Не палохайся цемры


Опубликовано:


Снег пайшоў з ранiцы, амаль за гадзiну да прыезду гасцей. Cпачатку гэта былi рэдкiя сняжынкi, якiя кружылiся сiроткамi ў халодным паветры, а затым павольна апускалiся на чорную мерзлую зямлю. Праз некалькi хвiлiн яны ператварылiся ў пухлыя снежныя шматкi. Адразу пацямнела навокал, сонца спалохана схавалася ў хмарах.

Пад вокнамi праляцеў, шалёна падвываючы, ледзяны паўночны вецер. Ад яго сцюдзёнага ляманту затрашчэла нешта на гарышчы i з комiну на падлогу хаты, як шчодрай рукой, сыпанулi жменьку тлустай сажы. Маленькая Iрэнка спалохана паглядзела ў акно, а там, за шыбаю, завiруха мяла так, што не бачна было нават паветкi, а стог з залацiстай саломай дык i зусiм знiк.

Раззлавалася сёння цётка-завiруха на людзей. Вунь як вые, зверам у дзверы просiцца. Бяда птушкам, бяда чалавеку, якi цяпер яе на сваім шляху сустрэне. Яна хуценька падмяла падлогу, запалiла грубку сухiмi яловымi дровамi i пачала чакаць. Сёння, у суботку, пасля абеду, да iх на лясны хутар павiнны госцi прыехаць з мястэчка - дзеткi бацькавага брата: кузэнка Адэлька i кузэн Мiхаська. Iрэнка заўсёды чакала прыезд гэты, як сапраўднае маленькае свята. Колькi новых гiсторый ёй расскажуць, колькi новага яна пачуе, седзячы на ўтульнай ляжанцы разам з дзецьмi? I дзе цяпер гэтыя госцi?

Надвор'е такое, што лес з полем i тыя згубiлiся, усе шляхi замяло. Лямпачка мiргнула некалькi разоў i пагасла. Хату абгарнуў густы змрок, нават агеньчык у печцы спалохана прыцiх, а потым i зусiм патух. Малая схавалася пад коўдру на сваім ложку, ёй было вельмi жудасна. Здавалася, быццам па хаце нехта прайшоў, звонка цокаючы капытцамi, некалькi разоў гарэзлiва падскочыў, перавярнуўшы пры гэтым вядзерца са смеццем, а потым падыйшоў да ложка.

Iрэнка самлела і ледзь дыхала ў схованцы. Гэты нехта схапiў коўдру i пачаў яе цягнуць на сябе. Побач яна пачула цiхае сапенне, а потым гучна раздалося: «Бе-е-е!» Ад нечаканасцi дзяўчынка высунула руку з-пад коўдры i яе ў адно iмгненне лiзнуў гарачы шурпаты язычок. «Рэўка! - падскочыла, як маленькая спрyжынка, дзяўчынка - Мая мiленькая Рэўка! Як жа я забылася пра цябе!»

I ўжо, не баючыся цемры, яна саскочыла з ложка, каб прыцiснуць да сябе малое чорнае ягня. Яно было самае квёлае з усiх народжаных i бацька прынёс яго дахаты – так і даглядаць лепш, i ў дачкі ёсць добрая сяброўка. Назвалi малое Рэўкай, а спаць дазволiлi пад печчу. Напэўна ягня таксама спудзілася, калi знiкла святло, вось i прышвэндала да ложка ў пошуках такой патрэбнай ласкi.

Дзяўчынка распалiла зноў агонь у грубцы. У хаце стала святлей i не так страшнa, бо побач скакала гарэзлiвая Рэўка, а тое, што тварылася за акном, было толькi нейкiм невыразным дзiцячым сном. Магчыма, яе новы настрой пачула завiруха i, зразумеўшы, што не мае больш улады над дзяўчынкай, падалася са сваiмі сябрукамi-вятрамi на поўнач. Адразу пацiшэла ў лесе, праз шматкi цёмных хмар паказалася руплiвае сонейка i праз некалькi хвiлiн толькi важкiя гурбы снегу напамiналi пра тое, што здарылася сёння.

Iрэнка пачула, як у двары зашчабяталi вясёлыя галасы дзетак i, накiнуўшы пуховую хустку на свае плечы, пайшла сустракаць гасцей. Чорнае вяртлявае ягня бегла побач. Усе маленькiя жахi дзяўчынкi з легкім патрэскваннем дагаралi ў грубцы. I, як потым распавядаў стары варабей сваiм слухачам-сiнiчкам, Iрэнку болей не палохала нi зiмовая цемра ўвечары, нi нават шалёная завiруха. Але гэта ўжо зусiм іншая гiсторыя з ляснога краю.

Постоянный адрес статьи:
Если вы заметили ошибку в статье и хотите сообщить нам об этом, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Все статьи Сергея Брандта
  • Я не зарегистрирован
  • Я зарегистрирован
  • Имя (не заполнять) Email (не заполнять) Год (не заполнять)

    Добавить комментарий

    Отправить
    Правила размещения комментария
  • Добавить комментарий

    Войти и отправить
    Правила размещения комментария