Опубликовано: 14 октября 2016, 16:08
45

"Старых лямпаў у мяне не адзін дзясятак". Слесар-сантэхнік з Ашмянскага раёна збірае прадметы старыны

Ля дома ў вёсцы Мардасы на Ашмяншчыне можна убачыць веснічкі, зробленыя з ручак старых швейных машын, дарожку ад іх да дому, выкладзеную камянямі ад старых жорнаў. На сценах дома, гаспадарчых пабудоў, на плоце – цэлы арсенал вагаў-бязменаў, лямпаў, замкоў, падкоў, колаў ад вазкоў, іншых старых рэчаў.

Аўтар гэтага незвычайнага аздаблення – 50-гадовы гаспадар сядзібы Ігар Спірыдовіч, слесар-сантэхнік Ашмянскага прадпрыемства ЖКГ. А па жыцці – заўзяты калекцыянер і паэт-байкапісец, паведамляе 8 кастрычніка сайт газеты "Гродзенская праўда".

– Вершы стаў пісаць недзе ў класе трэцім, – расказвае Ігар. – Найбольш удаюцца байкі. Дарэчы, яны і маім чытачам больш падабаюцца. Падставай для натхнення можа быць любое пачутае слова, камічная сітуацыя з жыцця, выпадкова пачуты анекдот.

Не адно дзесяцігоддзе стажу мае і яго страсць да збіральніцтва.

– Збіраю ўсе прадметы старыны, – гаворыць Ігар. – Знаходжу іх на гарышчах старых, закінутых хутароў, хат, калі людзі рыхтуюць да продажу бацькоўскі дом ці рамантуюць яго, выкідваючы ўсё непатрэбнае. Прашу тады, каб пусцілі мяне на гарышча ці ў пуню, шукаю там цікавыя рэчы. Старых лямпаў у мяне не адзін дзясятак. Шмат замкоў, ключоў, ночваў, прасаў, рыдлёвак, сякераў, прадметаў хатняга абіходу, сялянскіх прылад працы. Сярод рэдкіх – латунная гільза ад артылерыйскага снарада часоў Першай сусветнай вайны: выбіты на ёй цікавы малюнак да гэтага часу добра захаваўся.

Старыя паштоўкі, прадуктовыя картачкі, фотаальбомы – усё гэта калекцыянер таксама збірае. У калекцыі манет нямала рэдкіх, якія знайшоў сам або падарылі сябры.

– Знаходжу старыя лыжкі, куфры, шафы, іншую мэблю. Але не бяру – некуды ставіць.

У планах калекцыянера – пабудаваць асобны дом пад калекцыю, каб можна было збіраць і больш маштабныя рэчы.

У дварышчы Спірыдовічаў любяць бываць дзеці, ды і дарослыя госці спыняюцца, цікавяцца артэфактамі гісторыі. Сваімі знаходкамі Ігар дзеліцца з музеем Кальчунскай школы.



Читайте также

В Браславском районе 46-летний мужчина из-за неосторожного курения остался без крыши над головой
Жилой дом горел утром 25 апреля в деревне Дирничи Браславского района. Предположительная причина пожара – неосторожное курение.
Возле яблоневого сада недалеко от Молодечно чернобыльские переселенцы обнимались, вспоминали прошлое и грустили о тех, кого уже нет...
Реквием памяти о жертвах Чернобыльской трагедии ежегодно собирает возле памятного знака в Лешно тех, кто вынужден был уехать из зараженной зоны.