Астравецкі дзённік. Дзень восьмы. Рэквіем па засценку


Опубликовано:

За што я люблю фатаграфію? У першую чаргу за яе дакументальнасць і дакладнасць, магчымасць захаваць імгненне, захаваць і данесці яго іншым. Парадаксальна, але ў век лічбавых тэхналогій, калі зрабіць здымак амаль нічога не вымагае, мы гэтую магчымасць пераводзім на забаўкі, забываючы аб сутнасці. Як сцвярджаюць спецыялісты, за апошнія 20-30 гадоў у Беларусі знікла болей за 500 старажытных драўляных цэркваў, капліц і касцёлаў. Калі чытач лічыць, што ўсе яны сфатаграфаваныя і апісаныя, то ён памыляецца. Варта разгарнуць любую энцыклапедыю, дзе ў лепшым выпадку можна пабачыць некалькі выяў. Што ўжо казаць аб простых хатах і гаспадарчых пабудовах, якія ледзь не ў кожным раёне маюць свае адрозненні.

У дакументальнай фатаграфіі ёсць адно залатое правіла: калі штосьці ўбачыў і лічыш патрэбным сфатаграфаваць – здымай, нягледзячы на дрэннае святло, адсутнасць часу і неспрыяльныя ўмовы, здымай. Наступнага разу можа не быць! У гэтым мне самому даводзілася пераконвацца не раз.

Не так даўно на маей старонцы з’явіўся матэрыял аб унікальных роспісах на сценах хаткі ў нежылым засценку Рудзішкі, што планавалі ў бліжэйшы час “пусціць пад экскаватар”. Шчыра прызнацца, я сам не ўяўляў усёй каштоўнасці знаходкі. Мне з падзякай тэлефанавалі мастакі і краязнаўцы, матэрыял перадрукоўвалі ў сацыяльных сетках і на старонках інтэрнэт-выданняў. Сярод лістоў і каментарыяў быў допіс маладога спецыяліста па гісторыі мастацтва, аспіранта з Санкт-Пецярбурга Юлі Церахавай. Юля займаецца даследваннем размалёвак інтэр’ераў дамоў. Яна здолела выратаваць унікальную хату на поўначы Саратаўскай вобласці з роспісамі пачатку ХХ стагоддзя “Дом со львом”. Больш за тое, выказала жаданне па меры магчымасці дапамагчы нам з захаваннем рудзішскіх размалёвак. Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі нагадаў, што ў свой час збіраннем насценных дываноў займаўся фатограф Дзяніс Раманюк, і што нашыя выявы яго вельмі зацікавяць.

Былыя роспісы

фота Сяргея Лескеця, kraj.by

З’явілася надзея, што засценак яшчэ не знішчаны і сапраўды ёсць шанец выратаваць роспіс. Узнікла пытанне, куды дзець творы. Яны намаляваныя на вялікіх лістах гіпсакардону, значыць звычайны краязнаўчы музей проста адмовіцца ад іх. Выйсце было знойдзена нечакана. Сярод знаёмых знайшоўся чалавек, які хоча стварыць на Ашмяншчыне прыватны музей, і, безумоўна, рудзішскія роспісы яго зацікавілі. Галоўнае, каб іх можна было зняць са сцен.

Часу бракавала. У любы дзень купка шэрых дамоў, што рэзала вока ля галоўнага будаўніцтва краіны, магла знікнуць. Адклаўшы ўсе справы і сабраўшы адпаведнае абсталяванне, мы з Дзянісам Раманюком выбраліся ў дарогу. Нядзельны ранак выдаўся невясёлым: ліў моцны дождж, неба было зацягнута хмарамі. Навошта цягнуцца ў такі няблізкі свет? Між тым ужо за пагоркам віднеліся знаёмыя рудзішскія дубы, шчарбатыя стрэхі. На сэрцы крыху адлягло. Зараз у першую чаргу трэба ўсё перафатаграфаваць пры якасным студыйным асвятленні, якое падсілкуем ад машыны, а пасля ўжо падумаем, як ададраць роспісы ад сцяны. Гіпсакардон – рэч далікатная. Ён баіцца вільгаці і лёгка ламаецца.

Выбіраем лепшы пад’езд да хаты, і тут… я яе не бачу. На месцы вялікай хаты, абітай шалёўкай, стаіць палова дома. Іншая палова, дзе былі роспісы, разабраная да падмурку. Былыя “шэдэўры” знішчаныя, валяюцца навокал. На душы паскудна. У галаве ўзнікае шмат пытанняў: чаму, няўжо нельга было крыху пачакаць, навошта было пачынаць з гэтай хаты, чаму знішчылі менавіта той пакой, дзе былі роспісы, а ўвесь засценак пакінулі? Толькі хто на іх дасць адказ. Верагодна, не жадалі лішняй мітусні з пытаннем захавання “старога смецця”. Тут жа новае будуюць. Каму справа да старых малюнкаў…

Рэшткі хаты

фота Сяргея Лескеця, kraj.by

фота Сяргея Лескеця, kraj.by

Адышла ў нябыт старая хатка. Успамінам аб яе гаспадыні засталося некалькі насценных дываноў у прыватных зборах, ды з тузін здымкаў, якія зрабілі мінулым разам, не пашкадаваўшы часу. Цяпер мы вярталіся толькі з горыччу страты.

Постоянный адрес статьи:
Если вы заметили ошибку в статье и хотите сообщить нам об этом, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Все статьи Сяргея Лескеця
  • Я не зарегистрирован
  • Я зарегистрирован
  • Имя (не заполнять) Email (не заполнять) Год (не заполнять)

    Добавить комментарий

    Отправить
    Правила размещения комментария
  • Добавить комментарий

    Войти и отправить
    Правила размещения комментария