Последние комментарии

Старыя здымкі Браслава


Опубликовано:

Перад Вамі падборка старых фотаздымкаў. На іх – куточкі старога Браслава: асобныя пабудовы, месцы, панарамы. На жаль, шмат чаго ўжо няма. Калі паглядзець на тое, што прыйшло на змену, становіцца сумна. У панарамах з’явіліся “чужародныя” новабудоўлі, а старажытныя дамы выглядаюць не лепшым чынам. Але “подых” утульнага Браслава ўсё роўна адчуваецца. За гэта мы яго і любім!

1. Жылы дом для старосты

Жылы дом для старосты. Старыя фотаздымкі Браслава

Пабудаваны побач з комплексам застройкі Ю. Клоса на паўночным высокім беразе возера Дрывяты. Спраектаваў архітэктар А. Ранецкі. Працы па ўзвядзенні будынка былі завершаныя ў 1925 г. У новае памяшканне пераехаў жыць тагачасны староста Зеліслаў Янушкевіч (служыў на пасадзе з 1923 па 1933 год). У 1931 г. падчас візіту на Браслаўшчыну ў ім прыпыняўся прэзідэнт Польшчы І. Масьціцкі. Пасля ўваходжання Заходняй Беларусі ў БССР 8 сакавіка 1940 г. у ім адчынілася дашкольная установа – дзіцячы сад на 25 месцаў. У пасляваенны перыяд у будынку жыў старшыня райвыканкама П.І. Тамковіч. Некалькі дзесяцігоддзяў да 2000 г. у будынку зноў месціўся дзіцячы сад. Пасля пераабсталявання зараз тут працуе Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Браслаўскага раёна.

2. Будынак “Універмага”

Будынак «Універмага». Браслаў. Архіўныя здымкі

Быў узведзены ў 1960-я гады як самы вялікі цэнтральны магазін. У 80-90-я гады пасля будаўніцтва новай крамы перапрафіляваны ў “Дзіцячы свет”. Напачатку 2000-х гг. у ім праведзеная чарговая рэканструкцыя. Зараз універмаг складаецца з двух гандлёвых паверхаў і кафетэрыя.

3. “Спартыўны дом”

«Спартыўны дом». Браслаў. Архіўныя здымкі

“Спартыўны дом” – адміністрацыйны будынак, які ўваходзіў у праект Ю. Клоса. Быў узведзены у 1924-1926 гг. Акрамя спартыўных заняткаў, у памяшканні знаходзілася глядзельная зала са сцэнай, адбываліся канцэрты, дэманстраваліся фільмы. Побач з будынкам размяшчаліся спартыўныя пляцоўкі, тэнісны корт. У 1950-я гады будынак моцна пацярпеў падчас пажару, з таго часу яго аблічча значна змянілася. Самы значны рамонт адбыўся ў 2004 г. – будынак “апранулі” у сайдынг і накрылі металічным дахам. Зараз тут месціцца раённая бібліятэка.

4. Павятовае староства

Павятовае староства. Браслаў. Архіўныя здымкі

Павятовае староства ўзводзілася на працягу 1928-29 гг. па праекце віленскага інжынера Гірона. Яго вуглавое адносна астатніх дамоў размяшчэнне звязанае са спробай прыхаваць чыгуначнае палатно, якое ішло побач. На той час будынак лічыўся самым вялікім у Браславе і нагадваў палац. Дом складаецца з цэнтральнага і двух бакавых корпусаў. У часы Другой сусветнай вайны будынак не пацярпеў, хаця партызаны ў справаздачах рапартавалі аб падрыве варожай адміністрацыі. У 70-я гады да яго далучылі прыбудову. Перад цэнтральным фасадам спачатку былі кветнікі, стаялі помнікі І. Сталіну і У. Леніну, а зараз сфарміраваная плошча.

На працягу ўсяго часу свайго існавання у ім месцілася мясцовая адміністрацыя. Зараз у ім размешчаны Браслаўскі раённы выканаўчы камітэт.

5. Від на вуліцу Пілсудскага (сучасная вуліца Ленінская)

Від на вуліцу Пілсудскага. Браслаў. Архіўныя здымкі

Вуліца з’яўляецца самай старажытнай у Браславе і згадваецца яшчэ ў інвентары 1554 г. пад назвай Вялікая. Да нашых часоў яна і самая доўгая па адлегласці. Пасля таго, як Браслаўшчына ўвайшла ў склад Польскай дзяржавы, вуліцу перайменавалі ў гонар маршалка Юзэфа Пілсудскага. На фота сучасны будынак філіяла ОАО “Белаграпрамбанк”. Перажыўшы перабудову, будынак значна змяніўся: двусхільны дах замяніў плоскі, знікла крыльцо, была дабудаваная прыстройка.

6. Чыгуначны вакзал, 1930-я гг.

