвіны. Пры палякох водка лепшая многа раз. З уселякімі смакамі, апроч гарчыні, мае яна і цану добрую. А найлепшая загранічная аж з Пазнаньшчыны. Гэнай адзін хлопец так напіўся, так зразу і паваліўся як сноп. От моц цудоўная! Але-ж трэба і культуры вялікай, каб гэткую моц выдумаць. Куды-ж нам! А рэшта ўсё прайшло так сабе. Толькі бабы з нашай вёскі казалі, што па такой распусце можаць прыйсьці “канец сьвету яшчэ прад канцом сьвету”…

Янка Неклюшчанскі, Крыніца, №28/1921


Мова арыгіналу захаваная

Постоянный адрес статьи:
Если вы заметили ошибку в статье и хотите сообщить нам об этом, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Все статьи Сяргея Лескеця
  • Я не зарегистрирован
  • Я зарегистрирован
  • Имя (не заполнять) Email (не заполнять) Год (не заполнять)

    Добавить комментарий

    Отправить
    Правила размещения комментария
  • Добавить комментарий

    Войти и отправить
    Правила размещения комментария