Астравецкі дзённік. Дзень другі


Опубликовано:

Кемелішкі-Гваздзікяны-Рудзішкі-Жусіны-Куцішкі

Другі дзень распачаўся адразу апоўначы, бо спаць мы не клаліся, а пагаварыць было аб чым. Тут хачу цябе, паважаны чытач, крыху пазнаёміць з маім суразмоўцам і яго лёсам, каб ты лепш уяўляў, на якога цікавага чалавека я патрапіў.

Стафан Вінцэнтавіч Казлоўскі нарадзіўся ў засценку Рудзішкі. Рана асірацеў, выхоўваўся бабуляй, вядомай у ваколіцах чараўніцай. Часы тады былі не з лепшых, Беларусь паўставала з пасляваеннай галечы, арганізоўваліся калгасы, адной бабулі складана было пракарміць хлопчыка, малому прыходзілася галадаць. А яго з дзяцінства вабіў свет прыгодаў і падарожжаў, прага першааткрывальніцтва. Губляць не было чаго, таму адразу па вяртанні з войска, шчыра верачы ў савецкія ідэалы, падаўся працаваць у Сібір, на так званую рускую Поўнач.

Стафан Вінцэнтавіч Казлоўскі ў традыцыйным касцюме манжураў

Стафан Вінцэнтавіч Казлоўскі, фота Сяргея Лескеця, kraj.by

Акрамя працы на шахтах займаўся вывучэннем мясцовых народаў, іх побыту, традыцый, веры. Адметна, што з 60-х гадоў вёў палявыя дзённікі выключна па-беларуску, вучыўся маляваць. Паліглоты жартуюць, што цяжка вывучыць першыя тры мовы – наступныя даюцца прасцей. Дзядзька Стафан, як мясцовы жыхар шматмоўнага Віленскага края з дзяцінства мог паразумецца на ўсіх, што бытавалі ў Заходняй Беларусі. Калі яго запытаць, адкуль ён ведае столькі моваў, Стафан Вінцэнтавіч на поўным сур’ёзе адкажа, што вывучаў у “Кемелішскім інстытуце”. І будзе мець рацыю, бо ў гэтым краі з часоў Вялікага княства Літоўскага побач суіснавалі беларуская - як мова вуліцы, польская – касцёла, руская – старавераў, а таксама мовы цыганоў ды габрэяў. І не ведаць іх было немагчыма. Талерантнасць да іншых культур вылучалі яго сярод іншых працоўных у Сібіры. Айвены, паўночны качавы народ, сярод якіх Стафану Вінцэнтавічу даводзілася вельмі часта жыць, запаважалі маладога даследчыка. Мала хто сярод рускіх цікавіўся іх культурай. Добра вядома, што яны не кожнаму падаруюць шаманскі бубен, ды нацыянальны касцюм. Такія рэчы робяць толькі паважанаму чалавеку. Мае мой суразмоўца сярод айвенаў яшчэ і тытул хэргевуна, так бы мовіць, шамана.

"Спадарожнікі" вандроўніка

Падарожныя нататкі, фота Сяргея Лескеця, kraj.by

Каб перагледзець усе здымкі і слайды з бясконцых вандровак ад Сібіры да Афрыкі, выслухаць легенды ды жыццёвыя расповеды, спатрэбіцца не адзін тыдзень, але стома бярэ сваё і мусім класціся спаць, бо праз пару гадзін трэба збірацца ў дарогу.

Звініць будзільнік, і нясмелыя промні халоднага зімовага сонца прабіваюцца праз шыбы нашай хаты, а на двары столькі снегу, што амаль нічога не бачна. Мы прыгатавалі кавы ды, маючы спадзеў, што завіруха хутка скончыцца, пакрочылі па сумётах. Экскурсія па ваколіцах мае быць цікавай, бо ў гэтых ваколіцах прайшло дзяцінства майго спадарожніка, тут яму знаёмае кожнае дрэўца, двор, гаспадары.

Вясковы ранак у хаце мастака і этнографа

Вясковы ранак, фота Сяргея Лескеця, kraj.by

Мінуўшы наш засценак, ідзём да вёскі Жусіны, слаўнай сваімі кантрабандыстамі. Да мяжы тут не далёка, сем кіламетраў, таму ў 1990-х гадах тут толькі лянівы не цягаў гарэлку ды цыгарэты на літоўскі бок. За гэта і жылі. Парадаксальна, але здаралася, што на адной вуліцы жылі побач кантрабандыст ды памежнік і неяк паміж сабой суіснавалі. Увогуле, жыццё ля мяжы - рэч складаная і цікавая. Тут нібыта край зямлі, забытая перыферыя, дзе тэлевізія ды мабільная сувязь суседняй краіны лепей ідуць, чым уласныя, няма ані міліцыі, ані ўлады. Кожны сам сабе гаспадар і толькі на сябе спадзяецца. Тут пануе шматаблічнасць, бо без гэтага аніяк: літоўская пенсія большая за беларускую, таму тыя, хто мае дзяцей ці ўнукаў у Вільні, робяць сабе суседняе грамадзянства, ніхто не звяртае ўвагі на злодзея, што хаваецца ад закона ў пакінутай гаспадарамі хаце, бо не знойдзеш пасля паратунку ад яго, убачыўшы здалёк чалавека, спускаюць з ланцуга сабаку ды зачыняюцца ў хаце, бо невядома хто гэта і за чым ідзе, маюць стасункі і з памежнікамі і з канрабандыстамі, бо паўсюль свае перасцярогі і выгоды.

