Опубликовано: 18 октября 2014, 00:56
42

Група «Маладзечна» збярэ 19 лістапада сяброў на сцэне Палаца культуры

Кіраўнік группы Генадзь Сушко ўспомніў самыя яркія моманты рэпетыцый, канцэртаў, гастроляў.

Аб гэтым піша «Маладзечанская газета».

У вольны час «стругалі» калонкі

На адным з гарадскіх конкурсаў у канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя група «Маладзечна» ўмудрылася выступіць адразу ў дзвюх іпастасях. Спачатку як малады калектыў завода сілавых і паўправадніковых вентыляў (пазней ён стаў называцца «Электрамодулем), а затым як група рэстарана «Маладзечна», якому, па сутнасці, яна і абавязана сваёй назвай. Калі заводскі рэпертуар быў ідэалагічна вытрыманы – камсамольскія, патрыятычныя творы, то рэстаранны вызначаўся больш вольнай тэматыкай. Гэта і папулярныя сусветныя хіты, і песні з рэпертуару Пугачовай, Антонава, Лявонцьева.

Генадзій прыгадвае, як самі «стругалі» калонкі ў рэдкія вольныя хвіліны паміж работай, рэпетыцыямі і канцэртамі. Апаратуры не хапала, затое энтузіязму было шмат.

Група «Маладзечна» трыццаць год таму

Изображение 1

Умудраліся на вяселлях іграць, частку заробленых грошай аддавалі на добрыя інструменты. На той час сярэдні заробак складаў 150 рублёў, а прафесійная гітара каштавала 2-3 тысячы. Набывалі апаратуру ў Маскве, іншы раз завод выручаў: выкупляў яе праз камісійны магазін. Разам з Генадзіем Сушко ля вытокаў групы стаялі Сяргей Карачаеў, Міхаіл Крэчмер, Андрэй Янушкевіч, Валерый Сабалеўскі, Нікадзім Ледаховіч. Пазней да іх далучыліся Віктар Радына, Ігар Зяноўка, Дзмітрый Сушко, склаўся асноўны касцяк музыкантаў, які застаўся да гэтага часу.

«Ляці, наша песня, крыламі ўзмахні!»

У канцы 1980-х група «Маладзечна» ездзіла на ўсе песенныя фестывалі, якія праходзілі ў Беларусі: «Юнацтва Палесся» ў Салігорску, рэспубліканскі фестываль папулярнай музыкі ў Наваполацку і многія іншыя. І адусюль маладзечанцы вярталіся з дыпломамі пераможцаў ці лаўрэатаў.

Дзякуючы мясцовым кампазітарам Ігару Зяноўку і Дзмітрыю Сушко ў іх з’явіліся свае песні. Адна з іх надоўга стала візіткай калектыву, былі ў ёй такія словы: «Ляці, наша песня, крыламі ўзмахні!». «Шкада, дыскі мы на той час не запісвалі. Дзякуй гукарэжысёру Пятру Цаплыгіну, які захаваў нашы запісы на бабінах, а затым «адлічбаваў», – гаворыць Генадзій Сушко.

На цеплаходзе музыка іграла…

На адным з фестываляў маладзечанцы пазнаёміліся з вядомым беларускім музыкантам, загадчыкам эстраднага аддзялення Мінскай філармоніі Львом Молерам, які наладзіў ім грандыёзнае праслухоўванне. У выніку прапанаваў працаваць у штаце філармоніі. Аднак гэта пастаянныя гастролі, а ў музыкантаў – сем’і, дзеці. Яны вымушаны былі адмовіцца, хаця перыядычна філармонія гастролі ім «падкідвала». Самыя незабыўныя – у Карэліі, якія доўжыліся месяц.

«З Петразаводска адправіліся на агітацыйным цеплаходзе. Ён мог прышвартавацца да танкера: матросы на сваёй палубе садзіліся, а мы з цеплахода давалі ім канцэрт. Часта выступалі проста на прыстанях для жыхароў аддаленых паселішчаў», – прыгадвае самыя далёкія гастролі субяседнік.

Даволі часта калектыў удзельнічаў у здымках папулярных музычных тэлевізійных праграм «Вечар разам», «Сустрэнемся пасля адзінаццаці».

