Опубликовано: 02 августа 2016, 10:19
54

Касцёл пад белымі крыламі і план Ігната Буйніцкага. Пяць цікавых фактаў аб Празароках у Глыбоцкім раёне (фота)

Празарокам амаль пяць стагоддзяў. Першыя ўспаміны значацца ў «Полацкай рэвізіі» 1552 года. Населены пункт размяшчаўся на так званым Альгердавым шляху – самай кароткай дарозе з Полацка ў Вільню – сталіцу ВКЛ. Найбольш вядомы выхадзец мястэчка – заснавальнік сучаснага прафесійнага беларускага тэатра Ігнат Буйніцкі.

Падборка цікавых фактаў пра аграгарадок Празарокі ў Глыбоцкім раёне размешчана на сайце газеты "Витебские вести" 1 жніўня.

Легенды пра празорцу і род Прозараў

У Празарокаў, як і належыць прыстойнаму, па меркаванні турыстаў, населенаму пункту, ёсць свае паданні і легенды. Асабліва мясцовым жыхарам падабаецца рассказваць пра паходжанне назвы сваёй малой радзімы. Версій існуе адразу тры: паэтычная, містычная і гістарычная.

Прыхільнікі першай сцвярджаюць, что паселішча з’явілася на мяжы тэрыторый двух плямёнаў балтаў і крывічоў, а волаты-празоры павінны былі абараняць ад ворагаў сваіх родзічаў, таму кожную ноч стаялі на ўзгорках вакол вёсцы. Пры небяспецы па ланцужку яны запальвалі вогнішча – папярэджвалі аб атаках чужынцаў. Гэтыя кастры былі своеасаблівымі выратавальнымі зоркамі. Аднойчы адзін з вартаўнікоў не змог развесці агонь. Каб выканаць свой абавязак, ён пацягнуўся на неба за знічкай і запаліў яе ад свайго сэрца. Племя было папярэджана, а вораг знішчаны. Пасля гэтага выпадку ніхто больш не асмеліўся выступіць супраць мясцовых жыхароў, а паселішча сталі называць Празарокамі ў гонар подзвігу яго абаронцаў.

Згодна з другой гіпотэзай у даўнія часы тут жыў вядомы сваім дарам празорца (рус.– ясновидящий), таму вёску і пачалі называць Празарокамі.

Па гістарычнай версіі населены пункт атрымаў назву ад знакамітага роду Прозараў. У  «Таямніцах Хойніцкага пергаменту» напісана, што ў пачатку ХVІ ст. у Дзісну прыехаў Караль Прозар – прадстаўнік багацейшай дынастыі. Яго надзялілі землямі недалёка ад Дзісны.

Мекка для тэатралаў-патрыётаў

Айчынныя прыхільнікі Мельпамены смела могуць далучаць Празарокі да ліку мясцін, абавязковых для наведвання, бо менавіта тут радзіма Ігната Буйніцкага – заснавальніка першага прафесійнага нацыянальнага беларускага тэатра. Будучы майстра сцэны скончыў Рыжскае землямернае вучылішча і працаваў па спецыяльнасці. У 1901 годзе ён склаў план па маг­нітным мерыдыяне на пабудову царквы ў вёсцы Празарокі, а таксама ахвяраваў частку грашовых сродкаў на яе ўзвядзенне. Зараз у  Празароцкай сярэдняй школе створаны музей знакамітага земляка, у якім захоўваюцца афішы спектакляў, фота­здымкі трупы і ўспаміны мясцовых старажылаў, якія сведчаць: вечарыны аматарскага тэатра, створанага ў 1907 годзе, актыўна праходзілі ў вёсцы Празарокі і яе ваколіцах. Пра выступленні тэатра дзядзькі Ігната паведамляе нават газета «Наша ніва». У 1910 годзе трупа Ігната Буйніцкага выступіла ў Вільні, пасля чаго тэатр займеў назву «Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага», потым, ужо ў  1917-м, яна аднавілася як таварыства драмы і камедыі, на аснове якога потым быў створаны Беларускі дзяржаўны тэатр (зараз ён носіць імя  Я. Купалы). Памёр майстра сцэны ў 1917 годзе падчас рэпетыцыі, быў пахаваны ў Маладзечна, пазней яго перазахавалі на цэнтральнай плошчы ў Празароках.

Яшчэ адзін цікавы факт біяграфіі знакамітага дзеяча, які звязаны з аграгарадком: Ігнат Цярэнцьевіч у 1913 годзе пакінуў сцэну, каб займацца эканамічнай дзейнасцю на радзіме, ён арганізаваў фінансавую самапомач вёскі – «Празароцкае крэдытнае таварыства», а таксама адкрыў у населеным пункце краму.

Касцёл пад белымі крыламі

Касцёл Узнясення Божай Маці ў Празароках з’яўляецца гонарам і помнікам архітэктуры населенага пункта. За перыяд свайго існавання каталіцкая святыня перажыла як гады росквіту, так і часы заняпаду.

Изображение 1

Першы каталіцкі кляштар у Празароках быў заснаваны трыма манахамі-францысканцамі, якіх у 1698 годзе прывеў сюды Крыштаф Шчыт. Тут быў пабудаваны драўляны касцёл Прасвятой Дзевы Марыі, які, дарэчы, сгарэў у пачатку XVIII стагоддзя.