Вясковы ранак, фота Сяргея Лескеця, kraj.by

Ды мы з дзядзькам Стафанам сёння пагаворым не пра набалелае паўсядзённае, да гэтага яшчэ дойдзе чарга, а прагуляемся па ваколіцах яго маленства, што будуць паўставаць з успамінаў.

- Вось тут, напачатку вёскі Жусіны, - пачынае расповед Стафан Вінцэнтавіч, - яшчэ ў гады майго дзяцінства ў адной з хат мясцовая моладзь ладзіла беларускія тэатральныя прадстаўленні. Мне й цяпер прыгадваецца тая атмасфера вясковага свята. Але пайшлі далей, там куды больш цікавыя гісторыі распавяду.

Праз завіруху

Праз завіруху, фота Сяргея Лескеця, kraj.by

Праз завіруху, фота Сяргея Лескеця, kraj.by

Мінаем высокі крыж, да якога сыходзяцца клінам дзве вуліцы невялікай вёсакі Жусіны і накіроўваемся ў бок леса. Завіруха дзьме нам у спіну, зацягвае наваколле беллю. Перад вокам паўстаюць толькі чорныя постаці старых дубоў ды вольхаў у карагодзе зімы. Дзесьці за кіламетар ад вёскі, ля прыдарожнага дрэва стаіць старажытны камень-следавік з адбіткам чалавечай нагі. Такія камяні шанаваліся нашым народам, лічыліся сакральнымі. За ім, на крокаў сто далей, зачараваная вярба. Чаму яе так завуць, мой спадарожнік не сказаў, адзначыў, што людзі не раз прыгадвалі, што тут з’яўляліся здані, а само дрэва ніяк не маглі выкарчаваць.

Камень-следавік ля вёскі Жусіны

Камень-следавік, фота Сяргея Лескеця, kraj.by

Завіруха ненадоўга заціхла. Стафан Вінцэнтавіч, паказваючы на пусташ ля дарогі, кажа, што тут быў засценак, праз дарогу мясцовыя могілкі, ад якіх і следу не засталося. У Беларусі ёсць такі закон, згодна з якім праз сто гадоў з апошняга пахавання могілкі лічацца нядзейснымі і тут можна рабіць ўсё што заўгодна. Хочаш капай, хочаш лес нарыхтоўвай, можаш і дом будаваць...

- Рос я тут з бабуляй, мае ваколіцы былі, а зараз – лес ды балота. Не скажу, што дзяцінства сытым было, але цікава жылося. Увесь час на двары: гульні, забаўкі, шкодніцтва якое.

Ляснымі дарогамі

Ляснымі дарогамі, фота Сяргея Лескеця, kraj.by

Ляснымі дарогамі, фота Сяргея Лескеця, kraj.by

Жылі мы тут невялікімі сваяцкімі хутарамі ды засценкамі. Колькі хат з мясцовымі “палякамі” было, што ў касцёле па-польску, а дома з большага па-беларуску гаварылі. Наша бабуля і нас да такіх адносіла, хоць бацька, які быў польскім вайсковым афіцэрам, сябраваў з пісьменнікам Максімам Танкам, меў нейкія справы з ім у 30-х гадах. Танк гэта выдатна памятаў і кніжыцу сваю цёплымі словамі мне падпісаў на памяць.

Падпісаная Максімам Танкам кніга

Кніга, якую падпісаў Максім Танк, фота Сяргея Лескеця, kraj.by

У Кемелішках шмат габрэяў было, пазней знішчаных немцамі. Жылі тут нават стараверы. Падаецца дзіўным, што ў самым каталіцкім рэгіёне Беларусі маглі рабіць рускія стараверы, але... Настолькі тут у ХVIII стагоддзі жыццё ім лепшым бачылася ў параўнанні з Масковіяй, што сем’ямі ехалі да нас. Што пра іх сёння нагадае? Бадай, пара пустых хат на стараверскіх хутарах, царква драўляная, што з 1960-х не працуе, ды могілкі. Вось і ўся памяць. А я й сёння памятаю іх гутарку. Мы рускай мовы, акрамя як ад старавераў, ніколі не чулі. Былі і цікавыя сітуацыі. Бабуля мая, каб стымуляваць у нас прагу да вучобы і веданне рускай мовы, якая пасля вайны ўсё болей уваходзіла ва ўжытак, за кожнае вывучанае чужое слова давала пачастунак. Таму я аднаго разу прычапіўся да стараверскага старэйшага хлопчыка і пачаў яго дражніць. Ён доўга трываў і не звяртаў увагі, але ўрэшце рэшт пачаў мяне адганяць і штосьці гучна крычаць. Баючыся, што ён мяне адлупцуе, я адчапіўся і пайшоў дахаты, каб атрымаць ад бабулі пачастунак за пачутыя новыя рускія словы. Пераступіўшы парог я гучна, на ўсю хату, прадэклараваў усё, што пачуў надоечы, але рэакцыя маёй бабулі была не такая, як чакалася. У вачах з’явіўся жах і здзіўленне, яна тройчы перажагналася і замест мяшочка з цукеркамі пацянулася за дзеркачом. Вось так я і пазнаёміўся з вялікім рускім языком.

Працяг будзе

Постоянный адрес статьи:
Если вы заметили ошибку в статье и хотите сообщить нам об этом, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Все статьи Сяргея Лескеця
  • Я не зарегистрирован
  • Я зарегистрирован
  • Имя (не заполнять) Email (не заполнять) Год (не заполнять)

    Добавить комментарий

    Отправить
    Правила размещения комментария
  • Добавить комментарий

    Войти и отправить
    Правила размещения комментария