Новости в рубрике

Все новости в рубрике

Каляда, Халадзіла і Марозік. Як жывецца астраўчанам з «зімовымі» прозвішчамі? (фота)

Выява выкарыстана ў якасці ілюстрацыі. Фото з сайта brightwallpapers.com.ua
Выява выкарыстана ў якасці ілюстрацыі. Фото з сайта brightwallpapers.com.ua
Опубликовано:

Як сцвярджае тэлефонны даведнік, у Астравецкім раёне нямала людзей з «зімовымі» прозвішчамі». Жывуць у нас Зіма, Зімніцкі і Зімін, ёсць Мароз, Марозаў, Марозік і Маразеня, сустракаюцца Каляда і Календа, а таксама Раждзествін, Халадзіла і нават Снегур.

Як жывецца астраўчанам з «халоднымі» прозвішчамі, цікавілася «Астравецкая праўда».

Пытанні аб галоўным:

1. Ці ведаеце вы, адкуль паходзіць ваша прозвішча?
2. Як вам жывецца з такім «халодным» прозвішчам?
3. Ці здараліся ў жыцці цікавыя сітуацыі і выпадкі?
4. Ваша любімая пара года – часам, не зіма?

Жанна Волк-Леановіч (у дзявоцтве Марозік), урач лячэбнай фізкультуры:

Изображение 1

1. Тата заўсёды гаварыў: «Мы – Марозікі, таму і морозу не баімся». Ён ніколі не хадзіў у рукавіцах і не завязваў шалік нават у вялікія маразы. Мая сястра Ганна таксама ўсю зіму ходзіць у танюсенькіх пальчатках.

Тата паходзіў з вёскі Ваейкаўцы, што ў Шчучынскім раёне. Марозікаў там было шмат. З дзяцінства помніцца, што ў дзедавай хаце заўсёды было халаднавата – прынамсі, нам, дзецям.

Нашы Марозікі былі адукаванымі людзьмі. Дзед нейкі час жыў у Амерыцы і цудоўна размаўляў па-англійску, добра пісаў, умеў выкласці свае думкі на паперы. Тата таксама добра ведаў англійскую мову, а ў паўсядзенным жыцці размаўляў выключна па-беларуску.

2. Мне здаецца, што хочам мы таго ці не, але прозвішча адкладвае пэўны адбітак на характар і на лад жыцця. Тата амаль не хварэў, а калі і прастываў, то лячыўся выключна народнымі сродкамі. Ён абліваўся халоднай вадой. І я таксама не баюся халоднай вады – пасля лазні магу абліцца ці акунуцца ў рацэ. Гэта цудоўная трэніроўка для сасудаў і толькі спрыяе здароўю.

3. Калі пачынаецца зіма, часта даводзіцца чуць сваё дзявочае прозвішча – людзі абмяркоўваюць надвор’е і слова «марозік» можна пачуць часта. Міжволі, хаця ўжо колькі гадоў нашу другое прозвішча, пачынаю шукаць вачыма таго, хто мяне «кліча».

Цікавы выпадак здарыўся са мной на курсах. Падчас заняткаў знаёмілася з суседкай па парце: «Я – Жанна Марозік». «А я – Ганна Мяцеліца». Смяяліся потым доўга.

А аднойчы да мяне на фізкультуру прыйшоў Адам Марозік: так звалі майго тату. Так я даведалася, што ёсць у раёне і іншыя Марозікі.

Мне падабаецца маё дзявочае прозвішча: з памяншальна-ласкавым суфіксам яно вельмі ласкавае і цёплае – Марозік.

4. Усе поры года я люблю аднолькава – у кожнай свая прыгажосць і адметнасць. Аднак больш па душы мне вясна.

Вера Раманаўна Халадзіла, пенсіянерка:

Изображение 2

1. Прозвішча Халадзіла стала маім 6 студзеня 1948 года, калі я выйшла замуж за Івана Сямёнавіча Халадзілу. Муж нарадзіўся ў Ленінградзе, але потым яго сям’я ў пошуках лепшага жыцця перабралася ў Беларусь і асела ў Мядзельскім раёне. На той час я працавала ў райкаме камсамола, а Іван быў намеснікам старшыні райвыканкама. Спачатку нас аб’ядналі службовыя справы, а потым – і пачуцці.

2. Прозвішча наша рэдкае. Мне ні разу не даводзілася сустракаць ці хаця б чуць пра аднафамільцаў.

Івана жыццё не песціла: ён прайшоў усю вайну, вярнуўся, працаваў у райвыканкаме, быў старшынёй калгаса. Але мы ніколі не скардзіліся. Радуюць дзеці – у нас дзве дачкі, выраслі ўнукі, падрастаюць праўнукі.

Можа, і хацелася б, каб прозвішча было летнім, квітнеючым. Але якое ад мужа дасталася, такое ўсё жыццё і «пранасіла». На той час не было моды выбіраць прозвішча, ды і чалавекам мой муж быў аўтарытэтным, пры пасадзе, таму і стала я Халадзілай.

