На “Ночы музеяў - 2013” у Смаргонскім раёне гучала дуда (ФОТА і ВІДЭА)
У ноч з 18 на 19 мая ў мястэчку Жодзішкі Смаргонскага раёна прайшла “Ноч музеяў - 2013”.
Край.бай анансаваў гэтую імпрэзу.
Госці з Мінска, Смаргонскага раёна і мясцовыя жыхары пачалі збірацца на аграсядзібе “Вялес”, дзе быў запланаваны паказ фальмаў і невялікая культурная праграма, у 19.00. “Ноч музеяў - 2013” распачалася з прагляду фільма, прысвечанага гісторыі мястэчка, з цыклу “Камяні” канала “МКТВ”. З яго прысутныя даведаліся аб тым, якой багатай была гісторыя мястэчка, і што жыхары Жодзішак маглі б быць гараджанамі, калі б лёс распарадзіўся іначай.
Працягнуў вечар вялікі аматар велавандровак і філасофіі, майстар музычных інструментаў Віктар Кульпін з Мінска. Ён распавёў пра такі традыцыйны беларускі інструмент, як дуда. Майстар адзначыў, што гэты музычны інструмент у беларусаў служыў для сакральных функцый, яго гучанне лічылася ледзьве не магічным. Віктар Кульпін таксама сыграў на ўласнаручна зробленым інструменце. Завяршыў вячэрнюю праграму гаспадар сядзібы Алег Мізула: усе прысутныя разам заспявалі яго песню “Пад Белай гарой”.
Віктар Кульпін і Дзмітры Ведзень распачынаюць імпрэзу
Алег Мізула
Гледачы
Віктар Кульпін грае на дудзе. ВІДЭА
Непасрэдна сама “Ноч музеяў” пачалася ў 22.00 у гісторыка-краязнаўчым музеі “Нальшча”. Дырэктар музея Алег Мізула адзначыў: “Найвялікшым нашым дасягненнем ёсць ужо тое, што мы знайшлі для музея асобны будынак. Тут ёсць месца, каб належным чынам прадставіць экспазіцыю, каб спакойна пахадзіць сярод экспанатаў, і, што самае галоўнае, – людзі пачалі з радасцю прыносіць свае “скарбы”. Яны, як пабачылі, што музей сапраўдны, і іх скарбы нікуды не знікнуць, пачалі з даверам ставіцца да нас”.
Госці знаёмяцца з экспазіцыяй музея "Нальшча"
Пасля невялікага экскурса ў гісторыю мястэчка прысутныя пагутарылі аб турысцкім патэнцыяле Жодзішак, уласных магчымасцях спрыяць захаванню гісторыка-культурнай спадчыны і аб тым, як цікавей наступным разам правесці “Ноч музеяў”.
Сяргей ЛЕСКЕЦЬ
Фота і відэа аўтара