Пра Гнома i дзяўчынку Полю


Опубликовано:



Частка першая
СУСТРЭЧА

Дарагiя хлопчыкi i дзяўчынкi! Сёння я пачынаю расказваць Вам зусiм iншую гiсторыю. Яе мне самому, па вельмi сакрэтнаму сакрэту, паведамiла адна хатняя мыш, калi забягала паласавацца смачным вэнджаным сырам. Дык вось, уладкоўвайцеся зручней у сваiх крэсельцах і слухайце ўважлiва. Я пачынаю...
На хутары, што знаходзiцца непадалёку ад маленькай рэчкi, якая упадае ў сваю чаргу ў лясное возера, на якiм даўно ўжо прыжылiся дзiкiя качкi....Не так патрэбна пачынаць, а вось як.
На адным закінутым хутары мо ужо гады тры не было гаспадара. Хутар быў, а вось гаспадара не было, бо ён пераехаў да свайго сына ў Мiнск. Так ён i стаяў адзiн сабе ў лесе, а побач бегла малая вяртлявая рэчка, нават i не рэчка, а невялiкi раўчук, якi праз некалькi сотняў дробных крокаў упадаў у малое лясное азярцо. На тым азярцы, у самым густым чароце, гнездавалiся дзiкiя качкi. Месца было вельмi цiхае, амаль трыдцаць кiламетраў ад Мiнскай шашы ў бок Вiльнюса. Можа ад таго i гiсторыя гэта здарылася там. Хутар цi, як кажуць старыя людзi, сядзiба, была добрая. Сапрадўная драўляная хата, хлеў на ўскрайку сасновай пасадкi, студзенька-журавель, лазня i невялiкi сад, з дзесятак старых дрэў: яблынькi з грушамi ды некалькi нiзенькiх слiў. Дзе нiдзе тырчалi кусты садовай малiны i агрэста. Дах у хаце быў з цёмнай, месцам пачарнеўшай саломы. A ля самой трубы збудавалi сабе насест буслы. З ранiцы i да вечара чуўся звонкi клёкат руплiвага сямейства.
Дык вось пра што гэта я? Пра тое, што ў дальнiм куце сада пад кустом з цяжкай i смачнай малiнай жыў вясёлы i вельмi добры Гном. Працаваў ён вельмi многа, бо як мы ведаем, гаспадар пакiнуў сядзiбу i паехаў да сына. Вось Гном i даглядаў усё разам: i хату, i сад, i агарод. З першым промнем падымаўся Гном, мыўся халоднай вадой каля студні, пiў гарбату са смачным аўсяным пячэннем, а потым - падмятаў, палоў, палiваў кветкi i кусты. Так было на працягу ўсix гадоў пакуль аднойчы на хутар не прыехаў госць.
Гэта была серада. Гном толькi-толькi замест ранiшняй зарадкi палiў агрэст i дапiсваў святочнае прывiтанне сябру бабру на дзень нараджэня. Ён хацеў яшчэ падмесцi вузкую сцяжынку, як пачуў нейчыя лёгкiя крокi. На парозе хаты стаяла малая дзяўчынка ў вялiзных сонечных акулярах i з парасонам у руках. Каля яе ног быў руды чамадан. Яна адчынiла ключом дубовыя дзверы i зайшла паважна ў сенцы. Гнома дзяўчынка не заўважыла. У хаце было чутнa як разбілася шклянка, потым загрымеў цяжкім стол.
- Спакойныя дзянькі скончылiся - прамовiў Гном i пайшоу ў сад, дзе пад кустом у яго была маленькая зямлянка.

