Опубликовано: 31 января 2013, 13:38
15

Слесар Пастаўскага райгаза Павел Марціновіч расказаў, як ён выратаваў жанчыну на пажары

Павел Марціновіч працуе ў РВП “Паставырайгаз” слесарам аварыйнай службы. 19 студзеня, убачыўшы пажар, не толькі патэлефанаваў на “101”, але і кінуўся ў агонь ратаваць жыццё незнаёмага чалавека.

Як паведамляе “Пастаўскі край”,19 студзеня ён разам з жонкай ехаў на дачу ў вёску Баранавічы (Юнькаўскі сельсавет). У Бакавічах убачыў такую карціну: жылы драўляны дом унутры ахапіў пажар (Край.бай пісаў аб гэтым).

Павел Марціновіч

Изображение 1

- У хату кінуўся не раздумваючы, - расказваў пазней Павел. - Пакой быў вельмі задымлены, і я не знайшоў там чалавека. Але пачуў стогн, таму вярнуўся на вуліцу, удыхнуў свежага паветра  і зноў у агонь. Каля акна ляжала гаспадыня. Відаць, заўважыўшы пажар, яна хацела адчыніць вокны, але страціла прытомнасць. Вынес жанчыну на вуліцу. Падаспелі пажарныя, “хуткая дапамога”. Ці страшна было? У той момант за сваё жыццё не хваляваўся, думаў пра чужое.

А рызыка была вялікая: незнаёмы дом, адсутнасць спецыяльнай падрыхтоўкі, неабароненасць органаў дыхання… На шчасце, Павел не пацярпеў. Гаспадыня дома была дастаўлена ў рэанімацыю. Апёкі - 18% цела, але сёння яе здароўю ўжо нічога не пагражае.

Прычынай пажару сталі запаленыя свечкі ля абраза (трагедыя адбылася на Вадохрышча). Сітуацыю пагоршыла тое, што ў доме не было аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка. Дзякуючы яму жанчына, якая знаходзі­лася ў суседнім пакоі, магла б раней заўважыць агонь, і ён не разгарэўся б з такой сілай.

Дом пашкоджаны толькі знутры - абгарэлі сцены, столь, мэбля. Сіл і сродкаў у рамонт прыйдзецца ўкла­сці нямала. Але, як сказаў гаспадар (ён на момант пажару знаходзіў­ся на працы), гэта дробязі, галоўнае - абы­шлося без ахвяр.

- Выпадкі, калі чалавек рызыкуе ўласным жыццём дзеля выратавання іншых, адзінкавыя, - адзначыў інспектар групы прапаганды і навучання РАНС Аляксандр Мухля. - На жаль, людзі часцей абмяжоўваюцца выклікам пажарнікаў. Учынак Паўла заслугоў­вае асаблівай увагі.

Дарэчы, гэта не першая надзвычайная сітуацыя, у якой Павел Марціновіч праявіў сябе. Некалькі гадоў назад ён дапамог патушыць легкавы аўтамабіль, які гарэў па вуліцы Чырвонаармейскай у Паставах. Дзякуючы тром вогнетушыцелям, якія знаходзіліся ў службовай машыне слесара, агонь быў лакалізаваны максі­мальна хутка.

Па матэрыялах "Пастаўскага краю"



Читайте также

Начальник отдела ГАИ в Молодечно Илья Кулеш рассказал о вакансиях и кого приглашают на службу
Госавтоинспекция Молодечненского РОВД сообщает о том, что готова принять в свои ряды тех, кто хочет работать инспекторами ГАИ.
В Браславском районе 46-летний мужчина из-за неосторожного курения остался без крыши над головой
Жилой дом горел утром 25 апреля в деревне Дирничи Браславского района. Предположительная причина пожара – неосторожное курение.