Гісторыя аднаго здымка


Опубликовано:

Часам так здараецца, што некаторыя здымкі маюць сваю гісторыю і свой працяг. Вядомыя фатографы-рэпарцёры адзначаюць, што зроблены здымак пажадана паказаць чалавеку, які на ім, – так вы атрымаеце працяг вашай гісторыі. І не памыляюцца.

Адным веснавым ранкам я выбраўся ў вандроўку, як у нас кажуць “да высокіх гор”. Гэта града Ашмянскага ўзвышша, што ідзе ля вёсак у Маладзечанскім раёне: Лебедзева, Маркава, Беніца, Якавічы, Рэдзькі, Рымцелі... Жыццёвы лад і менталітэт мясцовых жыхароў шмат у чым адрозніваецца ад нашага "раўніннага". Людзі больш кансерватыўныя, набожныя, нетаропкія і ўдумлівыя, беражлівыя. Напрыклад, калі спілуюць дрэва, то галлё не выкідаюць і не паляць на месцы, а вяжуць у “капкі”, дзе яно высыхае і ідзе пасля на распал. І такіх адрозненняў процьма.

Па вясне, пасля снежнай зімы, яны першыя змагаюцца з павадкамі, якія размываюць агароды, дарогі, вымываюць плот. Прыходзіцца старым і маладым рыць рыдлёўкамі раўчукі, адводзячы ад сябе бяду. Вось такія рупліўцы з вёскі Беніца мне і патрапілі ў кадр.

фота Сяргея Лескеця, kraj.by

Жвавай крыніцай бегла вада, абмінаючы снежныя глыбы і камяні. Бабуля з рыдлёўкай у руках і гарэзлівы хлапчук з абламаным шуфлем расчышчалі ёй дарогу. Я прыпыніўся, мы крыху пагаманілі, зрабіў пару кадраў і паехаў далей. І толькі дома, калі пабачыў здымкі на маніторы, зразумеў, наколькі яны каштоўныя. Твары людзей вясёлыя і светлыя, хлопчык гарэзліва ўсміхаецца – усё так натуральна і шчыра. Я вырашыў, што абавязкова трэба вярнуцца і падараваць гэты здымак маім героям. Так і зрабіў.

Праз колькі часу я выправіўся ізноў у Беніцу і пайшоў той жа вулкай, углядяючыся ў здымак і шукаючы патрэбны дом. Недалёка ад дарогі на лавачцы сядзела бабуля, я вырашыў да яе падысці і запытацца, ці не ведае яна людзей на здымку. Якім жа было маё здзіўленне, калі аказалася, што гэта тая самая бабуля, што на здымку. Я чамусьці не ўглядаўся ў твар, а шукаў падобную мясцовасць. Атрымаўся сапраўдны сюрпрыз для нас абаіх. Бабуля вельмі ўзрадавалася “картачцы” і такому працягу гісторыі. А для мяне яе шчырае дзякуй і зараз больш каштоўнае за ўсе ўзнагароды і прызнанні.

Постоянный адрес статьи:
Если вы заметили ошибку в статье и хотите сообщить нам об этом, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Все статьи Сяргея Лескеця
  • Я не зарегистрирован
  • Я зарегистрирован
  • Имя (не заполнять) Email (не заполнять) Год (не заполнять)

    Добавить комментарий

    Отправить
    Правила размещения комментария
  • Добавить комментарий

    Войти и отправить
    Правила размещения комментария