Частка другая
А ТЫ ЧАСАМ НЕ З АКАПУЛЬКI?
«Вось i скончыўся мой спакой» - уздыхнуў Гном i прысеў на засланы квятастай коўдрай ложак. Ён добра помнiў, як у адзiн вячор стары гаспадар расказаў яму, што ў вялiкiм горадзе ёсць у яго ўнучка. Такая разумная, такая шустрая ... Напэўна яе я сёння сустрэў. Пабачым цяпер, што будзе далей. Затым Гном успомнiў, што не дарабiў да канца яшчэ адну справу - не прапалоў два радкi cунiц i выйшаў зноў у сад.
У садзе было ўсё спакойна, толькi шэравухi заяц, заўважыўшы, што Гном пайшоў да
cваёй схованкi, спрабаваў сцягнуць трохi маладой морквы.
- Ну i не сорамна табе, абiбок, мог бы i папрасiць у мяне сам. Я ж табе нiколi не адмаўляў. Заёнца засаромеўся i шмыгнуў пад плот…
- На адну хвiлiну толькi пакiнуў сад, a ён ужо тут - прамовiў Гном, полячы сунiчны радок - За гэтым шэрым заўсёды прыходзiцца пiльнаваць. То ён моркву цягне, то капустку
крадзе. Шустры ён вельмi - здзiўлена прыкмецiў чалавечак.
A у хаце, тым часам, дзяўчынка растаўкла шлянку, перавярнула на падлозе палавiк, разлiла вядзерца з рэштай вады i выйшла адпачыць на ганак. Быў цудоўны поўдзень -ласкава свяцiла сонейка, туды-сюды ляталi ластаўкi i... нехта, як вожык сапеў на градках у садзе.
- Можа злодзей малiнку крадзе? - падумала дзяўчынка, ухапiла ў рукi дзiцячую рыдлёўку
i на цыпачках пайшла ў сад. Тое, што яна там убачыла, прымусіла яе спыніцца – на сунiчнай градцы працаваў маленькi чалавечак! «Гэтага не можа быць!» - хацелася усклiкнуць ёй, але дзяўчынка раптам для самой сябе прамовiла:
- Дзень добры. Мяне завуць Паўлiнка, а цябе?
Ад нечаканасцi Гном падскочыў на месцы, згубiў сваю матычку i звалiўся ў малiннiк.
- Добры дзень на прыгоды, а ты што мяне бачыш? - адказаў Гном, выглядваючы з-пад куста. A мяне клiчуць... клiч мяне Гном i сцiпла ўсмixнуўся.
Перад iм стаяла смешная дзяўчынка гадкоў можа сямі цi васьмі, са светлымi русымi коска-
мi, у джынсавым блакiтным камбiнiзоне, у зялёных гумавых боцiках i ў вялiзных сонечных акулярах.
- А ты не з Акапулькi да нас прыехала? - запытаўся Гном.
- Чаму з Акапулькi?- здзiвiлася Паўлiнка - З Мiнску я прыехала, на аўтобусе, потым па лесе пешшу ішла.
- Бачыў я ў нейкiм часопiсе, што ў гэтым сезоне вельмi модныя ў Акапульцы сонечныя
aкуляры з вялiзнымi шкельцамi, вось i вырашыў - ты прыехала з Акапулькi - І Гном у го-
лас шчыра засмяяўся. Разам з iм засмяялася i Паўлiнка:
- З Акапулькi? Якi ты смешны. А ты ведаеш дзе ёсць твая Акапулька?
- Напэўна, яна знаходзіцца пад Мiнскам? - i яны зноў прыснулі са смеху. На рогат у садзе выглянула сямейства вожыкаў:
- Усё жартуеце? А працаваць хто будзе? - i пацягнуліся ўсе разам у суседнi лясок на зiмку баравiчкi збiраць.