«Сяброў паклічу на бяседу»

Так называлася песня, якую ўдзельнікі групы выканалі ў 1993 годзе на I Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі. Міхаіл Фінберг запрасіў іх прыняць удзел у заключным канцэрце, павіншаваць пераможцаў конкурсу маладых выканаўцаў. І на наступных фестывалях яны выходзілі на галоўную сцэну, прычым рыхтаваліся да выступленняў сур’ёзна: у Мазыры спецыяльна запісвалі песні, якія напісалі Дзмітрый Сушко і Ігар Зяноўка. Запрашаў іх і Аляксандр Саладуха паўдзельнічаць у сваім сольным канцэрце.

Музыканты групы стварылі першую ў нашым горадзе дзіцячую студыю «Сябрына», якая адкрыла дарогу на сцэну многім маладзечанцам. На канцэрце ў Доме культуры чыгуначнікаў, прысвечаным 10-годдзю групы, выступалі юная Ніна Багданава – цяпер вядомая беларуская спявачка, вядучая, Алеся Ушакова – кіраўнік эстраднай студыі «Жывы гук», Ягор Дзыгун, які іграе ў Прэзідэнцкім аркестры. Выдатна выступіў і дуэт у складзе Дзмітрыя Рудыка і Уладзіміра Александровіча. Вядомыя беларускія выканаўцы прыехалі на той канцэрт падтрымаць калектыў – Іна Афанасьева, Валерый Дайнека, Валерый Скаражонак, Аляксандра Гайдук і, безумоўна, наш зямляк кампазітар Алег Елісеенкаў, песні якога група «Маладзечна» запісала адной з першых у краіне. Потым яны доўга гучалі на Беларускім радыё.

Другое дыханне

У біяграфіі калектыву быў перапынак. Ён прыпаў на няпростыя перабудовачныя часы, калі на многіх прадпрыемствах закрыліся клубы. Але любоў да музыкі, да сцэны засталася ва ўсіх музыкантаў.

Дзесяць гадоў таму Генадзій Сушко стаў дырэктарам Чысцінскага СДК. Пасля адкрыцця новага Дома культуры з’явілася добрая база. «Калонкі самім майстраваць больш не трэба!» – усміхаецца Генадзій Іосіфавіч.

Яго арганізатарскіх здольнасцей і энтузіязму хапіла, каб пераманіць да сябе сяброў і даць другое дыханне групе «Маладзечна». Цяпер Ігар Зяноўка – яе кіраўнік, музыканты давяраюць яму выбар рэпертуару. Віктар Радына – клавішнік, аранжыроўшчык, Сяргей Янушкевіч – гітарыст, Сяргей Якубель – перкусіяніст. Прыйшла і таленавітая моладзь: Аляксандр Пуставой іграе на бас-гітары, Ігар Сушко – гукарэжысёр.

Сёння ў рэпертуары калектыву каля ста кампазіцый. Гэта і сусветныя хіты мінулых гадоў, і савецкая эстрада, і ўласныя песні. Многія з іх прагучаць у Палацы культуры ў час канцэрта, які з’яўляецца вынікам працы за пяць апошніх гадоў.

Падтрымаць маладзечанскіх музыкантаў прыедуць Алег Елісеенкаў, Іна Афанасьева, Ніна Багданава і іншыя беларускія выканаўцы.

Паводле «Маладзечанскай газеты»



Читайте также

Права на 20 лет и техосмотр на 3 года. Какие изменения вносит новый указ?
Проведение более 200 административных процедур корректируется в Беларуси. Соответствующий указ №55 подписан 16 февраля.
Дача горела ночью в Молодечненском районе – люди не пострадали
Сегодня ночью, 28 марта, в садоводческом товариществе недалеко от деревни Гай Молодечненского района загорелся дачный дом. Обошлось без жертв и пострадавших.
Вступительная кампания 2024: нарушители инструкции о проведении ЦЭ смогут продолжить образование
Выпускная кампания в учреждениях общего среднего образования в 2024 году выстроена так, что даже нарушители инструкции о проведении централизованного экзамена получат возможность продолжить учебу.