Опубликовано: 29 августа 2014, 15:56
15

Пастаўскія касцы заваявалі серабро нацыянальнага чэмпіянату (ФОТА)

23 жніўня ў Бярозаўскім раёне Брэсцкай вобласці адбыўся экалагічны фестываль “Спораўскія сенакосы – 2014”. У яго рамках быў праведзены чарговы нацыянальны чэмпіянат па ручной касьбе. Сёлета ў ім упершыню ўдзельнічалі пастаўчане.

Пастаўская каманда ў складзе Мікалая Яльчыка і Валерыя Каліцкага заняла другое месца сярод моцных дуэтаў-касцоў з Расіі, Польшчы, Беларусі, піша “Пастаўскі край”.

– Самі ад сябе такога не чакалі, – усміхаўся арганізатар паездкі Пётр Кароль.

Аматар касы і вясковых традыцый даўно сачыў за міжнароднымі спаборніцтвамі, але каманду не выстаўляў. Прычына гэтаму простая: не было ўпэўненасці ў сваіх сілах. Пётр Кароль перакананы, што на мерапрыемства такога ўзроўню трэба ехаць для таго, каб паказваць вынік. Сёлетні ж мясцовы чэмпіянат у вёсцы Жылінскія паказаў, што ўзровень падрыхтоўкі пастаўскіх касцоў істотна ўзрос. Таму і адважыліся на паездку.

Узровень арганізацыі “Спораўскіх сенакосаў – 2014” прыемна здзівіў. Яго высокі статус пацвердзілі шматлікія ганаровыя госці, сярод якіх быў і міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Уладзімір Цалко.

Гасцей экалагічнага фестывалю чакала насычаная забаўляльная праграма: ладзілася выстава-продаж сувеніраў, працавалі выязны гандаль і дзіцячыя атракцыёны, нават прайшоў турнір па футболе на балоце. Але ўсё ж галоўнымі героямі мерапрыемства сталі касцы.

Паўдзельнічаць у нацыянальным чэмпіянаце прыехалі тры дзясяткі каманд. Склад удзельнікаў і па ўзросце, і па прафесіі быў самым разнастайным. Але ўсіх аб’ядноўвала адно – любоў да касьбы і жаданне стаць першым.

Каб высветліць, хто найлепш валодае вясковым інструментам, кожнаму дуэту патрэбна было хутка і якасна скасіць паласу шырынёй тры метры і даўжынёй 100 метраў.

Каманда пастаўчан

Изображение 1

– Умовы значна адрозніваліся ад тых, якія былі ў Жылінскіх, – дзяліўся ўражаннямі Пётр Кароль. – Па сутнасці, касілася лягчэй – трава нізкая, негустая. Але на балотах вельмі своеасаблівы рэльеф зямлі – многа купін. Нашай камандзе хутка ўдалося прыстасавацца і паказаць вынік, на які яна здольная. Шчыра прызнаюся: калі пастаўчане выйшлі на паласу і з першых дзясяткаў метраў задалі хуткі тэмп, прадэманстраваўшы свой у добрым сэнсе слова агрэсіўны настрой, то нават фаварыты пераглядваліся ў непаразуменні. Што за каманда? Дзе такія Жылінскія? Мяне ж перапаўняў гонар за нашых мужчын. Яны прадэманстравалі добрую фізічную падрыхтоўку, вынослівасць, уменне зладжана працаваць у камандзе. Таму іх другое месца – заслужаны і справядлівы вынік.

Першае месца занялі таксама беларусы – прадстаўнікі Бярозаўскага раёна. Каманда-пераможца мае вялікі вопыт удзелу ў спаборніцтвах высокага ўзроўню, добра ведае ўсе нюансы праходжання дыстанцыі, мае цэлую каманду памочнікаў-прафесіяналаў. Тым больш ганарова пастаўчанам было аказацца на п’едэстале гонару. За серабро ім уручылі дыпломы і каштоўныя падарункі. Прычым уручаны яны былі не толькі за поспех у камандным заліку.

Па выніках каманднага першынства 10 найлепшых касцоў паспаборнічалі ў асабістым заліку. Сярод іх былі Мікалай Яльчык і Валерый Каліцкі. Ім давялося яшчэ раз скасіць стаметровую паласу шырынёй паўтара метра. Выдатны вынік паказаў Мікалай – ваенны пенсіянер заняў трэцяе месца. У чым сакрэт такога ўдалага выступлення, улічваючы, што большасць сапернікаў былі значна маладзейшыя?

– У доўгіх напружаных трэніроўках, – адказаў ён. – Пра тое, што паедзем на чэмпіянат, даведаўся яшчэ ў чэрвені. І адразу пачаў рыхтавацца да спаборніцтваў. Ведаў час мінулагодніх прызёраў і раўняўся на яго. Спачатку вынікі былі мізэрнымі. Многа аналізаваў, што раблю не так, спрабаваў розныя варыянты праходжання дыстанцыі. На ўласным вопыце пераканаўся: каб дабіцца “хуткіх” мінут, трэба ўлічваць мноства дробязей. Нават пот з ілба не маю права сціраць – гэта секунда можа стаць вырашальнай. Нельга спыняцца і для таго, каб патачыць касу, таму інструмент павінен быць у выключнай гатоўнасці. Безумоўна, вельмі важна фізічная форма. Загартоўваць яе для мяне за шчасце. Ды і здароўю гэта толькі на карысць.

Узяўся за касу і Пётр Кароль – ён удзельнічаў у спаборніцтвах, якія праводзіліся сярод кіраўнікоў каманд, арганізатараў свята і журналістаў. У роўнай напружанай барацьбе ён стаў трэцім.

Ён прызнаўся, што пачэрпнуў нямала ідэй для мясцовага чэмпіянату, які ў наступным годзе абавязкова будзе праводзіцца ў Жылінскіх. Арганізатар спадзяецца, што да яго далучацца і новыя ўдзельнікі.

– Колькі маладых і такіх таленавітых касцоў мы бачылі на чэмпіянаце! – гаварыў Пётр Кароль. – Хіба іх няма на Пастаўшчыне? Упэўнены, што ёсць.

Паводле “Пастаўскага краю”
Фота з сайта brestcity.com



Читайте также

Впереди длинные выходные. Как будем работать и отдыхать в мае
На май выпадает три праздничных дня Праздник труда (1 мая), День Победы (9 мая) и Радуница (14 мая). Эти даты в нашей стране признаны официальными выходными.
Спасатели в Глубоком выкатили «Мерседес» из горящего гаража
Гараж горел 22 апреля перед обедом в Глубоком на Вольном переулке. Пожарные спасли автомобиль «Мерседес Е210» и потушили пожар.
Первые и самые-самые. Из Молодечно в войска отправили тех, кто будет служить в ВДВ
Сегодня, 23 апреля, военкомат в Молодечно отправил первых призывников в войска для прохождения службы.