Чыгуначны вакзал. 1930-я гг. Браслаў. Архіўныя здымкі

Узнікненне чыгункі ў Браславе звязана з падзеямі Першай сусветнай вайны. Будавалі яе расійскія салдаты. Грузавыя цягнікі хадзілі па так званай ваеннай палявой паравой чыгунцы ад лініі фронта да станцыі Друя. Пасля прыходу польскай адміністрацыі яе прыстасавалі пад мірныя мэты. Побач з’явіліся склады і пакгаўзы. Своеасаблівай дамінантай стаў двухпавярховы драўляны будынак. У 1920-30-я гг. вузкакалейка мела важнае эканамічнае значэнне, ажыццяўляючы сувязь з буйнымі гарадамі. У пасляваенны час чыгунка ўжо не магла канкурыраваць з аўтатранспартам, і ў 1964 годзе яе дэмантавалі, а памяшканне ператварылася ў шматкватэрны жылы дом.

7. Гандлёвы рад каля касцёла з будынкам былога пазыка-ашчаднага таварыства

Гандлёвы рад каля касцёла з будынкам былога пазыка-ашчаднага таварыства. Браслаў. Архіўныя фотаздымкі

Гэтая частка горада асвоеная чалавекам з даўніх часоў. Першы драўляны касцёл каля Замкавай гары пабудавалі ў пачатку XV ст. Згодна з традыцыяй, рынак амаль заўсёды знаходзіўся каля культавых пабудоў і выконваў ролю цэнтра. Паводле інвентара 1554 г., на рынку ў Браславе налічвалася 19 дамоў. Ён быў асяродкам гандлю да першай паловы ХХ ст. Напрыканцы ХІХ ст. на раскрыжаванні вуліц быў пабудаваны дом, у якім размяшчаўся своеасаблівы “банк” – пазыка-ашчаднае таварыства. У пазнейшыя часы да яго зрабілі прыбудовы. У савецкі час забудова ператвораная ў шматкватэрны жылы дом, які моцна пацярпеў ад пажару у 2007 годзе. У 2013 г. яго поўнасцю дэмантавалі.

8. Від з Замкавай гары на ўсходнюю частку горада

Від з Замкавай гары на ўсходнюю частку горада. Браслаў. Архіўныя фотаздымкі

Гэты фотаздымак зроблены ў перыяд Першай сусветнай вайны. На ім мы бачым салдата расійскай арміі. У той час у Браславе дыслацыраваліся шматлікія тылавыя часці. У панараме Браслава ў пачатку ХХ ст. вылучаліся дзве манументальныя формы: каталіцкі касцёл Нараджэння Панны Марыі і праваслаўная царква Успення Прасвятой Багародзіцы, узведзеныя адначасова ў 1897 годзе. Будынкі падзяляла вуліца са шчыльнай забудовай і плошча.

9. Будынак лячэбніцы

Будынак Нарбутаўскай лячэбніцы. Браслаў. Архіўныя фотаздымкі

Будынак лячэбніцы быў узведзены у 1906 г. па праекце губернскага архітэктара А. Шпакоўскага. Актыўны удзел у падрыхтоўчых працах, будаўніцтве і абсталяванні для медыцынскіх патрэбаў прымаў славуты браслаўскі лекар Станістаў Нарбут. З 1921 па 1925 год будынкам часова карысталася павятовая адміністрацыя. Лячэбніца, вядомая пад назвай “Нарбутаўская бальніца”, дзейнічала як установа медыцынскага абслугоўвання да 1994 г. У 2006 годзе пасля значнага рамонту ў памяшканні былой лячэбніцы быў створаны Свята-Панцялеймонаў праваслаўны скіт, які пазней стаў манастыром.

10. Месца насупраць аўтастанцыі

Месца насупраць аўтастанцыі. Браслаў. Архіўныя фотаздымкі

Зараз на пагорку – сучасны комплекс Браслаўскай гімназіі. А раней тут былі прыступкі, якія вялі ад аўтастанцыі ўздоўж кляновых прасадаў уздоўж кінатэатра “Дружба” на вуліцу Савецкую. Напрыканцы 80-х гадоў на месцы былых яўрэйскіх могілак пачалі узводзіць будынак райкома камуністычнай партыі. У 1993 г. пакінуты гмах перадалі аддзелу адукацыі. Цягам некалькіх гадоў да асноўнай часткі далучылася прыбудова. Першых вучняў гімназія прыняла 1 верасня 1995 года.

11. Месца каля кінатэатра “Дружба”

Месца каля кінатэатра “Дружба”. Браслаў. Архіўныя фотаздымкі

На ускрайку сучаснай аўтастаянкі каля кінатэатра “Дружба”, які быў узведзены ў 1960-я гг., да сярэдзіны 90-х гадоў стаяў сціплы будынак крамы. Асноўную яе частку займала кнігарня, побач была крама “Хлеб”. Згодна з праектам пашырэння гімназіі, лядашчую краму знеслі.

