Астравецкі дзённік


Опубликовано:

Дзень першы. Гудагай-Астравец-Малі-Варона-Кемелішкі

 Астравецкая зямля заўжды вабіла мяне сваімі краявідамі, шэрай посцілкай азёр і рэк, утульнасцю і хараством наваколля, пярэстай мясцовай гамонкай ды скарбамі традыцый. Тут, як нідзе больш у нашым краі, спалучаюцца прагрэсіўнае імкненне да новага і спрадвечная архаічнасць. У будучым гэты край чакаюць вялікія змены. Тут распачнецца будаўніцтва астравецкай АЭС. Да чаго ўсё гэта прывядзе, адназначна сказаць цяжка, але зразумела, што рэгіён непазнавальна зменіцца і ўжо ніколі не будзе такім, якім быў дагэтуль.

Каб лепш зразумець, што мы страчваем, пераасэнсаваць і занатаваць адыходзячы векавы ўклад, я выбіраюся ў дарогу. Калі аўтаспынам, а калі і пешшу, мой маршрут будзе пралягаць па вёсачкам і хутарам Астравеччыны, дзе я буду фатаграфаваць этнаграфічныя адметнасці ды размаўляць з людзьмі. Свае падарожныя нататкі я буду весці ў форме дзённікавых запісаў, бо ў дарозе не заўсёды стае часу на напісанне паўнавартаснага тэксту, а цікавосткі, якія распавядаюць суразмоўцы, ледзь паспяваеш запісваць.

Свой шлях я пачынаю марозным ранкам накіроўваючыся да цягніка Маладзечна-Гудагай.

Ідучы па перону, прыгадваю адзін цікавы жарт, што часта паўтараецца ў рэальным жыцці.

Старэнькая бабуля, якая ехала ў госці да сваякоў праз Маладзечна, на вакзале, кіўнуўшы ў бок “дызеля”, запыталася ў мясцовага юнака:

– Унучак, а куды гэты цягнік пойдзе?

– На Гудагай!

– Дзе ж я табе старая ўгадаю, – прабурчала бабуля, а пра сябе заўважыла: "Во дзе моладзь нахабная пайшла, угадай мне кажа!"

А тым часам гудзе апошні сігнал, і цягнік рушыць сваей павольнай хадой, быццам адбіваючы няспешны вясковы рытм. Пройдзе якая гадзіна – і вагоны апусцеюць. Набліжаемся да мяжы. Крыху паштурхаўшыся з пашпартам ля памежнікаў, спяшаюся да астравецкага аўтобусу якім найхутчэй даеду да горада. Астравецкімі вуліцамі іду пешкам у бок Варнянаў, далей – як пашанцуе.

За Астраўцом у маім кірунку трапляецца першая вёска Малі. Прыгожыя ваколіцы, рачулка, возера, вольхі пад покрывам снегу.

Ваколіцы вёскі Малі

Рачулка ля в. Малі Астравецкі раён, Лескець Сяргей, kraj.by

Хаджу па вулачках, вітаюся з бабулькамі, што спяшаюцца па свежы хлеб у краму, і трапляю да незвычайнай хаты. Дакладней нават не хаты, а сапраўднай каплічкі. Цікавая і па-свойму ўнікальная рэч. Нараджэнне новай парафіі. Ля падворка вялікі каталіцкі крыж, між дрэў каляровыя стужкі, на гародчыку і ў двары стаяць характэрныя для астравецкага краю хаткі-абразы. Дзе ж бы ў каго распытаць падрабязней пра гэта дзіва? На выручку прыйшоў сусед, які і распавёў гісторыю хаты і яе гаспадароў:

“Каплічкай хата стала не так даўно, мо пару год таму. Пабудавалі хату і жылі тут  Тадэвуш і Ірына Кацянель. Муж працаваў кіроўцам аўто ў калгасе, а жонка працавала ў краме. Затым яны пераехалі ў Астравец, а хату прадалі Стасевічам. Па іх смерці маёмасць перайшла да дачкі, якая ў свой час вырашыла ахвяраваць спадчыну касцёлу. Вось так і з’явілася каплічка. Службу спраўляць прыязджае кожную другую нядзелю месяца ксёндз з Астраўца”.

 Хата-капліца ў вёсцы Малі

Вёска Малі Астравецкага раёна, Сяргей Лескець, kraj.by

Вёска Малі Астравецкага раёна, Сяргей Лескець, kraj.by

 

Лічу, што трэба будзе потым сюды вярнуцца і зрабіць невялікі рэпартаж аб службе. Чытачоў гэта павінна зацікавіць.

А дарога кліча далей. І тут на выручку прыходзіць мой сябра, вядомы краязнаўца ды й проста добры чалавек Алесь Юркойць, такі ж, як і я, аматар старасвеччыны ды фатаграфавання. Па сваіх справах ехаў з Астраўца, ды маючы вольную гадзіну, падвёз мяне да вёскі Варона, дзе мы паздымалі касцёл, помнік жаўнерам Першай сусветнай вайны, крыгаход на Вяллі, а потым рушылі да Кемелішкаў. Там нас чакаў мясцовы мастак, даследчык і краязнаўца Стафан Вінцэнтавіч Казлоўскі, чалавек цікавага лёсу, але аб гэтым іншым разам.