Частка трэцяя
УСЛЕД ЗА ВОЖЫКАМІ
- Запрашаю цябе, Паўлiнка, да сябе на гарбатку з сунiчным варэннем. Падсiлкавацца з дарогi табе вельмi патрэбна - як толькi зацiх вясёлы смех, прапанаваў Гном. - У мяне ёсць таксама i смачнае печыва, а потым ужо мы даробiм тваю справу ў хаце. Дамовiлiся?
- Якi ж ты цудоўны! - адказала дзяўчынка. - Падсiлкавацца патрэбна, мо з гэтага i валiлася ў мяне ўсё з рук, а да гарбаткi я маю смачныя цукеркi з Мiнскy.
Трашчалi сухiя трэсачкi ў агнi, паважна пыхцеў самавар. А якая смачная гарбата з духмяным сунiчным варэннем ды цукеркамi з арэшкамi. За маленькiм утульным сталом сядзела Паўлiнка, а насупраць яе маленькi чалавечак. Пад нагамi працавiта шморгалi туды-сюды садовыя мышкi, збiралi расу руплiвыя мурашы i было так цудоўна ў садзе, што нават кружылася галава. Дапiўшы гарбату з маленькага кубачка, Гном падняўся.
- Хутка ўсё збробiм разам, а потым пойдзем у лес, грыбоў у гэтым годзе столькi, што вожыкі запрасiлi дапамогi.
- А ты i вожыкаў можаш зразумець? Я хацела сказаць… вожыкаву мову – запытала Паўлiнка.
- Я ведаю мовы ўсiх лясных жыхароў i таксама хатнiх сяброў. – Сур'езна адказаў Гном.
- А мяне навучыш?
– Навучу, але спачатку прыбяромся ў хатцы.
Праз некалькi гадзiн было ўсе падмецена i ззяла чысцінёй. Свежая вада стаяла ў вядзерцы, ложак быў запраўлеы зялёнай коўдрай iдэяльна, a ўсе рэчы ляжалi на сваiх месцах: тоўсты чамадан - пад ложкам, адзенне - у шафе, а кнiгi - на палiчцы. Не сядзелi, не адпaчывалi, а хуценька нацягнулi гумовыя боты, узялi ў рукi плеценыя кошыкi i пайшлi ўслед за вожыкамi ў суседнi бярозавы лясок.
- Пiльна глядзi сабе пад ногi, у лесе - сваё жыццё i свае правiлы - павучаў сваю сяброўку маленькi чалавечак. - Мы, як на госцi сюды прыйшлi, як прыйшлi цiха, так цiха i дахаты пойдзем. Глядзi, якi я баравiк знайшоў. - i Гном наxiлiўся перад пушыстай елачкай.
- I я знайшла. Бач, якi каляровы: шапачка ўся чырвоная ў белыя кропачкi, а ножка танюсенькая, сапраўдны англійскі джэнтльмен!
- Не, Паўлiнка, гэта кепскi грыб-мухамор. Не трэба яго ў кошык класці, бо ён вельмi атрутны. Лепей нарэж жоўтых лiсiчак, яны даўно ўжо за табой паглядаюць. Вунь пабач, каля бярозкi...
Каля малодзенькай бярозкi, пад апаўшым лісцем, дзяўчынка заўважыла маленькi жоўты гузiк, потым яшчэ некалькі. Лi-сiч-кі! Самыя супольныя грыбы, бо растуць заўсёды разам i цэлымі сем'ямi. I пакуль дзяўчынка збiрала жоўтыя пахучыя грыбы ў свой кошык, Гном паспеў напоўнiць свой крэпенькiмi чорнагаловымi баравiчкамi.
Раптоўна наступiў летнi вечар, на лясной сцяжынцы з'явiлiся доўгія цёмныя ценi, у паветры запахла свежасцю. Побач прайшоў вожык са сваiмі дзеткамi. На спiнках яны неслi многа розных грыбоў, а самы маленькi нават знайшоў чырвоны яблык.
- Пойдзем i мы да хаты, Паўлiнка. Цёмна ў лесе i вiльготна, усе грыбы пахавалiся .
- Раскажаш мне, як ты назбiраў поўны кош каласавiчкоў. Я нiводнага не заўважыла ...
За лесам павольна садзiлася сонейка, а па дарожцы iшлi дзяўчынка i Гном. Здавалася, што яны даўнiя прыяцелi i вечар гэта добра ведаў, абгарнаў iх сваёй цеплынёй, як i усё наваколле.