12. Будынак былой прыватнай друкарні “Magata”

Будынак былой прыватнай друкарні “Magata”. Браслаў. Архіўныя фотаздымкі

Будынак быў узведзены у пачатку 1930-х гг. У друкарні выдаваўся мясцовы штотыднёвік, турысцкая даведкавая літаратура. Польскі паэт Юзэф Буйноўскі тут выдаў свой першы зборнік вершаў. Лічыцца, што некаторы час тут кватэраваў даследчык браслаўскай гісторыі Отан Гедэман, у гонар якога зараз на фасадзе будынка ўсталяваная памятная шыльда. З 1939 г. тут размяшчалася рэдакцыя і друкарня раённай газеты “Звязда”, пазней “Браслаўская звязда”. У 1981 г. друкарня перабралася ў новы будынак па вуліцы Садовай, а гэты перадалі пад стварэнне музея. Экспазіцыя гістарычна-краязнаўчага музея адчынілася 24 красавіка 1988 г.

13. Будынак таварыства “Рольнік”

Будынак таварыства “Рольнік”. Браслаў. Архіўныя фотаздымкі

Будынак таварыства “Рольнік”, якое дзейнічала з канца 1920-х па 1939 г., быў узведзены яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя. У гады, калі тут месцілася сялянская кааперацыя “Рольнік”, на першым паверсе была крама, на дргугім – кантора па прыёме прадукцыі. У савецкія часы тут размяшчалася адміністрацыя Райпа і спажывецкая крама, а у канцы 1990-х гг. – аддзяленне банка спажыўкааперацыі. Зараз вядзецца праца па стварэнні турыстычнага комплекса. Побач – будынак былой механічнай пякарні, якая была закладзена у 1920-я гг., а у савецкі час тут размяшчаўся Браслаўскі хлебазавод.

14. Будынак павятовага сейміка и помнік маршалку Ю. Пілсудскаму

14. Будынак павятовага сейміка и помнік маршалку Ю. Пілсудскаму. Браслаў. Архіўныя фотаздымкі

На месцы сучаснага гарадскога сквера ў 1936 годзе быў адкрыты помнік дзяржаўнаму дзеячу маршалку Юзэфу Пілсудскаму. Для гэтай падзеі была насыпана невялікая пясчаная пляцоўка, усталяваны вялікі гранітны пастамент, побач насаджана трава і кветнікі. Вялікі бронзавы бюст Ю. Пілсудскага (аўтар – скульптар Альфонс Карны) Браслаў атрымаў у дар ад Цэнтральнага інстытута фізічнага выхавання. У 1939 г. перад прыходам Чырвонай арміі бюст быў схаваны мясцовымі жыхарамі. У 2001 г. бронзавы бюст быў знойдзены ў раёне Заборных Гумнаў. На фота на заднім плане бачны будынак павятовага сейміка (канец 20-х гг. ХХ ст.). У пасляваенныя гады да яго прыбудавалі асноўны аб’ём. У будынку да 1991 г. размяшчаўся раённы камітэт Камуністычнай партыі Беларусі. Зараз гэта дзіцячая школа мастацтваў.

15. Пачатак сучаснай вуліцы Савецкай (былой 3 Мая)

Пачатак сучаснай вуліцы Савецкай (былой 3 Мая). Браслаў. Архіўныя фотаздымкі

Яна адыходзіла ад касцёла і вяла да цэнтральнай плошчы. Яна пачала забудоўвацца у 20-я гады ХХ ст., а канчаткова сфарміравалася ў перадваенны час. На заднім плане бачны будынак былой аптэкі.

16. Былая танцпляцоўка на гарадзішчы Замкавая гара

Былая танцпляцоўка на гарадзішчы Замкавая гара. Браслаў. Архіўныя фотаздымкі

У пачатку 60-х гадоў ХХ ст. на гістарычным гарадзішчы быў створаны комплекс атракцыёнаў, які ўключаў у сябе тры каруселі, танцавальную пляцоўку, альтанкі і невялікі гандлёвы павільён. У канцы 70-х комплекс прыйшоў у заняпад і быў разабраны. Засталася толькі танцпляцоўка.

17. Драўляны двухпавярховы будынак на вул. 3 мая (сучасная вул. Савецкая) недалёка ад цэнтральнай часткі Браслава. Канец 30-х гадоў ХХ ст.

Драўляны двухпавярховы будынак на вул. 3 мая (сучасная вул. Савецкая). Канец 30-х гадоў ХХ ст. Браслаў. Архіўныя фотаздымкі

Яго уладальнік – натарыус Раманус. У пасляваенныя гады да 1994 г. у ім размяшчаўся інфекцыйны корпус раённай бальніцы. Пасля планавалася стварыць музей прыроды і этнаграфіі. Зараз гэта адміністрацыйны будынак з кавярняй.

18. Від на шматпавярховую забудову Браслава

18

Від з боку возера Святцо на мікрараён які ў народзе называюць “Юдаўка”. За апошнія 20 год гэтую частку горада забудавалі шматпавярховымі дамамі.

Постоянный адрес статьи:
Если вы заметили ошибку в статье и хотите сообщить нам об этом, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Все статьи Аляксандра Панцялейкі
  • Я не зарегистрирован
  • Я зарегистрирован
  • Имя (не заполнять) Email (не заполнять) Год (не заполнять)

    Добавить комментарий

    Отправить
    Правила размещения комментария
  • Добавить комментарий

    Войти и отправить
    Правила размещения комментария