Выстава здымкаў протаіерэя Паўла Валынцэвіча пачатку ХХ ст.

Выставачная зала імя Н.Ю. Сілівановіча Вілейскага краязнаўчага музея запрашае наведаць выставу “Погляд мінулай эпохі” на фотаздымках протаіерэя Паўла Валынцэвіча.

Выстава працуе з 14 да 31 жніўня.

Больш за 20 фотаздымкаў, адсканаваных са шкляных негатываў, якія цудам захаваліся да нашых дзён, пазнаёмяць наведвальнікаў выставы з гісторыяй Вілейшчыны пачатку 20 стагоддзя: храмамі, падзеямі, людзьмі. Большасць фотаздымкаў – з вёскі Касута. І гэта невыпадкова.

6 красавіка 1899 года вакантнае месца святара ў сяле Касута было ўступлена псаломшчыку Мастаўлянскай царквы Гродзенскага павета Паўлу Валынцэвічу, які скончыў курс Літоўскай семінарыі. 25 мая ён быў пасвячоны ў духоўны сан і прызначаны настаяцелем царквы Святых Апосталаў Пятра і Паўла, дзе і праслужыў да 1902 года.

Фотографии Павла Волынцевича. Вилейщина начала ХХ века

Павел Валынцэвіч меў шырокае кола інтарэсаў. Ён пісаў карціны, захапляўся астраноміяй і прыродазнаўствам, карыстаўся сонечным гадзіннікам і менавіта па ім выстаўляў час на кішэнным. Сабраў вялікую бібліятэку, якой карысталіся ўсе яго знаёмыя і вернікі. Жыва цікавіўся палітыкай, разводзіў пчол…

Але найбольшым яго захапленнем было фатаграфаванне. Гэтай новай незвычайнай справай айцец Павел зацікавіўся менавіта ў Касуце. Там і пачаў фатаграфаваць, і першы яго здымак за 1900 год – Свята-Петра-Паўлаўскай царквы. Пасля здымаў ўсё навокал, усе падзеі, якія назіраў: храмы, вёскі, святы, уборку ўраджаю, будаўніцтва хаты, прыродныя з’явы. Таму галоўнай адметнасцю фатаграфічнай спадчыны Паўла Валынцэвіча і сталі здымкі, што зафіксавалі гісторыю свайго часу.

Унікальны фотаархіў Паўла Валынцэвіча захаваўся да нашых дзён і сёння мае выключную гістарычную каштоўнасць. Вядомы беларускі фатограф Уладзімір Суцягін не толькі пачысціў шкляныя негатывы і адсканаваў іх, але, дзякуючы подпісам на негатывах, устанавіў імя фатографа і многія месцы фатаграфавання.

Асобыя словы ўдзячнасці Дзмітрыю Сярэбранікаву з Мінска, дзякуючы якому адбылася гэтая выстава. У яго калекцыі сёння захоўваюцца арыгінальныя фотанегатывы Паўла Валынцэвіча. Дыск з фотаздымкамі Вілейшчыны ён перадаў у дар Вілейскаму краязнаўчаму музею.

Вольга КОЛАСАВА, старшы навуковы супрацоўнік музея
Фотаздымкі прадастаўленыя Вольгай КОЛАСАВАЙ