Альфонс Петрашкевіч. Забыты талент з Вілейшчыны


Опубликовано:

Неяк зусім выпадкова, гартаючы старыя беларускія газеты, заўважыў я некралог 24-гадоваму маладому паэту з Вілейшчыны Альфонсу Петрашкевічу (Ф. Калінка). Паэту таленавітаму і самабытнаму. На жаль, на сённяшні дзень не захавалася яго здымкаў, яго запісаў. Толькі з дзесятак вершаў, параскіданых па розных выданнях. Таму кожны надрукаваны радок аб маладым, заўчасна адышоўшым таленце – гэта наша даніна памяці яго ахвярнай працы. Гэта яшчэ меней белых плямаў на старонках нашай гісторыі і літаратуры.

Петрашкевіч Альфонс (Ф. Калінка)

20/V/1918

Прыйшла да нас сумная вестка, што 20 г. м. сканчаўся у засценку Вінцэнтава, Крайскай вол., Вілейскага павету ад запаленьня плуцу наш малады песьняр А. Петрашкевіч (Ф. Калінка)

Ф. Калінка меў усяго 24 гады.

Да апошняга часу, у працяг васьмі гадоў, час-ад-часу, спачатку у “Нашае Ніве”, у “Маладой Беларусі” і ў “Беларусе”, потым у “Вольнай Беларусі” і ў “Беларускім Шляху” мы спатыкалі яго селянскія лірычныя вершы.

Пісаў ён вершы так сама пад псеўданімам “Красоўскі”.

Паэзія яго – шчырая, простая, пісанная мазольнаю рукою маладога селяніна-хлебароба. Гэта – скромны салоўка беларускіх зялёных далін, кволаго бярэзьніка ля рэчкі.

Вішнёвы сад, зялёны дубок, язьмін, жаўронак, думкі ратая, бытавыя абразкі засьценковай шляхты – матывы яго паэзіі.

Калінка, кончыўшы толькі народную школу, рваўся да навукі ў горад, але варункі жыцьця беднаго ратая рэдка каму гэта пазваляюць.

Калінка па ўсёй сваёй ваколіцы шырыў беларускае друкаванае слово і беларускую ідэю.

Рэдакцыя ад імяні усіх беларускіх пісьменнікаў выказывае свай шчыры сум-жаль бацькам і сваяком без пары спачыўшаго навекі маладого паэта.

Нехай будзе яму пухам зямелька.

Беларускі Шлях №49/1918


Блізкаваты

Ну, і ўдаўся ж наш Ігналя!

Пасачыў усіх па крошцэ.

Ніздарма яго празвалі

“Блізкаватым” у нашай вёсцы.

Дзед Яхім – вы пэўня чулі? –

На адно глухі быў вухо,

Зросшысь пальцы у бабулі, –

Мыя ж вады і у зуха!

Бацька, Сідар, меу горб лоўкі,

Без броў вочы мела маці,

Нос крывы быў у залоўкі, –

Ён усіх сабраў багацці.

І глухі, і зросшысь пальцы,

І гарбок з гарбуз пудовы,

І павекі, як-бы с шмальцу,

І нос скрыўлен да паловы…

І вось гэты зух-калека.

Блізкаваты і нішчасны.

Снуець думкі чалавека

Аб быт лепшы, аб быт ясны.

Уздымаў у шчасьці праканацца,

Мо’ й пашэнціць – хто згадае?

Скрозь стаў пільна прыслухацца,

Хто пасагу болей мае:

Ці Крыстына, ці Альжбета,

Ці Матрона Юзюкова?

Зьнюхаць толькі хлопцу гэта,

А там больш ні трэ’ ні слова:

Час цяпер на хлопцаў трудны,

Дык і ён у ацэнку пойдзе.

Хтось ачысьціць камень брудны

І брыльянт мест камня знойдзе.

Горб ні сказа і ні вада, –

Дурань з горбам не бывае.

Гэтым мартвіцам ні нада, –

Так Ігналя раздумляе –

Нос крывы – ізноў ні дзіво,

Гэткі й пісар нават мае,

Для таго-ж – жывець шчасьліва,

Ні стыдзіцца й ні скрывае:

Мае жонку, дзетак трое,

Аж зайздросна – рад прызнацца.

Дык за што-ж і за якое

Мне без жонкі век бадзяцца?!

Ды абдумаўшы ўсё гладка

І абнюхаўшы ўсё тонка

Прысудзіў Ігналь: “Агатка

Мне павінна быць за жонку!”

