Святарскае пасвячэнне і прыміцыя ў Івянцы

У суботу 23 мая брат дыякан Аляксей Марыя Юхневіч OFMConv з рук дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандра Яшэўскага SDB прыме прэзбітэрскае пасвячэнне ў сваёй роднай парафіі ў Івянцы, паведамляе catholic.by.

Дыякан Аляксей належыць да Ордэна Братоў Меншых Канвентуальных (Францішканаў), уся ягоная манаская фармацыя праходзіла ў структурах ордэна ў Польшчы. Брат Аляксей з’яўляецца выпускніком Вышэйшай духоўнай семінарыі братоў францішканаў у Лодзі. Пасля абароны магістарскай працы брат Аляксей быў скіраваны на дыяканскую практыку ў францішканскую парафію Маці Божай Анёльскай у Гродна, дзе і адбываецца апошні этап яго падрыхтоўкі да прэзбітэрскага пасвячэння.

Святая Імша з сакрамэнтам пасвячэння ў ступені прэзбітэрату, які ўдзеліць біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, адбудзецца 23 мая ў 11.00 у касцёле святога Міхала Арханёла ў Івянцы.

Усіх жадаючых брат Аляксей запрашае да духоўнага ўдзелу ва ўрачыстасці прэзбітэрскага пасвячэння з дапамогаю анлайн-трансляцыі на партале сatholic.by.

Прыміцыйная святая Імша, якую будзе цэлебраваць айцец Аляксей Марыя Юхневіч OFMConv, адбудзецца на адкрытым паветры пры касцёле св. Міхала Арханёла ў Івянцы ў нядзелю 24 мая а 11-й гадзіне.

Брат Аляксей просіць духоўна далучыцца да малітвы за яго, а таксама за ягоных сабратоў з семінарыі, якія прымуць прэзбітэрскае і дыяканскае пасвячэнне 30 мая ў Лодзі.