З павагай да Агінскіх. У Смаргоні 10 ліпеня адкрыецца выстава “Мелодыі Радзімы”
Адкрыццё запланавана на 15.00 у Смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеі.
Сёлета мы з вялікай павагай прыгадваем розныя старонкі жыцця і творчасці слаўных прадстаўнікоў роду Агінскіх Міхала Канстанціна (1730 – 1800) і Міхала Клеафаса (1765 – 1833). Яны былі не толькі значнымі палітыкамі, дыпламатамі, грамадскімі дзеячамі, але і вялікімі кампазітарамі свайго часу. Каб адзначыць гэтыя слаўныя імёны нашых паважаных землякоў і патрыётаў Радзімы, узнікла ідэя правядзення мастацкай выставы ў Смаргоні.
Яе ўдзельнікі – сябры суполкі “Абуджэнне” з Мінска і Узды: Андрэй Лычкоўскі, Фёдар Ладуцька, Уладзімір Сайко і Яўген Шунейка. Таксама да гэтай выставы шчыра далучыліся сябры мастацкай суполкі “Слонім-art”: Васіль Грыневіч, Леанід Богдан, Яўген Іваноў, Віталь Фядотаў, Тамара і Алесь Стэцэнкі, Казімір Кулеш і Уладзімір Макарэвіч.
Усіх творцаў аб’ядноўвае вялікая павага да Агінскіх, якія пакінулі вялікі след у нашай айчыннай гісторыі і культуры, але не дачакаліся па сённяшні дзень вобразнага адкрыцця іх жыцця і дзейнасці ў сучасных мастацкіх творах.
Удзельнікі выставы вырашылі пераадолець такую “застойную” сітуацыю. Яны упершыню адлюстроўваюць вобразы Агінскіх у нашым выяўленчым мастацтве ХХІ ст. у жывапісе, ствараюць мемарыяльныя знакі, прысвечаныя іх памяці. Таксама мастакі праводзяць шматлікія сеансы пленэрнага жывапісу ў тых мясцінах на Гродзеншчыне, дзе жылі і натхняліся каляровым і гукавым суладдзем нашай зямлі Міхал Казімір і Міхал Клеафас.
У шматлікіх жывапісных і фотапейзажах аўтары імкнуліся данесці такую натхняльную сувязь. Творы выставы вырашаны ў апірышчы на традыцыі стыляў рэалізму, рамантызму і сімвалізму, якія з’яўляюцца найбольш адпаведнымі для вырашэння пастаўленай задачы.
Гэта выстава – першы вынік супольнай творчай актыўнасці і мэтанакіраванасці, якія дапамагаюць сучаснікам шчыра ганарыцца прыродным хараством нашай краіны і яе вялікімі дзеячамі мінулых стагоддзяў, жыццё і дзейнасць якіх заўсёды будзе для нас высокім прыкладам служэння Радзіме.
Паводле матэрыялаў, прадастаўленых Край.бай мастакамі суполак “Абуджэнне” і “Слонім-art”