Сустрэча з інтэрнэт-бібліятэкай Kamunikat.org у Маладзечне

Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка Камунікат.орг запрашае літаратараў, дасьледчыкаў, навукоўцаў, журналістаў, студэнтаў ды ўрэшце ўсіх тых, хто любіць беларускую літаратуру, на сустрэчу, падчас якой можна будзе пазнаёміцца з беларускімі выданнямі, якія захоўваюцца ў яе рэсурсах.

Падчас сустрэчы адбудуцца:

- прэзентацыя праекта "Беларуская інтэрнэт-бібліятэка Камунікат.орг"
- сустрэча з беларускім бардам Віктарам Шалкевічам
- і іншыя неспадзяванкі :)

Сустрэча пройдзе ў малой зале Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.-К. Агінскага.

--------------------------------

Беларуская інтэрнэт-бібліятэка Kamunikat.org узнікла ў 2000 годзе як прыватная ініцыятыва і на працягу некалькіх гадоў існавала на грамадскіх пачатках. З часам сціплы збор публікацый беларусаў Беласточчыны перарос у буйную бібліятэку, якая сёння з'яўляецца адной з найбольш папулярных беларускіх бібліятэк у сеціве.

Доўгі час (да 2018 году) бібліятэка была праектам Беларускага гістарычнага таварыства ў Беластоку (Польшча). Цяпер пашырэннем яе рэсурсаў займаецца адмыслова створаны Фонд Kamunikat.org.

У нетрах сайта Kamunikat.org можна знайсці амаль 40 000 беларускіх публікацый – кніг, часопісаў, газетаў, video, mp3-файлаў, якія датычаць Беларусі ці беларусаў. Багатыя зборы гістарычнай літаратуры і кніг, не даступных у традыцыйных бібліятэках Беларусі, робяць Kamunikat.org крыніцай унікальнай інфармацыі для студэнтаў і навукоўцаў.

У рамках праекта “Беларускія аўтары” Kamunikat.org дае магчымасць ствараць персанальныя сайты беларускіх пісьменнікаў, публіцыстаў і даследчыкаў, чые кнігі знаходзяцца ў рэсурсах бібліятэкі. Існуе таксама некалькі сайтаў беларускіх выдавецтваў і выдавецкіх серый.