У кастрычніку 1896-га быў складзены праект новага храма. Будова планавалася маштабная: 42 метра даўжынёй і 25 метраў у шырыню. Адначасова ў новым каменным касцёле маглі знаходзіцца 800 вернікаў. Будаўніцтва вялося за ахвяраванні прыхаджан, выкарыстоўваліся мясцовыя матэрыялы: цэглу бралі недалёка ад Саннікаў, там жа нарыхтоўвалі шчэбень і цэмент для фундамента. У 1907 годзе касцёл асвяцілі, у ім вянчаўся Ігнат Буйніцкі. Храм дзейнічаў да 1951-га, потым будынак перадалі мясцоваму сельгаспрадпрыемству пад зернесховішча. З таго моманту пачаўся заняпад помніка архітэктуры – дах працякаў, тынкоўка са сцен абсыпалася.

Изображение 2

Вернікам яго вярнулі толькі ў 1989 годзе – і, як кажуць у Празароках, ён атрымаў трэццяе жыццё. Зноў-такі за кошт прыхаджан будынак адрамантавалі, прывялі ў належны стан, а ў 1992-м асвяцілі. Зараз касцёл Узнясення Божай Маці з’яўляецца духоўным цэнтрам аграгарадка, яго сімвалам. Адметна, што пабудову ў неарамантычным стылі, не надта распаўсюджаным у Беларусі, аблюбавалі і буслы – сімвал нашай краіны. Спачатку прыхаджанам не падабалася такое суседства: разважалі, што птушкі будуць псаваць знешні выгляд храма. Некалькі разоў спрабавалі перанесці гняздо ў іншае масца, аднак буслы зноў аднаўлялі свой дом. Урэшце жыхары вырашылі, што буслы на касцёле – своеасаблівае блаславенне.

Чорная трагедыя

З першых дзён заснавання населенага пункта і да Вялікай Айчыннай вайны ў Празароках мірна суіснавалі прадстаўнікі трох веравызнанняў: католікі, праваслаўныя і яўрэі. Усё памянялася 4 ліпеня 1941 года, калі ў вёску прыйшлі нямецкія войскі. Нацысты заснавалі тут гета. У будынак мясцовай школы сагналі ўсіх яўрэяў з Празарокаў і наваколля. Жанчын і дзяцей вялі па вуліцах, мужчын – па полі, бо так лягчэй было не дапусціць ці падавіць спробы супраціўлення. За лесам тым часам ужо капалі ямы для расстрэлаў… 

Изображение 3

З успамінаў жыхара Празарокаў Стэфана Плавінскага: «Ноччу ніхто не спаў, але мястэчка як быццам растварылася ў грабавой цішыні – ні агеньчыка, ні гуку. Нават сабакі не брахалі. Назаўтра мы даведаліся, што дзве сястры Роза і Рыта Якерсон пакуль жывыя, бо былі дзесьці ў гасцях. Але пад вечар не стала і іх. Пасля гэтай трагедыі выжылі толькі трое – Ходас, Гофман і Юдка, іх чамусьці адправілі ў Глыбоцкае гета, дзе яны прабылі да 1943 года. Падчас паўстання ў ім вязні вырваліся на свабоду і пайшлі ў партызаны. Адзіны з празароцкіх яўрэяў, хто змог перажыць вайну, – Юдка». На месцы расстрэлу зараз ёсць памятны знак.

Изображение 4

Вялікая Айчынная пакінула значны след ў Празароках. У той час з вёскі амаль усю моладзь вывезлі на працу ў Германію. Ад немцаў населены пункт вызвалілі 30 чэрвеня. За свабоду мясцовых жыхароў аддалі жыццё многія воіны. На брацкіх могілках у Празароках пахаваны астанкі 189 салдат Чырвонай арміі і 18 партызан. Да 2007 года тут быў усталяваны помнік смуткуючай маці, потым яго змяніў мемарыял «Дарогамі вайны». Але незалежна ад знешняй формы месца пахавання герояў заўсёды дагледжана: тут добра памятаюць, што такое вайна і якой цаной дасталася беларусам Вялікая Перамога.

Загад Мікалая ІІ і план Ігната Буйніцкага

Не менш цікавая гісторыя і ў другога сакральнага аб’екта ў Празароках – мясцовай Петрапаўлаўскай праваслаўнай царквы.

Изображение 5

Дакументамі засведчана, што расійскі імператар Мікалай ІІ, калі ехаў праз Празарокі ў 1901 годзе, звярнуў увагу на тое, што ў мястэчку былі сінагога і касцёл, а праваслаўнага храма няма. Па яго загаду тагачасны ўладальнік маёнтка генерал-маёр Пётр Мухін падараваў надзел пад будаўніцтва царквы. Вымяраў зямлю пад будучы храм бацька беларускага сучаснага тэатра Ігнат Буйніцкі. Захаваўся і складзены ім геаметрычны план размяшчэння храма за подпісамі землямера-таксатара І. Буйніцкага, П. Мухіна і тагачаснага святара Васіля Бяляева. Будавалася царква больш за 4 гады, бо прыход быў небагаты: тады ў саміх Празароках жылі ўсяго 12 праваслаўных мужчын і 11 жанчын, а разам з навакольнымі вёскамі прыхаджанамі лічылася прыкладна 200 чалавек. Для параўнання, католікаў на той час было больш за 500 мужчын і 390 жанчын.

Па матэрыялах сайта газеты "Витебские вести"



Читайте также

Возле яблоневого сада недалеко от Молодечно чернобыльские переселенцы обнимались, вспоминали прошлое и грустили о тех, кого уже нет...
Реквием памяти о жертвах Чернобыльской трагедии ежегодно собирает возле памятного знака в Лешно тех, кто вынужден был уехать из зараженной зоны.
В Браславском районе 46-летний мужчина из-за неосторожного курения остался без крыши над головой
Жилой дом горел утром 25 апреля в деревне Дирничи Браславского района. Предположительная причина пожара – неосторожное курение.