Частка чацвёртая
ЗАЛАТЫЯ ЛЯСНЫЯ КАРАСІКІ
Сонейка марудна паднялося над хутарам. I адразу заспявалi прачнуўшыся птушкi, зашкублiся* пад печкай жвавыя мышаняты, а Паўлiнка нiяк не магла расплюшчыць свае вочы. Амаль паўдня яна хадзiла са сваім малым сябруком па лесе i шукала грыбы.
Учора ўсё было сапраўды цудоўна, але свежае лясное паветра i цiкавае вандраванне зрабiлi сваю справу - дзяўчынка спала ўсю ноч, як пшанiцу прадаўшы, вельмi, вельмi смачна i прачынацца не збiралася. Гадзiнiк прапеў дзевяць гадзiн ранiцы.
Гном падняўся, як заўжды, з першым праменьчыкам сонца, вымыў твар i рукi студзёнай вадзiцай, прайшоўся па сваёй агароднай дзялянцы, У хаце было надта цiха ...затым ён паганяў зайчанят ад маладой морквы, паказаў iм, дзе расце смачная канюшына, напiўся смачнай ячмянёвай кавы са свежым (прынеслi суседкi-ваверкi) з арэхамi караваем. Ад хаты веяла соннай цiшынёй.
- Ну i павошта, ты, малую ў лес за сабой пацягнуў? - запытаўся ўголас сам у сябе чалавечак. - Яна ж са сталiцы прыехала, дзе ёй там за паўдня дзесяць кiламетраў прайсцi-прабегчы.
- Трэба нешта рабiць, - i ён накiраваўся да студнi, дзе побач у нары, пад вялiкай яблыняй жыло сямейства руплiвых вожыкаў.
- Добрай ранiцы, сусед! Разумею, што маeш свае справы, але дапамажы мне дзяўчынку разбудзiць. Патапачыце, калi ласка, усе разам пад яe вокнамi.
Вожыкi адклалi свае справы на потым, а спраў летам яны мелi вельмi многа, i шэрым
ланцужком запыхцелi туды-сюды: адзiн, другі, трэцi раз... Нiякага выніку - цiшыня.
- Cам бачыў, сусед, тапацелi, сапелi i пыхцелi, усiх мышэй напалохалi, а малая спiць сабе.
Трэба цяпер з гарматы страляць. Выбачай, але справу за нас нiхто другi не зробiць, - i пайшлi далей грыбы сушыць, ды яблыкi з дзiчкамі на долькi рэзаць. - Праз паўтары гадзiны наступiць поўдзень.
Тады Гном завiтаў да сваёй рыжахвостай суседкi-вавёркi, якая тым часам ужо заканчвала ўладкоўваць арэхi ў каморку свайго дупла, але на прамову яго дапамагчы не адмовiла, а хуценька ўскочыла ў расчыненае акенца ў хаце, затым на ложак, – Цок,цок,цок! Прачынайся, дарагая, сонейка над лесам паднялося! Цок, цок, цок!
Расплюшчыла Паўлiнка вочы - дзень сонечны, вавёрка на ложку сядзiць, нечага на яе злуецца, цокае. Вось якая яна соня! Трэба ўставаць хутчэй. Спраў летам на хутары на ўсiх хопiць.
Тым часам чалавечак ужо дагледзiў усе свае градкi, палiў нават сунiчныя радкі i, седзячы на зэдлiку* пад кустом язмiну, чакаў, калi ж прачнецца гаспадарка хутара. На столiку побач пыхцеў самаварчык, на талерцы горкай ляжалi пернiкi, цукеркi i кавалачкi цёплага яшчэ вавёрчынага пачастунку.
- Добрай ранiцы! - прамовiла дзяўчынка i прысела побач. - Не злуйся на мяне, я не буду спаць болей так доўга.
- Добры дзень! - усмiхнуўся Гном, падлiваючы гарбату ў каляровы кубачак. - Нiчога звыкнешся. Снедай i пойдзем сёння на лясное азярцо карасiкаў на юшку лавiць. Залатых!
- Карасiкаў? Залатых? A што бывюць i такiя? А ў цябе есць спiнiнг? А чарвячкоў ужо накапаў? А прыкормку зварыў? A на што залатыя карасiкi ловяцца?

Працяг будзе
_____________________________
*зашкубіліся – развесяліліся
*зэдлік – маленькая лаўка

Постоянный адрес статьи:
Если вы заметили ошибку в статье и хотите сообщить нам об этом, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Все статьи Сергея Брандта
  • Я не зарегистрирован
  • Я зарегистрирован
  • Имя (не заполнять) Email (не заполнять) Год (не заполнять)

    Добавить комментарий

    Отправить
    Правила размещения комментария
  • Добавить комментарий

    Войти и отправить
    Правила размещения комментария