Крыгаход на рацэ Вяллі

Крыгаход на рацэ Вілія Сяргей Лескець, kraj.by

Касцёл Святога Юр'я ў Вароне

Касцёл Св. Юр'я ў Вароне Сяргей Лескець, kraj.by

Сёння Кемелішкі выглядаюць невялікай выспай, жылым мястэчкам сярод абязлюднелых вёсак, а калісьці, шчэ год сорак таму, тут віравала жыццё, гудзелі фэсты і кірамашы, на святы да касцёла збіраліся людзі. Жылі тут побач з беларусамі рускія стараверы ды габрэі, літоўцы. Чаму так здарылася, што ўсё навокал у запусценні? Чыя тут віна? Савецкая сістэма пастаралася альбо цяперашняя ўлада ды межы? Альбо тут наша віна, што ўцякаем надалей ад бацькоўскага дому ў гарады, баючыся і цураючыся ўласнага мінулага? Па той бок мяжы сітуацыя зусім іншая – там чалавек гаспадар на сваёй зямлі і паўнапраўны ўласнік. Кожны хутар жылы і дагледжаны. Што тут казаць…

Ваколіцы вёскі Кемелішкі

Ваколіцы вёскі Кемелішкі Астравецкага раёна Сяргей Лескець, kraj.by

Ваколіцы вёскі Кемелішкі Астравецкага раёна Сяргей Лескець, kraj.by

Ваколіцы вёскі Кемелішкі Астравецкага раёна Сяргей Лескець, kraj.by

Зімовы дзень кароткі, і сонечны дыск, заліўшы на развітанне чырванню ваколіцы, спяшаецца схавацца за лесам. Мацнее мароз. А я з захапленнем здымаю помнік драўлянага дойлідства, каталіцкі касцёл, што велічна ўзвышаецца ў цэнтры мястэчка. Шурпатае дрэва яго сцен у промнях сонца афарбоўваецца колерам бронзы. Так лагодзіць позірк гэта хараство, што хочацца проста дакрануцца да яго.

– Я яшчэ памятаю гэтыя мясціны з маленства, – распавядае Стафан Вінцэнтавіч. – Як усё змянілася… Паспілоўвалі дрэвы, апусцелі хаты… Вось тут, між касцёлам і плябанню, стаяў Святы дуб, яшчэ з былых часоў нашаваны. Па кольцах я пасля палічыў, што яму болей за 300 гадоў было. Каму ён замінаў? Мне старыя людзі казалі, што калі ў Кемелішскім касцёле адбыўся пажар і была пашкоджана алтарная частка, імшу праводзілі побач з дрэвам. Настолькі сакральным лічылася гэта месца.

Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў вёсцы Кемелішкі

Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў в. Кемелішкі Астравецкі раён Сяргей Лескець, kraj.by

Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў в. Кемелішкі Астравецкі раён Сяргей Лескець, kraj.by

Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў в. Кемелішкі Астравецкі раён Сяргей Лескець, kraj.by

Ідзём вулачкамі мястэчка, з апошнімі промнямі святла здымаем мінакоў-вяскоўцаў, старыя будынкі, што яшчэ памятаюць дзіцячы смех, спевы ды малітвы, гаворку іх гаспадароў. Сканчаецца першы дзень маей вандроўкі. Развітваюся з Алесем і іду да засценка, дзе жыве дзядзька Стафан, каб за сціплай вячэрай гаманіць да ранку пра жыццё-быццё, ды ў святле яго ўспамінаў павандраваць па той яшчэ не падзеленай, былой Віленшчыне, расійскай Поўначы, ды паслухаць, як звініць бубен шамана.

Стафан Казлоўскі ды бубен шамана

Шаманскі бубен  Сяргей Лескець, kraj.by

Стафан Казлоўскі з шаманскім бубнам Сяргей Лескець, kraj.by

Зімовая раніца

Зімовы ранак  Сяргей Лескець, kraj.by

Больш здымкаў з вёсак Варона, Малі ды Кемелішкі можна пабачыць у фотагалерэі Края.

Постоянный адрес статьи:
Если вы заметили ошибку в статье и хотите сообщить нам об этом, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Все статьи Сяргея Лескеця

МНЕНИЯ ПОЛЬЗОВАТЕЛЕЙ

  • Sasha Lis 11 апреля 2012 в 23:20:09
    Цікава, малайчына аўтар!
  • Раман Кардонскi 30 января 2014 в 23:21:20
    Дзякуй аўтару за здымкi маёй маленькай бацькаўшчыны - Кемелiшак.
  • Я не зарегистрирован
  • Я зарегистрирован
  • Имя (не заполнять) Email (не заполнять) Год (не заполнять)

    Добавить комментарий

    Отправить
    Правила размещения комментария
  • Добавить комментарий

    Войти и отправить
    Правила размещения комментария