Опубликовано: 04 февраля 2014, 21:13
27

У Маладзечне ў раённым тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва – новы кіраўнік

Дзмітрый Ганчар – адзіны мужчына, які ўзначальвае такую ўстанову ў сталічным рэгіёне.

Ён пачынаў тут спецыялістам па сацрабоце, працуе чацвёрты год, піша “Маладзечанская газета”.

Спачатку Дзмітрый як выпускнік аддзялення «Сястрынская справа» Маладзечанскага медыцынскага каледжа працаваў памочнікам урача ў мясцовай паліклініцы №1. Па доўгу службы сутыкнуўся з асацыяльнымі сем’ямі, а таксама з праблемамі знямоглых людзей і зразумеў: каб быць больш дасведчаным спецыялістам, патрэбны дадатковыя веды. У Інстытуце кіравання сацыяльнымі тэхналогіямі Белдзяржуніверсітэта ён атрымаў вышэйшую адукацыю і стаў спецыялістам па сацыяльнай рабоце і псіхолагам. Новая справа яго захапіла, піша газета.

– Сацыяльная сфера лічыцца прэрагатывай жанчын. Вы вырашылі зламаць гэты стэрэатып?

– Як псіхолаг магу запэўніць, што прафесіі нельга падзяляць на мужчынскія і жаночыя. Усё залежыць ад канкрэтнага чалавека. Хаця сапраўды ў сацыяльнай сферы працуе больш жанчын. Мажліва, таму, што не кожнага мужчыну задаволіць невялікая заработная плата. Але мяне гэта не спыніла. Вельмі цікава замацаваць на практыцы тэарэтычныя веды, якія набыў у інстытуце. Я чалавек ідэйны.

У раённым тэрытарыяльным цэнтры адкрыты пяць аддзяленняў – пярвічнага прыёму, аналізу і прагназавання; тэрміновага абслугоўвання; сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі; дапамогі на даму; дзённага знаходжання маладых інвалідаў «Прыстань надзеі». Для большасці работнікаў гэтага калектыву не існуе звыклых рамак: адпрацаваў – пайшоў дадому. Таму што яны дапамагаюць дзецям-сіротам, адзінокім пажылым і знямоглым людзям, а таксама тым, хто вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі. Тут заўсёды выслухаюць, працягнуць руку дапамогі.

– Наш калектыў, як адна сям’я, – працягвае дырэктар. – Работнікі цэнтра ўспрымаюць чужы боль як свой. Надзвычай складана нам працаваць у рамках Дэкрэта №18 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях». Літаральна за кожнай сямейнай праблемай паламаны дзіцячы лёс. Для нас і прадстаўнікоў іншых зацікаўленых службаў, з якімі даводзіцца супрацоўнічаць, вялікая радасць, калі бацькі вяртаюцца да нармальнага жыцця і аднаўляюцца ў сваіх правах. Таксама мы падтрымліваем мнагадзетныя і няпоўныя сем’і, непаўналетніх, адзінокіх бацькоў і сем’і, дзе выхоўваюцца дзеці-інваліды.

Нягледзячы на напружаны працоўны графік, работнікі цэнтра штораз прыдумваюць новыя праекты для розных катэгорый насельніцтва. Летась была адкрыта «Акадэмія мудрага ўзросту». У рамках сацыяльна-адукацыйнага праекта, які падтрымалі валанцёры гандлёва-эканамічнага каледжа, гараджане пажылога ўзросту могуць бясплатна займацца па чатырох кірунках — інфармацыйна-адукацыйным, духоўна-маральным, аздараўленчым і творчым. «Акадэмія» стала вельмі запатрабаванай сярод пенсіянераў. Напрыклад, заняткі па камп’ютарнай граматнасці распісаны для груп на бліжэйшыя паўгода. А для пажылых людзей з сельскай мясцовасці дзейнічае праект «Пакаленні супраць адзіноты», які фінансуецца германскім фондам «Памяць. Адказнасць. Будучыня». З задавальненнем пенсіянеры наведваюць і «Школу прыгажосці», дзе яны атрымліваюць карысныя парады спецыялістаў.

Сярод бліжэйшых планаў калектыву цэнтра і яго кіраўніка – далейшае ўдасканаленне якасці паслуг і ўкараненне новых форм работы.

– Хочацца, каб больш даступнымі былі паслугі «сацыяльная нянька» і «сацыяльная сядзелка». Нянька (у нашым цэнтры іх тры) можа дапамагчы сем’ям, дзе нарадзіліся двайняты, трайняты ці больш дзяцей, пакуль ім не споўніцца па тры гады. Яна працуе ў падапечных па 12 і 40 гадзін у тыдзень у залежнасці ад колькасці дзяцей. Дапамога, вядома, бясплатная. Цяпер у нас на ўліку дзесяць сем’яў, у адной з якіх гадуюцца трайняты. Дзяржавай прадугледжана і падтрымка няпоўных сем’яў, дзе выхоўваюцца дзеці-інваліды. У такой сітуацыі нянька можа дапамагаць да 20 гадзін у тыдзень.

А паслуга «сацыяльнай сядзелкі» платная, скарыстацца ёю можна толькі па спецыяльным медыцынскім заключэнні. Сума залежыць ад колькасці гадзін, праведзеных з хворым, і стану яго здароўя. Цяпер на такім абслугоўванні шэсць чалавек, якім дапамагаюць тры сядзелкі. Пры неабходнасці колькасць апошніх павялічваецца. На гэту паслугу найперш могуць разлічваць адзінокія людзі. Канешне, як я ўжо гаварыў, хочацца зрабіць яе даступнай для большай часткі насельніцтва. Тым не менш, нагадаю і артыкул №100 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і, згодна з якім дзеці абавязаны клапаціцца аб бацьках і аказваць ім дапамогу. На жаль, дарослыя дзеці не заўсёды памятаюць аб гэтым, асабліва тады, калі іх мамы і таты хварэюць ці становяцца інвалідамі.

На сваёй рабоце новы дырэктар кожны дзень сустракаецца з людзьмі, якія бескарысліва гатовы прыйсці на дапамогу. Супрацоўнікі цэнтра вырашаюць будзённыя праблемы, якія іншым разам больш нікога не турбуюць. Але і ў такія напружаныя дні ёсць святочныя імгненні.

– Па традыцыі, мы віншуем са 100-годдзем жыхароў Маладзечаншчыны. Вядома, іх не так многа. Якое шчасце бачыць здзіўленне і радасць векавых юбіляраў, шчырыя слёзы, калі спецыялісты нашай службы ўручаюць ім кветкі і падарункі! Вось дзеля такіх хвілін варта жыць, – падвёў вынік Дзмітрый Ганчар.

Паводле “Маладзечанскай газеты”



Читайте также

В выходные дни ГАИ проверит велосипедистов
Госавтоинспекция по 20 мая проводит комплекс мероприятий, направленных на предупреждение дорожно-транспортных происшествий с участием велосипедистов. Напоминаем правила, которыми не стоит пренебрегать.
Тело погибшего мужчины нашли спасатели на пожаре под Воложином
Пожар случился утром 17 мая в деревне Солоная Воложинского района. Горела хозяйственная постройка. На месте спасатели обнаружили тело погибшего мужчины 1962 года рождения.
Ночные заморозки и днем до +19°С. Рассказываем о погоде на большие выходные
По юго-восточной половине Беларуси сохранится влияние уходящего фронтального раздела, вслед за которым распространится область повышенного атмосферного давления, сформированная в прохладной неустойчивой воздушной массе.