Свята Багач у Вязынцы

Студэнцкае этнаграфічнае таварыства і Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы зноў запрашаюць усіх на святкаванне Багача ў Вязынцы.

Сёлета свята адбудзецца 25 верасня, пачатак у 12.30.

У народным календары Багач прымеркаваны да заканчэння збору ўраджая (“к гэтаму часу ў кожнага ўсяго багата”) і да першага пасля лета запальвання хатняга агменю – васковай свечкі ў лубцы з жытам, якую ставяць на покуць і захоўваюць там на працягу ўсяго года для забеспячэння багацця і шчасця гаспадарам.

Асноўнай дзеяй свята з'яўляецца ссыпанне агульнага Багача, таму мы зноў просім усіх нашых гасцей захапіць з сабой па жменьцы зерня.

У праграме свята – абрад ссыпання зерня і запальвання агню, дажынкавыя і восеньскія спевы з розных рэгіёнаў Беларусі, святочныя пачастункі (хатні хлеб і мёд, хатні сыр), а таксама майстар-класы па рамёствах, дзіцячыя гульні, кухня і кірмаш, а пад вечар – традыцыйныя танцы!

Тэл.: +375 (29) 706-09-40.

ПАДРАБЯЗНАЯ ПРАГРАМА

12.00-17.00 Працуе кірмаш рамёстваў і кухня. таксама можна паглядзець экспазіцыю музея.

12.30-14.00 Урачысты пачатак свята. Дажынкавыя і восеньскія песні з розных рэгіёнаў Беларусі. Ссыпанне агульнага Багача і запальванне свячы. Пачастункі.

14.00-15.00 Майстар-класы: Наталлі Ярмалінскай па ткацтве экагабелену з раслінных матэрыялаў, Насты Шпілеўскай па пляценні тасемачак і шнурочкаў, Ганны Сілівончык па вырабу мабіляў з ягад (для дзяцей і не толькі).

(Каля канцэртнай пляцоўкі. На выпадак дажджу - у музейным будынку на гары).

14.00-17.00 Беларускія народныя танцы і інструментальная музыка.

15.30-16.30 Лекцыя Аляксея Глушко "Дух жытняга поля ў вераваннях беларусаў" (у музейным будынку на гары).

Для ўваходу на тэрыторыю музея, дзе адбудзецца свята, трэба будзе набыць музейны квіток. 

Кошт квіткоў: дарослыя – 4 руб., студэнты 3 руб., дзеці – 2 руб.

Тым самым мы з радасцю падтрымліваем дзейнасць музея!

Паглядзіце, як праходзіў Багач у мінулыя гады