Опубликовано: 31 октября 2013, 23:08
58

Ветэрынарны ўрач Мядзельскага раёна расказаў аб сітуацыі, звязанай з афрыканскай чумой

Якія канкрэтныя меры ўжо прыняты, якая праводзіцца прафілактычная работа, каб не дапусціць распаўсюджвання гэтай хваробы ў Мядзельскім рэгіёне? На гэтыя пытанні адказвае галоўны ветэрынарны ўрач раёна Станіслаў Ермаковіч.

Аб гэтым піша “Нарачанская зара”.

– Пачну з пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 29 жніўня 2013 года “Аб дадатковых мерах па ліквідацыі і недапушчэнні распаўсюджвання афрыканскай чумы свіней і іншых небяспечных захворванняў жывёлы”. Пастанова, у прыватнасці, прадугледжвае забарону рэалізацыі свініны і прадуктаў забою, камбікорму, кармавых сумесей і адыходаў мукамольнай і крупяной вытворчасці, вотруб’я, бялкова-вітамінных мінеральных дабавак і прэміксаў без узгаднення з дзяржаўнай ветэрынарнай службай. Гэта тычыцца юрыдычных і фізічных асоб, у тым ліку і індывідуальных прадпрымальнікаў (выключэнне складаюць мясаперапрацоўчыя прадпрыемствы). Забаронены таксама імпарт аналагічнай прадукцыі з неблаганадзейных па сітуацыі з АЧС краін (рэгіёнаў), неарганізаваны гандаль свінінай.

– Нагадайце, якія патрабаванні ў шэрагу прафілактычных мерапрыемстваў прад’яўляюцца да прыватнага сектара.

– Найперш зазначу, што ў радыусе не менш пяці кіламетраў ад свінагадоўчых комплексаў і фермаў грамадзянам увогуле забараняецца трымаць свіней. Адказнасць за здароўе, утрыманне і выкарыстанне свіней нясуць іх уладальнікі. Астатнія абавязаны праводзіць гаспадарчыя і ветэрынарныя мерапрыемствы па папярэджанні захворвання свіней, прадастаўляць ветспецыялістам жывел на клінічнае абследаванне і выконваць іншыя іх указанні, паведамляць аб усіх выпадках раптоўнага паморку альбо масавага захворвання жывёлы, незвычайных яе паводзінах.

Тэрыторыя гаспадаркі павінна быць агароджана, абсталявана месца для мыцця і дэзінфекцыі рук, забяспечанае сродкамі ўласнай гігіены. Памяшканне, дзе ўтрымліваюцца свінні, неабходна рэгулярна вызваляць ад гною, іншага бруду, чысціць кармушкі і паілкі. У сваю чаргу, ветспецыялісты, якія абслугоўваюць сельскагаспадарчыя арганізацыі і насельніцтва, абавязаны праводзіць на падкантрольнай тэрыторыі мерапрыемствы, накіраваныя на прафілактыку і барацьбу з АЧС. У выпадку невыканання ўстаноўленых правілаў і патрабаванняў згодна з КоАП Рэспублікі Беларусь на парушальніка можа быць накладзены штраф ад 20 да 50 базавых велічынь.

– Як паведамлялася, адной з асноўных крыніц узбуджальніка АЧС у прыродзе з’яўляюцца дзікі. На Мядзельшчыне іх хапае. Што робіцца для засцеражэння ад гэтай небяспекі?

– Нацыянальны парк “Нарачанскі” вядзе работу па змяншэнні колькасці дзікоў. Сёлета з гэтай мэтай адстралялі ўжо больш за 300 галоў. А ў радыусе 20 кіламетраў ад комплексу “Брусы” плануецца правесці поўную дэпапуляцыю гэтай жывёлы. Дадам таксама, што ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў №758 праводзіцца (у тым ліку і ў нашым раёне) ліквідацыя свінагадоўчых фермаў, дзе не забяспечана адпаведная біялагічная абарона.

– Варта, напэўна, яшчэ раз “агучыць” агульныя звесткі аб АЧС. Бо, як вядома, хто ўзброены ведамі, той абаронены.

– АЧС – гэта высокаўспрымальная вірусная хвароба хатніх і дзікіх свіней, якая працякае ў выглядзе эпідэміі, смяротны зыход набліжаны да 100 працэнтаў. Вірус вельмі ўстойлівы ў экскрэментах свіней, тушах, свежым мясе, некаторых мясных прадуктах. Валодае таксама высокім супраціўленнем да ўздзеяння розных фізічных і хімічных фактараў, што дазваляе яму доўгі час захоўвацца ў асяроддзі і прадукцыі жывёльнага паходжання.

Характэрнымі клінічнымі прыкметамі хваробы свіней з’яўляюцца: высокая пастаянная ліхаманка на працягу 3-7 дзён, прыгнечаны стан жывёлы, пасіненне або пачырваненне скуры вушэй, жывата, прамежнасці і хваста, дыярэя (зрэдку з прымессю крыві). Тэмпература павышаецца да 41-42 градусаў і пасля 5-10 сутак хваробы наступае смерць. У залежнасці ад таго, як праходзіць хвароба, адзначаецца павелічэнне селязёнкі ў 1,5-2 разы, пнеўманія, кровазліццё ў нырках, на слізістай мачавога пухіра і іншых органах, гепаратычная інфільтрацыя лімфавузлоў, вадкасць у грудной і брушной поласці. На ўсе гэтыя прыкметы неабходна звяртаць увагу і неадкладна паведамляць спецыялістам ветэрынарнай службы для прыняцця ў далейшым адпаведных мер. Толькі так можна засцерагчыся ад пагрозы распаўсюджвання афрыканскай чумы свіней.

Паводле “Нарачанскай зары”



Читайте также

Сегодня топливо подорожало на 1 копейку
В Беларуси поэтапно повысят цены на автомобильное топливо.
В Молодечно юные футболисты-любители из нескольких районов Минской области играют за выход в финал
Финальные областные соревнования среди детей и подростков по футболу «Кожаный мяч» на призы Президентского спортивного клуба стартовали сегодня в Минской области. В Молодечно за выход в финал играют мальчики 2010-2011 годов рождения.
В Молодечно на пешеходном переходе автомобиль сбил велосипедиста
На перекрестке улиц Виленской и Великий Гостинец в Молодечно сегодня, 21 мая, совершен наезд на женщину-велосипедиста.