Астравецкі дзённік. Дзень шосты


Опубликовано:

Астравец-Страча-Вараб'і-Сенюці

Сярод выбітнасцей Астравеччыны сваей прыгажосцю і ўнікальнасцю вылучаецца група Сарачанскіх азёр. Ці не кожны сустрэты мной суразмоўца раіў мне іх наведаць і ўвачавідкі ў гэтым пераканацца. Заставалася толькі дамовіцца з сваякамі аб начоўцы і зпланаваць маршрут. Што праўда, з апошнім заўсёды бываюць праблемы. Аўтобусы па раёну ходзяць толькі пару разоў на дзень: зранку і ўвечары, некаторыя маршруты адмененыя. А мне трэба было ехаць у самы дальні куток Астравеччыны, туды дзе раён мяжуе з Мядельшчынай, і дзе знаходзіцца ландшафтны заказнік “Сарачанскія азёры”.

На аўтавакзале

фота Сяргея Лескеця, kraj.by

З надвор’ем мне не пашанцавала. Тады як у Маладзечне вуліцы залівала вясновае сонца і весела спявалі птушкі, над Астраўцом павіслі цяжкія хмары і марасіў дождж. Прагуляцца па гораду не прыходзілася і заставалася толькі сядзець на аўтавакзале і чакаць спадарожнай маршруткі.

У хуткім часе я ўжо сядзеў у сінім мікрааўтобусе і праз мокрае шкло назіраў за навакольнымі краявідамі, што паспешліва змяняліся адзін за другім. Час ад часу ў сваім падарожным нататніку пазначаў мясціны, куды варта было б завітаць, што сфатаграфаваць. Так я хутка дабраўся да неіснуючага прыпынку “паварот на Страчу” адкуль і рушыў да вёсак Вераб’і і Сінюці, у ваколіцах якіх я правёў не адшыя школьныя вакацыі. Тут я навучыўся плаваць, пасвіць кароў ды катацца на “матоцыку”. Таму, можна сказаць, ішоў сцежкамі свайго дзяцінства. Усё тыя ж узгоркі ўздоўж дарогі, сасновы бор, рудая веснавая трава, прыдарожныя камяні… Вось толькі вёску я не пазнаў. Думаў, што памыліўся дарогай. Вераб’ёўская школа даўно пустуе, на вуліцы ні людзей, ні машын, на старым могільніку пазразаныя дрэвы. Амаль усе пустуючыя хаты доўно павыкупляныя менчукамі і віленчукамі.

Вёска Вераб'і. Навакольныя краявіды

фота Сяргея Лескеця, kraj.by

фота Сяргея Лескеця, kraj.by

фота Сяргея Лескеця, kraj.by

Край тут надзіва прыгожы, бор за агародам, Вераб’ёўскае возера пад вакном, таму і людзі сюды цягнуцца, ад таго і зямля дарагая. Вось толькі дачнікі прыязджаюць адпачыць, парыбачыць, штосьці на двары сваім адладзіць, іх справы вёскі не цікавяць, ў іх не распытаешся аб былым.

На возеры яшчэ не сышоў лёд, і яго срэбранае люстэрка стварала прыгожы фон для раскінутага па беразе чароту, вольхаў і лазняка. Паўставаў непаўторны малюнак, быццам бераг ляжыць тонкай стужкай паміж двух нябёс. Як тут пройдзем і не паздымаеш такое хараство?

Вераб'інае возера

фота Сяргея Лескеця, kraj.by

фота Сяргея Лескеця, kraj.by

фота Сяргея Лескеця, kraj.by

Прыгадваю, як тут у зімку, яшчэ год дзесяць таму, сярод мясцовай дзетвары бытавала гульня: "Катацца на калаўроце". На возеры ў палонку ўстаўлялі невялікую калодку, да яе перпендыкулярна прыбівалі доўгую жэрдку. Адзін канец быў карацейшы, другі даўжэйшы. Ля даўжэйшага дзеці сядалі ў санкі і трымаліся, а за карацейшы круцілі па колу. Ад хуткасці займала дух. Каторыя смялейшыя ўмудраліся і на ровары па ільду катацца, а пра хакей дык і казаць не прыходзіцца. Абы назбіраліся каманды.

Адсюль бярэ пачатак возера

фота Сяргея Лескеця, kraj.by

фота Сяргея Лескеця, kraj.by

фота Сяргея Лескеця, kraj.by

Сёння возера пуставала, толькі каля самага берага, ля чарота свідраваў лункі рыбак. Ім аказаўся мясцовы ляснік Сяргей Сапега, вялікі аматар рыбалкі. Яму ўсё ні па чым, ніякім надвор’ем яго не запугаеш, абы толькі рыба была. Дзеля вераб’ёўскай рыбы і Старачанскіх азёр ён вярнуўся на радзіму сваіх дзядоў са стэпаў Казахстана, дзе нарадзіўся і рос. “Я як толькі прыехаў сюды ўпершыню, як убачыў гэтыя азёры, мне і вяртацца не захацелася. Тут жылі мае дзяды і прадзеды, гэта і мой край. Ды й прозвішча ў мяне не абыякое, сам Сапега! Ведаеш такога? Во-во!” – смяецца мясцовы “магнат” і дадае: “Ты вось, калі хочаш добрых здымкаў, то прыходзь раніцай, калі над возерам туман стаіць. Вось тады тут хороша. А зараз сунецца вечарова шэрань, сцямнее хутка. Нават рыба ўжо не клюе.”

Мясцовы рыбак Сяргей Сапега

 Мясцовы рыбак Сяргей Сапега, фота Сяргея Лескеця, kraj.by

Распавёў мне Сапега і яшчэ адну цікавостку: “Дзесьці ў кіламетрах дзесяці ад Вераб’ёў у лесе стаіць вялікі камень. Зараз туды мала хто ходзіць, нават са старых яго ніхто не ведае. А камень той святы, на ім адбітак чалавечай нагі застаўся. Як мне адзін дзед сказаў, след Божай маці! Неяк летам адвяду цябе туды, паздымаеш.” На тым мы і развіталіся.

У хаце Бабічоў

фота Сяргея Лескеця, kraj.by

Астатак кароткага веснавога дня я прысвяціў гутаркам з вяскоўцамі. Цікава паслухаць людскія лёсы, іх перапляценне, жывую беларускую гамонку, што згасае са святлом апошніх вясковых хат. Мала хто памятае старыя легенды і казкі, не кажучы ўжо пра мінулае сваей вёскі. Людзі бядуюць, што раней на вёску былі два статкі, а засталіся тры кароўкі, у вераб’ёўскую школу хадзіла 20 чалавек, а зараз у Спонды ездзяць хлопчык і дзяўчынка. Тут за рэаліямі няма месца казкам.

Больш маіх здымкаў з вёсак Вараб'і і Сінюці можна пабачыць у фотагалерэі Края.

Постоянный адрес статьи:
Если вы заметили ошибку в статье и хотите сообщить нам об этом, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Все статьи Сяргея Лескеця
  • Я не зарегистрирован
  • Я зарегистрирован
  • Имя (не заполнять) Email (не заполнять) Год (не заполнять)

    Добавить комментарий

    Отправить
    Правила размещения комментария
  • Добавить комментарий

    Войти и отправить
    Правила размещения комментария