Баруны-Гальшаны


Опубликовано:

Эх, даўненька я не наведваў землі былога Нальшанскага княства. Таму пры першай жа магчымасці ў кампаніі сяброў-гісторыкаў, якіх набілася цэлая машына, мы выправіліся ў шлях. Чырвонае сонейка на світанку фарбавала неба, а за вакном мільгацелі краявіды. Сонны Мінск змянілі чароды лясоў і пагоркаў. Па салоне разліваўся пах малінавай гарбаты і дзяліўся сняданак, а за вакном машыны гудзела шаша, і пад гэты гул мы пачалі весела гаманіць аб былым і надзённым, аб слаўных продках і няўдзячных нашчадках. У коле гісторыкаў-аднадумцаў заўжды так! Дзень павінен быў задацца цікавым і змястоўным. І гэта натхняла.

Першым прыпынкам у нашым падарожжы была вёсачка Старыя Баруны, так і хочацца сказаць, былога Ашмянскага павета. Прыпыніліся наўпрост прайсціся вулачкай, падыхаць вясковым паветрам, паглядзець. Ціха. Рапяць калодзежы. Відаць, гаспадары дастаюць ваду, даглядаюцца. Восень яшчэ не разгулялася, і незжаўцелая трава іскрыцца срэбным інеям. Ні ветрыка. Паўсюль пануе цішыня. І, падаецца, час спыняецца. Так тут усё спакойна і гарманічна.

Вёска Старыя Баруны

Вёска Старыя Баруны (Ашмянскі р-н) Фота Сяргея Лескеця, kraj.by

Вёска Старыя Баруны (Ашмянскі р-н) Фота Сяргея Лескеця, kraj.by

Вёска Старыя Баруны (Ашмянскі р-н) Фота Сяргея Лескеця, kraj.by

Следам накіроўваемся ў Баруны. Тут нашы шляхі крыху разыходзяцца, каму трэба ў сельсавет, бо надумаў сабе прыдбаць хатку на хутары, камусьці да старога камня, мне ж карціць паздымаць краявіды ды вулачкі, велічны касцёл. Побач са мной ідзе маленькая экскурсія, гэта дзедкі з мясцовага садка. Выхавацелькі, напярэдадні Дзядоў, вырашылі схадзіць да могілак. Малеча радасна прыгае і штурхаецца перад аб’ектывам, а я з радасцю лаўлю іх шчырыя ўсмешкі.

Ізноў у дарогу. Збочваем з Барун і накіроўваемся да старых хутароў, што стаяць сіратліва між палёў ды лясоў у кірунку Гальшан.

Вёска Баруны

Вёска  Баруны (Ашмянскі р-н) Фота Сяргея Лескеця, kraj.by

Дзеткі з вёскі Баруны (Ашмянскі раён) Фота Сяргея Лескеця, kraj.by

Завітваем на хутар Каеценяты да Каханоўскай Зузанны Паўлаўны. Апусцелы хутарок на ўзгорку. Пяць прыземістых хатак схаваных пад велічнымі ліпамі і старым садам. Гаспадыня рэкламуе пакупнікам свае колішнія “ўладанні”. І паступова размова пераходзіць на цёплую сяброўскую гутарку. Дастаюцца вясковыя пачастункі і праз успаміны ўсплывае былы лад гэтага шляхоцкага кутка. Таго часу, калі зямля была самым дарагім, высока цанілася працавітасьць, а адзнакай дастатка была гаспадарка. У падцьверджанне сваіх слоў панна Зузана хоча паказаць нам кузню свайго мужа і дастае з бідончыка, які прымасціла пад схованку, цэлы тузін матузкоў з ключыкамі, каб дастаць патрэбны. У гэты момант я і раблю свой самы каштоўны і ўдалы здымак за дзень. Удалося такі вырваць з часу імгненне, якое перадае і захоўвае сапраўдны хутарскі лад жыцця: у позірку бачны жыццёвы досвед і мудрасць, спрацаваныя і загарэлыя на сонцы рукі трымаюць жмут ключыкаў ад розных паветак і клецяў, хлеўчука і лазні, майстэрні… А на вуснах ледзь бачнае задаволеная ўсмешка: “Вось яно, маё багацце, маё жыццё, мая гаспадарка”.

Гаспадыня хутара Каханоўская Зузанна Паўлаўна

Каханоўская Зузана Паўлаўна в. Каеценяты (Ашмянскі раён) Фота Сяргея Лескеця, kraj.by

У Гальшаны заехалі ўжо вечарам. Тут мы наведалі гарадзішча, дзе сябры ўжо блізу пяці год праводзяць археалагічныя раскопкі, завіталі ў школьны музей, дарэчы, вельмі багаты на цікавыя экспанаты, прайшліся вулачкамі і зайшлі ў кавярню “Замкавую”, дзе пакаштавалі катлетаў гальшанскага гатунка.

Сонца хілілася да гарызонту, і сваёй чырванню залівала вуліцы ды сцены старога замка. Гэтыя імгненні вельмі кароткія каб абыйсці ўсё мястэчка і пафатаграфаваць, таму аддалі перавагу замку, які што год выглядае ўсё горш з-за недагляду і патрэбы тэрміновай рэстаўрацыі.

Гальшаны

Вёска Гальшаны (Ашмянскі раён)  Фота Сяргея Лескеця, kraj.by

Гальшанскі замак (Ашмянскі раён) Фота Сяргея Лескеця, kraj.by

Гальшанскі замак (Ашмянскі раён) Фота Сяргея Лескеця, kraj.by

Гальшанскі замак (Ашмянскі раён) Фота Сяргея Лескеця, kraj.by

 Так наша вандроўка пачыналася чырванню раніцы, і так яна сканчалася, ўжо на заходзе восеньскага сонца. Ды толькі да дому ехалі моўчкі. Кожны пры сваіх думках, пры сваіх развагах. І ў кожнага з нас было пэўнае адчуванне, што штосьці мы там пакінулі, ад чаго так тужліва. Быццам частку сябе. А наперадзе ўжо блішчэў агнямі горад.

Больш здымкаў з Старых Барун, Барун, Каеценятаў ды Гальшанаў можна пабачыць у фотагалерэі Края.

Постоянный адрес статьи:
Если вы заметили ошибку в статье и хотите сообщить нам об этом, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Все статьи Сяргея Лескеця

МНЕНИЯ ПОЛЬЗОВАТЕЛЕЙ

  • Sasha Lis 11 апреля 2012 в 23:14:17
    Мы з мужам таксама ажыццявілі падобную вандроўку мінулым летам. Вельмі моцныя уражанні!!!
  • Я не зарегистрирован
  • Я зарегистрирован
  • Имя (не заполнять) Email (не заполнять) Год (не заполнять)

    Добавить комментарий

    Отправить
    Правила размещения комментария
  • Добавить комментарий

    Войти и отправить
    Правила размещения комментария