А Агатка – каб вы зналі –

У вёсцы першая дзяўчына,

І, каб жонкай быць Ігналю,

Дык ні было й успаміну.

Дзе там – гэткая ніўдача;

Глянеш толькі – у холад кіне.

Праз варьяцтво – ні іначай,

Сваццю шле Ігналь к дзяўчыне.

Выбраў сваццю з добрым брэхам,

Што ні мела праўды й паху.

Шмат у гэтым трэба спрыту,

У свацці ж ёсьць яго даволі.

Пасуліў Ігналь мех жыта.

Дык чаго ей яшчэ болей?

Спрытам, кемкасьцю, развагай

Свацці ўзброена натура…

Даканала чын з адвагай

І адказ Ігналю турэ.

Рад Ігналя, што удача,

Шаг адважны карануе.

Чуць ад радасьці ні скача,

На плячах гарба ні чуе.

На пачатак добра й гэта,

Што дазволіла Агата,

Каб бліжэй было да мэты,

Прывясьці ў суботу свата.

Сват на воку – гора мала! –

Клопат іншы ёсьць на карку:

Напячэ Агата сала –

Паднясьці ён мусе чарку,

А тут з гэтым трудна справа

І прыдумай гдзе ратунку?!

Бо ў сваты ж ні цікава

Завітаць ні меўшы трунку.

“Хоць бы Шлема жыў”, – Ігналя,

Нос спусціўшы раздумляе: –

“Саматужкі б мы нагналі,

Сколькі й пан з двара ні мае.

Але й Шлема, як на тое,

У зямлю палез сырую…

І прыдумай што якое

На бяду цяпер такую?!”

Ну, дык што? У такія часы

Вымагаць ніхто не ў праве.

Будуць скваркі, ці каўбасы,

То й капусты хтось паставе, –

Ці Агата, ці Параска,

(Маладухі яго матка).

________________

А цяпер жа калі ласка,

Дайце скончыць верш мне гладка.

У сватох майму Ігналю

Шчасьце скончылось фатальна:

С хаты беднаго прагналі,

Ні даведаўшысь дэтальна,

Сколькі мае коні, быдла,

Сколькі лесу, сколькі поля…

Выйшаў с хаты, зьеўшы мыла,

І ні рваўся ў сваты болей.

1916 г. Вольная Беларусь


Пукай, язьмін…

Пукай, язьмін, пад ваконцам,

Ах, ўжо час, ўжо час!

Бо вясёнка з цёплым сонцам

Ужо прыйшла да нас

 

Выпускай на сьвет лісточкі

Стройся, стройся ў май!

Раскрывай жа плясточкі –

Пчол, чмялёў ззывай.

 

Заклікай на баль-пацеху

На салодкі мёд

Матылькоў, жучкоў с-падстрэхаў

Цэлы карагод!

 

Разлівай у паветры пахі,

Ваб, чаруй усіх…

Неба ярка. Пяюць птахі, –

Сэрцу радасьць з іх

1918 г. Беларускі Шлях


З вясновых праяваў

(пасьмертны твор)

Праляцела зіма. Сьцюжы, сьнегу німа,

Дожджык цёпленькі поле змывае.

С сенажацяў, разор, з усіх ям, з усіх нор

Вада мутная ў рэчкі сплывае.

 

Рэчкі пеняць, гудзяць і з імпэтам ляцяць

Ад тых месц дзе радзілісь у мора;

Хвалі скачуць, пяюць, скаргі сумныя шлюць

Па усім ніаглядным прасторы…

 

А на хвалях хоць зрэдзь і лядзянка плывець,

Нібы белая хмарка ў блакіце;

Сіраціна яна: гінуць мусіць адна

Без ратунку і ў моры і ў спрыце.

 

Знаць жыццё на зямлі: паскі точаць з раллі

Рунька кволая зо сну збудзіўшысь…

Ужо даволі чэкаць і ні жыць ні канаць

Усю зімку пад сьнегам укрыўшысь.

1918 г. Беларускі Шлях

Мова арыгіналу захаваная

Постоянный адрес статьи:
Если вы заметили ошибку в статье и хотите сообщить нам об этом, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Все статьи Сяргея Лескеця
  • Я не зарегистрирован
  • Я зарегистрирован
  • Имя (не заполнять) Email (не заполнять) Год (не заполнять)

    Добавить комментарий

    Отправить
    Правила размещения комментария
  • Добавить комментарий

    Войти и отправить
    Правила размещения комментария