3. Усё жыццё я ішла за мужам. Пажаніліся – яго адправілі вучыцца ў Вышэйшую партыйную школу ў інск, а я паехала следам. Даверылі ўзначаліць калгас – і я за ім. Спачатку жылі на здымнай кватэры, потым калгас пабудаваў дом, сталі абжывацца. Першае, што зрабіла – засадзіла ўсё вакол кветкамі. Па характары я зусім не зімняя, не халодная – у мяне ў душы пастаянна жыве лета.

4. Больш за ўсё люблю вясну: калі ўсё ажывае, зацвітае, здаецца, і сам абуджаешся. Пачынаюцца прыемныя клопаты: трэба агарод пасадзіць, кветнік дагледзець. Гэта цяпер ужо цяжка ўсім гэтым займацца, але памочнікі ёсць – дачка, унучка і праўнукі.

А калі па праўдзе, то ў кожнай пары года ёсць свая прыгажосць.

Вольга Каляда, вядучы бухгалтар Прадстаўніцтва АТ ІК АСЭ ў Беларусі:

Изображение 3

1. Першапачаткова наша прозвішча гучала Календа. Але потым дзядуля, Іосіф Браніслававіч, згубіў дакументы. Калі ў 50-я гады рабіліся новыя, прозвішча запісвалі на слых – у выніку адна літара згубілася. У новых дакументах дзядулева прозвішча стала Каляда. Так і атрымалася, што ў дзядулевых бацькоў, двух братоў, сястры і іх родзічаў засталося прозвішча Календа, а па лініі майго дзядулі нашчадкі сталі Калядамі.

2. Гэта толькі ў нашай мясцовасці маё прозвішча асацыіруецца з самым светлым зімовым святам – Калядамі, ці Божым Нараджэннем. А ў Мінску, напрыклад, на яго ніхто не звярнуў бы ніякай увагі. А жывём мы, як і ўсе: вучымся, працуем, святкуем…

3. Напэўна, самае цікавае, што было ў жыцці нашай сям’і, гэта тая сітуацыя са стратай дакументаў, якая змяніла наша прозвішча.

Мы стараемся захоўваць сямейныя традыцыі. Адно з самых любімых і сямейных святаў – канешне, Каляды. І прычына не ў прозвішчы – так заведзена з даўніх часоў. Паблісквае агеньчыкамі навагодняя ёлачка, мы накрываем стол, дзелімся аплаткай і абавязкова абменьваемся падарункамі – цёпла і па-сямейнаму ўтульна і радасна.

4. Я люблю лета, калі ўсё навокал буяе прыгажосцю, калі на дварэ цёпла, можна ўзяць адпачынак і паехаць на мора. А там – сонца, пляж, цёплы пясочак…

Хаця зіму я таксама люблю – толькі не марозную. Калі ідзе снег, то мне хочацца, каб ён быў пульхным, мяккім, прыгожым – такім, каб сняжынкі можна было злавіць і разгледзець іх мудрагелістыя прыродныя ўзоры.

Наталля Зімніцкая, ваеннаслужачая:

Изображение 5

1. Калісьці ў мяне была ідэя даведацца пра паходжанне свайго прозвішча, толькі нічога навукова-абгрунтаванага на той момант адшукаць не атрымалася. У нашай сям’і лічаць, што прозвішча ўтварылася ад слоў “зіма” ці “зімні”.

Зімніцкай я стала ў 1999 годзе, калі выйшла замуж за Сяргея Зімніцкага. Тады была думка ўзяць двайное прозвішча: захаваць бацькоўскае Мілаш і дадаць мужава – Зімніцкая. Толькі потым усё ж вырашыла пакінуць прозвішча мужа.

2. Добра жывецца. Наша сям’я актыўная: нам падабаецца ездзіць на пікнікі, на рыбалку – гэта сямейнае хобі. Дарэчы, на рыбалку сталі ездзіць, калі дачка ляжала яшчэ ў калясцы. Праўда, цяпер Марыя не зусім падзяляе наша захапленне.

3. Я нарадзілася летам – і люблю гэтую пару года. Таму камфортная тэмпература для мяне +30. Дома, калі Марыя ходзіць у майцы і шортах, я магу захутацца ў байку. Ды і Сяргей таксама мярзляк. Таму знаёмыя і родныя часта пасміхаюцца з нас: “Вы ж Зімніцкія!”

4. Я люблю лета. Хаця у дзяцінстве мне падабалася катацца на санках з горкі, ляпіць снегавікоў – часам прыходзіла дамоў такая, што шубу венікам чысціць даводзілася.

Мне больш да душы мяккая зіма. Так атрымліваецца, што часта даводзіцца быць за рулём, таму не люблю снегапады і галалёд.

А яшчэ зімой я ўпадаю ў спячку (смяецца. – Аўт.). Праўда, сплю не заўсёды – работа па зменах уносіць карэктывы ў лад жыцця.

Просмотров статьи:
Постоянный адрес статьи:
Если вы заметили ошибку в статье и хотите сообщить нам об этом, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Все новости рубрики «Культура»
  • Я не зарегистрирован
  • Я зарегистрирован
  • Имя (не заполнять) Email (не заполнять) Год (не заполнять)

    Добавить комментарий

    Отправить
    Правила размещения комментария
  • Добавить комментарий

    Войти и отправить
    Правила размещения комментария